Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэстаўрацыі Косаўскага палацу працуюць толькі 6 будаўнікоў


Тэрмін завяршэньня рэстаўрацыі палацу Пуслоўскіх у Косава перасунуты на нявызначаны тэрмін.

Яшчэ летась на пашпарце аб’екту адзначалася, што рэканструкцыя скончыцца ў 2015 годзе. Цяпер гэтая дата старанна замаляваная. Калі завершыцца рэстаўрацыя — невядома. Але вядома, што выдаткаваных сродкаў засталося толькі на адзін месяц працаў.

Перабоі з фінансаваньнем пачаліся ў сярэдзіне мінулага году — сродкі, якія выдзяляліся з абласнога і рэспубліканскага бюджэту, з кожным годам скарачаліся. У выніку сёньня на будоўлі працуюць толькі шэсьць чалавек. Рабочыя — а гэта мясцовыя жыхары — кажуць, што грошай практычна няма. Фінансаваньня хапае толькі на тое, каб набыць мізэрную колькасьць будаўнічых матэрыялаў, а таксама — на невялікія заробкі. Будаўнікі выходзяць на працу толькі некалькі дзён на тыдзень.

«Вось толькі гэты месяц выключэньне: працуем штодня. А так наогул было, што выходзілі на працу два разы на тыдзень, а то і раз на сем дзён. Няма грошай. Зрэшты, ва ўсёй краіне няма грошай», — кажуць будаўнікі.

Спачатку пляны рэстаўратараў былі вельмі амбітныя. Меліся пабудаваць рэстаран, гатэль, музэй, а таксама некалькі прыгожых заляў. З моманту пачатку працаў у 2008 годзе рабочыя расчысьцілі завалы ў падвалах, прыбралі каляпалацавую тэрыторыю. Але сёньня яна ізноў зарастае і патрабуе істотнага добраўпарадкаваньня, паколькі хутка разрастаецца бур’ян, на месцы сьпілаваных дрэў вырастаюць новыя.

Васіль, брыгадзір на будоўлі, кажа, што працы вядуцца згодна з патрабаваньнямі ды тэхналёгіямі XIX стагодзьдзя, калі і быў пабудаваны палац:

«Мы адсюль выцягнулі неймаверную колькасьць сьмецьця. Завалы былі жахлівыя. І скажу, што праца ня зь лёгкіх, паколькі выцягвалі ўсё ўручную. Але ў цэлым, напрыклад, вокны, мы рабілі так, як некалі было, — толькі з драўлянымі рамамі. Жалезны матэрыял у нас сапраўдны, каваны кавалямі, а ня зроблены на заводзе. Канечне, вельмі шмат што адбудоўвалі нанава. Вось, напрыклад, дах цалкам перакрывалі, пільнавалі, каб не цякла вада. Наканечнікі на даху таксама шмат дзе перакладвалі. Але многае, на шчасьце, засталося».

Унутраная левая частка палацу ўжо ў значнай частцы падрыхтаваная да аддзелачных работ. Але для іх правядзеньня патрабуюцца сродкі — а іх няма. Агулам на рэстаўрацыю выдаткавана з моманту пачатку працаў каля 30 мільярдаў рублёў. Але гэтага не хапае.

Гістарычная даведка:

Палац Пуслоўскіх у Косава, што ў Івацэвіцкім раёне, быў пабудаваны ў 1843 годзе Вандалінам Пуслоўскім паводле праекту варшаўскага архітэктара Францішка Яшчолда. Палац налічваў сотні пакояў і некалькі шыкоўных заляў.

Палацавы комплекс агулам разьмяшчаўся на 54 гектарах. Тут былі сад, аранжарэя, капліца, фантан. Падчас Першай сусьветнай вайны каштоўнасьці з палацу былі вывезеныя за мяжу. Сад і аранжарэя загінулі.

У часы Другой сусьветнай вайны ў палацы разьмяшчалася нямецкая камэндатура. А ў 1944 годзе партызаны падпалілі пусты будынак, які палаў на працягу двух тыдняў. У выніку ад велічнага палацу засталіся толькі сьцены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG