Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубанскія трактарысты рушылі на Маскву


Кардоны і інструктаж паліцэйскіх праз кожныя 10 км — ці ўбачаць фэрмэры Пуціна?

Некалькі дзясяткаў фэрмэраў і прадпрымальнікаў поўдня Расеі 21 жніўня на трактарах рушылі ў Маскву. Яны спадзяюцца даехаць да сталіцы і там сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, каб перадаць яму інфармацыю пра тысячы выпадкаў судовага самавольства, рэйдэрскіх захопаў зямлі, і злоўжываньнях уладай з боку чыноўнікаў на месцах. У Растоўскай вобласьці паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта ў Паўднёвай фэдэральнай акрузе Ўладзімір Усьцінаў сустрэўся з удзельнікамі трактарнага аўтапрабегу.

Першы раз ісьці на трактарах да Пуціна кубанскія фэрмэры вырашылі яшчэ ў сакавіку. Але тады мясцовыя чыноўнікі іх адгаварылі. Паабяцалі ўсё вырашыць, але нічога не зрабілі. У траўні некалькі арганізатараў пратэсту былі затрыманыя паліцыяй — іх суткі пратрымалі ў аддзяленьні і выпусьцілі.



Большасьць пратэстуючых — фэрмэры, у якіх буйныя аграхолдынгі і мясцовыя чыноўнікі з дапамогай сумнеўных судовых рашэньняў адабралі зямельныя надзелы.

Самі ўдзельнікі акцыі называюць сябе «ахвярамі судовага самавольства». Яны маюць намер дайсьці да Пуціна, каб расказаць яму пра тое, што дзеецца ў рэгіёнах.

Па словах сябра грамадзкай назіральнай камісіі Краснадарскага краю Вольгі Галубятнікавай, яшчэ тры гады таму іх арганізацыя сабрала 7 тысяч 800 зваротаў па фактах карупцыі ў краі. Усе яны былі разгледжаны спэцыяльнай камісіяй пры прэзыдэнце Расеі, і чыноўнікам на месцах былі дадзены канкрэтныя рэкамэндацыі па іх ліквідацыі. Але на працягу трох гадоў ніводная рэкамэндацыя, якую даў Савет пры прэзыдэнце, выкананая ня была.

Удзельнікі акцыі ўпэўненыя, што ва ўсіх іх праблемах вінаватыя чыноўнікі на месцах, якія такім чынам кампрамэтуюць прэзыдэнта.

Пратэстоўцы маюць намер за шэсьць дзён дабрацца да сталіцы Расеі, калі, вядома, іх ня будуць так часта спыняць для праверкі дакумэнтаў.

На наступны дзень прабегу да гатэля, дзе пратэстоўцы вырашылі адпачыць, былі сьцягнутыя некалькі дзясяткаў паліцэйскіх. На перамовы з удзельнікамі аўтапрабегу прыехаў паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Ўладзімір Усьцінаў. Але перамовы скончыліся нічым: Усьцінаў даводзіў фэрмэрам, што судовая ўлада Пуціну не падпарадкоўваецца, так што і ехаць да яго няма чаго.



За ноч удзельнікі аўтапрабегу прайшлі 250 кілямэтраў. Па словах удзельнікаў акцыі, праз кожныя 10-12 кілямэтраў іх спынялі дарожныя інспэктары, правяралі пасьведчаньні, праводзілі інструктаж аб тым, як паводзіць сябе на ажыўленых участках трасы.



На мяжы Краснадарскага краю і Растоўскай вобласьці ў іх забралі дакумэнты і адмовіліся аддаваць. У адказ пратэстоўцы на некалькі хвілін перакрылі трасу М-4 Дон.

Цяпер удзельнікі трактарнага прабегу адпачываюць за 30 км ад Растова-на- Доне, а пазьней маюць намер працягнуць свой шлях на Маскву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG