Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта беларускім уладам новы палітвязень?


Судовае паседжаньне наконт прызнаньня артыкулаў Пальчыса экстрэмісцкімі

Судовае паседжаньне наконт прызнаньня артыкулаў Пальчыса экстрэмісцкімі

У чым сэнс для ўлады «справы Эдуарда Пальчыса» і магчымага зьяўленьня новага палітвязьня?

Абмяркоўваюць: Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод


Гурневіч: Для мяне абсалютна відавочна, што якраз гэтая справа мае палітычную падаплёку, таму што такія гучныя справы не адбываюцца без кіраваньня зьверху. Эдуард Пальчыс быў ужо досыць вядомай асобай, тым больш грамадзкі рэзананс вакол яго немалы, таму тут разьлік на тое, каб папалохаць іншых грамадзян. Маўляў, так, мы збліжаемся, магчыма, з Захадам, гаворым прыгожыя словы, паціскаем рукі эўрапейскім палітыкам, але мы істотна не зьмяніліся. Можам і шашкай секануць. Вядома, можна час ад часу дазволіць сабе нейкае свавольства, але ўсё пільнуецца і кантралюецца, а тым больш моцныя наезды на Расею, таму што кіраўніцтву трэба неяк паказваць любоў да Расеі. Гэта зьвязана з эканамічнымі пытаньнямі. Маўляў, мы не такія, як Украіна, нацыяналізм у нас пад каўпаком.

Экстрэміст ёсьць, 9 артыкулаў. Насамрэч, мы ведаем, якія ў Беларусі экспэртызы праводзяцца, калі нават кніжку Пазьняка пра фатаграфію прызналі экстрэмісцкай. Гэтыя артыкулы моцныя з публіцыстычнага боку, але экстрэмізмам, на маю думку, там і ня пахне.

Тут разьлік на тое, каб папалохаць іншых грамадзян. Маўляў, так, мы збліжаемся, магчыма, з Захадам, гаворым прыгожыя словы, паціскаем рукі эўрапейскім палітыкам, але мы істотна не зьмяніліся.

Калі такі ж ключ выкарыстаць адносна нейкіх публікацыяў у расейскім інтэрнэце, трэба пасадзіць за краты амаль палову Расеі, таму што там у кожнага другога такія погляды. Зрэшты, у Беларусі адкрытыя прарасейскія сайты, яны карыстаюцца падобнай формай выказваньня сваіх поглядаў, абсалютна імпэрскіх, і мы ня бачым, каб гэтых людзей лавілі, лічылі экстрэмістамі. Была нейкая справа, што кагосьці пазбавілі месца жыхарства, але чалавек з Расеі можа прыехаць у любы час, ня маючы месца жыхарства, падаць заяву, і зноў будзе яго мець. Гэта немагчыма скантраляваць. Таму Пальчыс стаў такім закладнікам, і цяпер, калі б улады хацелі гэтую справу закрыць, прыцішыць, яны б ужо гэта зрабілі. Калі атрымаецца, што празь некалькі дзён яны нешта знойдуць, усё гэта адвернуць назад, усё гэта будзе сьведчыць пра нейкую добрую волю. Пакуль нават Пальчыс ня ўдзельнічае ў гэтым працэсе! Таму, на жаль, празь некалькі дзён мы будзем мець яшчэ аднаго палітвязьня.

Глод: Для мяне галоўнае пытаньне: навошта справа Пальчыса патрэбная ўладам? Ну, піша гэты блогер у сацыяльных сетках, крытыкуе Лукашэнку, крытыкуе Пуціна. Ну дык няхай бы і працягваў пісаць. Падумаеш, сацыяльныя сеткі. Людзі, якія праводзяць там свой час, гэта ж ня нейкія актыўныя ўдзельнікі палітычных падзеяў. Напісаць нешта, паставіць лайк, гэта ж не патрабуе нават мінімальнай мужнасьці. А агульны настрой сетачнікаў спэцслужбы ведаюць — уладу там ня любяць.

Улады хочуць дэманстратыўна паказаць — мы нікога не баімся. А вось нас баяцца трэба.

Аднак не. Затрымалі ў Расеі, прывезьлі ў Беларусь, праводзяць судовы працэс. Навошта? Праз два тыдні пройдуць парлямэнцкія выбары. Пасьля іх Брусэль і Вашынгтон будуць рабіць свае высновы. Здаецца, у такіх абставінах справа Пальчыса зусім непатрэбная ўладам. Але ж, нягледзячы на гэта, яны яе раскруцілі. Чаму? А таму, я думаю, што ўлады хочуць дэманстратыўна паказаць — мы нікога не баімся. А вось нас баяцца трэба. І яшчэ раз нагадваюць пра гэта праз справу Пальчыса. Праз два тыдні тая вольніца, якая ўзьнікла ў мэдыях падчас выступаў зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, беспаваротна скончыцца. А тым, хто гэтага яшчэ не зразумеў, якраз і паказваюць наступствы праз справу Пальчыса.

Тэарэтычна зьляпіць з блогера банальнага распаўсюдніка парнаграфіі суду будзе, мабыць, складана. Але ж беларускія суды здольныя, як сьведчыць практыка, і не на такое.

Думаю, што калі б спадар Пальчыс крытыкаваў толькі Пуціна і экспансію «русского мира», то ён мог бы і не апынуцца за кратамі. Але ж ён моцна «пясочыў» самога Лукашэнку. А гэта ў беларускіх умовах нават сёньня па-ранейшаму недапушчальна.

Карбалевіч: Сапраўды, гэтая справа не да канца зразумелая. Нават калі ўлады лічаць, што там сапраўды былі экстрэмісцкія матэрыялы, то навошта такія жорсткія захады прымаюцца да Эдуарда Пальчыса? Можна было ўжыць мякчэйшыя меры. Заблякаваць сайт, аштрафаваць Пальчыса і інш. Але яго трымаюць у турме, ствараючы яму статус палітвязьня.

Беларускі рэжым трапляе ў пастку свайго ідэалягічнага канструкту. Гэты канструкт палягае ў тым, што Беларусь — выспа стабільнасьці.

Думаю, што беларускі рэжым трапляе ў пастку свайго ідэалягічнага канструкту. Гэты канструкт палягае ў тым, што Беларусь — выспа стабільнасьці, тут не існуе міжнацыянальных, міжрэлігійных канфліктаў, бо на варце парадку стаіць дзяржава, якая жорстка перапыняе ўсялякія спробы распальваць тут нейкую варажнечу. Памятаеце, як у 2008 годзе ўлады засадзілі ў турму выканаўцу абавязкаў рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова за перадрук карыкатур на прарока Мухамэда. Бурлівая дыскусія наконт гэтых карыкатур віравала ў Эўропе. І вось беларускія ўлады хацелі паказаць: тое, што магчыма ў Эўропе (друкаваньне карыкатур), немагчымае ў Беларусі, бо тут улада жорстка стаіць на варце парадку і стабільнасьці.

Думаю, цяпер адбываецца тое самае. Прычым, важна глядзець на праблему ў кантэксьце расейска-ўкраінскага канфлікту. Лёгіка такая: у суседніх краінах — Украіне, Расеі — нацыяналісты адчуваюць сябе вольна, таму гэта і прывяло да расейска-ўкраінскай вайны. У Беларусі такое немагчыма, а хто будзе гэта рабіць, таго чакае паказальнае пакараньне. Праўда, у гэтую лёгіку ня ўпісваецца тое, што судовы працэс хочуць зрабіць закрытым. Каб урок быў паказальным, ён павінен быць адкрытым.

Адначасова, думаю, гэта жэст ляяльнасьці ў бок Расеі. Расейскія мэдыі папракаюць Лукашэнку за нібыта нацыяналізм, упікаюць яму, што ён здраджвае. І гэтым працэсам улады хочуць абвергнуць гэтыя абвінавачаньні, паказаць: глядзіце, мы нацыяналістаў жорстка караем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG