Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія перамогі і паразы ў Рыё


Беларуская каманда ў Бразыліі. Ілюстрацыйнае фота з інстаграму Кацярыны Сныцінай

Беларуская каманда ў Бразыліі. Ілюстрацыйнае фота з інстаграму Кацярыны Сныцінай

Як варта ацаніць вынікі выступу беларусаў на Алімпіядзе?

Цыганкоў: Перш за ўсё, варта варта адзначыць, што паводле колькасных вынікаў гэта найгоршы выступ беларускіх спартоўцаў на Алімпіядах у гісторыі незалежнай Беларусі. У 1992 годзе Беларусь выступала ў складзе аб’яднанай каманды СНД, а пасьля гэтага ўжо — асобнай камандай. І вынікі былі наступнымі: 1996 год — 15 мэдалёў, 1 залатая, 2000 — 17 (3), 2004 — 13 (2), 2008 — 18 (4), 2012 — 12 (2). На гэтай Алімпіядзе беларусы, нагадаю, выйгралі 9 мэдалёў, зь іх толькі адна залатая.


Як бачым, апошнія тры Алімпіяды назіраецца пэўная заканамернасьць, пагаршэньне вынікаў беларускай каманды. Вядома, трэба таксама ўлічыць, што беларуская мужчынская зборная па байдарках і каноэ была не дапушчаная да Алімпіяды з-за допінгавага скандалу.

У чым прычына такога ня самага лепшага выступу — не будзем ужываць слова «правал»? Я б адзначыў перш за ўсё незвычайную колькасьць скандалаў, якія суправаджалі беларускіх спартоўцаў. Аляксандра Герасіменя заяўляла пра нездаровую атмасфэру ў камандзе плыўцоў, пра кепскія адносіны паміж спартоўцамі і трэнэрам.

Дзяржава ўжо ня можа аказваць такую ўвагу спорту, як гэта было ў залатыя нулявыя — невыпадкова 2000, 2004 і 2008 гады сталі найлепшымі ў гісторыі беларускага спорту на Алімпіядзе

Раварыст Кіріенка, які быў сьцяганосцам беларускай зборнай, заявіў, што Алімпіяда гэта ўвогуле ня той турнір, які яго моцна цікавіць. Прывяду яшчэ адзін вельмі скандальны, на маю думку, эпізод, які не прыцягнуў увагу шырокай публікі. Чэмпіёнам Алімпіяды ў сучасным пяцібор’і стаў прадстаўнік Расеі Аляксандар Лясун. Гэта былы беларускі спартовец, які нарадзіўся ў Барысаве і да 2008 года выступаў за Беларусь. У ранейшых інтэрвію ён расказваў, што яго са зборнай Беларусі выгналі. «Справа была ў грашах — галоўны трэнэр зборнай не хацеў іх губляць і проста не дапускаў у каманду спартоўца, які займаўся ў іншага настаўніка» — заяўляў Лясун.

Такія інтэрвію трошкі раскрываюць прычыны таго, што адбываецца ў беларускім спорце, і магчыма, чаму адбываюцца такія няўдачы, якія зараз выразіліся ў гэтым мэдальным заліку ў Рыё. Ну а агулам магчыма і подых эканамічнага крызысу ўплывае. Відавочна, што дзяржава ўжо ня можа аказваць такую ўвагу спорту, як гэта было ў залатыя нулявыя — невыпадкова 2000, 2004 і 2008 гады сталі найлепшымі ў гісторыі беларускага спорту на Алімпіядзе. Цяпер і прыярытэты іншыя, і не хапае фінансаваньня. Таму такі вынік можна прызнаць заканамерным.

На жаночым гімнастычным турніры Беларусь прадстаўляе спартоўка са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Кажуць, што яна ніколі так і не прыяжджала ў Беларусь

Глод: Я думаю, як вышэйшае спартовае чынавенства будзе апраўдвацца за няўдачы ў Рыё. Канечне, найперш будуць казаць пра змову супраць Беларусі: маўляў, не дапусьцілі да старту весьляроў, якія звычайна даюць шмат мэдалёў, пра кідальнікаў і штурхальнікаў у лёгкай атлетыцы і г.д. Такія апраўданьні патрэбныя, каб захаваць пасады, адвесьці ад сябе хвалю прэзыдэнцкага гневу, які гэтым разам супадае з настроем заўзятараў.

Але ж аб’ектыўна трэба казаць пра іншае. І найперш, пра тое, што Беларусь губляе свае славутыя спартовыя школы, якімі яна вызначалася яшчэ ў гады СССР, калі патрапіць на Алімпіяду было значна цяжэй, чым у гады сувэрэнітэту. Гэта тычыцца найперш спартовай гімнастыкі і фэхтаваньня. Што цяпер адбываецца? На жаночым гімнастычным турніры Беларусь прадстаўляе спартоўка са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Кажуць, што яна ніколі так і не прыяжджала ў Беларусь. А вынік яе выступу курам на сьмех — 58-е месца з 57 удзельніц.

Былі ў Беларусі і добра вядомыя школы барацьбы: клясычнай, альбо як яе цяпер называць, грэка-рымскай, і вольнай. Былі свае чэмпіёны. А зараз уся беларуская каманда «вольнікаў» — гэта выхаванцы школы з Дагэстану. І чаго зьдзіўляцца, калі барэц Ібрагім Саідаў, які прынёс Беларусі бронзавы мэдаль, кінуўся не да беларускіх спэцыялістаў, а да людзей, якія былі апранутыя ў форму з надпісам «Russia».

Канечне, Алімпійскія гульні ў Рыё сталі найлепшымі ў барацьбе з допінгам. Сьмешна было чуць камэнтары беларускіх спартовых журналістаў з Бразыліі: весьляроў несправядліва не дапусьцілі да стартаў, як жа несправядліва, калі паліцыя знаходзіць чамадан з допінгавымі сродкамі ў беларускага трэнэра?

На эмоцыях часам можна сказаць усё, што заўгодна. Вось міністар спорту Віталь Мутко прыгразіў спыніць фінансаваньне Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, калі Расейскае антыдопінгавае агенцтва ня будзе адноўленае ў правах. Але ж непасрэдныя падначаленыя спадара Мутко абвінавачваюцца ў стварэньні дзяржаўнай сыстэмы допінгу ў Расеі і адхіленыя ад сваіх пасадаў да заканчэньня расьсьледаваньня.

Ад таго, што ад Алімпіяды ў Рыё адхілілі міністра Віталя Мутко, — ня прайграў ніхто. Ад таго, што адхілілі славутую Алену Ісынбаеву, прайграў увесь сьвет спорту

А як ацаніць заяву памочніка прэзыдэнта Лукашэнкі Максіма Рыжанкова?! Вось што ён сказаў пра выступ Марыны Арзамасавай, якая заняла сёмае месца на дыстанцыі 800 мэтраў: «Хацелася б падзякаваць і Арзамасавай. Вы цудоўна ведаеце гэтую тэму: на п’едэстале тры спартоўцы незразумелай гендэрнай прыналежнасьці... Але бачыць, як фактычна мужык апярэджвае дзяўчынак і атрымлівае мэдаль... У рамкі нашага разуменьня сьвету такі стан спраў не занадта ўпісваецца».

Такія заявы недапушчальныя ў сучасным сьвеце. Тым больш, што Максім Рыжанкоў па адукацыі дыплямат і пэўны час працаваў намесьнікам амбасадара Беларусі ў Польшчы. За такія заявы яго могуць адхіліць ад допуску на наступную Алімпіяду. Ведаеце, вельмі слушна напісаў пра такіх чыноўнікаў адзін наш расейскі калега: «Нашым чыноўнікам час прыгадаць, што не яны галоўныя ў спартовым сьвеце. Ад таго, што ад Алімпіяды ў Рыё адхілілі міністра Віталя Мутко, — ня прайграў ніхто. Ад таго, што адхілілі славутую Алену Ісынбаеву, прайграў увесь сьвет спорту».

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на адну асаблівасьць, якая мне падалася важнай у палітычным сэнсе. Як мы ведаем, значная частка расейскай зборнай была адхіленая з-за вядомага допінгавага скандалу. У Беларусі была адхіленая фактычна каманда толькі па адным відзе спорту. Але ў Расеі адхіленьне яе спартоўцаў выклікала чарговую хвалю абурэньня, заяваў, што Расею дыскрымінуюць, зь ёй вядуць вайну, ледзь не 22 чэрвеня 1941 году.

Цяперашнія заявы беларускіх спартовых чыноўнікаў, акрамя ўсяго іншага — ад роспачы ад таго, што іх чакае

У Беларусі тон падобных заяваў быў значна больш спакойны. Так, беларускія спартовыя журналісты скардзіліся і ў Рыё, што нашу каманду адхілілі, былі, здаецца, заявы і чыноўнікаў, але нічога падобнага на расейскую рэакцыю не было. Ну адхілілі і адхілілі, кепска, але такія правілы сьвету, мы іх прымаем і падпарадкоўваемся. І тут пэўнае адрозьненьне прынамсі ў акцэнтах у афіцыйных Менску і Масквы было. У Расеі яшчэ адзін фронт вайны адкрыўся — з антыдопінгавым агенцтвам, ну а Беларусь, як і ў сытуацыі з Украінай, крышачку ўбаку трымаецца ад гэтага канфлікту.

Відаць, цяперашнія заявы беларускіх спартовых чыноўнікаў, акрамя ўсяго іншага — ад роспачы ад таго, што іх чакае. Я не выключаю, што арганізацыйныя высновы будуць зробленыя, асабліва на фоне таго, што ёсьць пэўная тэндэнцыя, трэнд, ужо на працягу дзьвюх Алімпіяд колькасьць перамогаў зьніжаецца. Нехта ж павінен быць у гэтым вінаваты. Значыць, будуць адпаведныя высновы, прычым гэта сапраўды той выпадак, калі спартовыя заўзятары будуць салідарныя з уладай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG