Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Я не хачу навінаў Разані, Тагіла і Масквы» — Лабадзенка змагаецца з каналам «Россия 24» на запраўках «United Company»


Журналіст і каардынатар моўных курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай паспрыяць беларусізацыі тэлеэфіру на запраўках кампаніі «United Company», а да сяброў і знаёмых — з патрабаваньнем байкатаваць гэтую сетку.

Прычынай стала адмова супрацоўніка дадзенай запраўкі пад Стоўбцамі пераключыць канал «Россия 24».

Пра гэта Лабадзенка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, Лабадзенка прасіў замест «Россия 24» уключыць любы беларускі тэлеканал.

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Я зьвярнуўся да дырэктара аўтазапраўкі, якая разьмяшчаецца пад Стоўбцамі, з просьбай патлумачыць дзеяньні супрацоўнікаў. Дырэктар Віталь Вітальевіч Кулак пацьвердзіў, што ёсьць загад кіраўніцтва не пераключаць канал «Россия 24», каб на запраўцы ішоў толькі ён. Прычыну такога рашэньня ён уцямна патлумачыць ня змог. Сказаў, «мы так вырашылі, бо на гэтым канале людзі найпаўней дазнаюцца навіны з усяго сьвету», — распавёў Лабадзенка.

Ён лічыць, што «гэта ў нашых сілах — патрабаваць, каб у публічных месцах не ўключалі расейскія каналы».

«І нават калі запраўкі маюць права самастойна вырашаць, што паказваць наведнікам, мы можам, па-першае, ціснуць псыхалягічна. Маўляў, навошта мне навіны Разані, Тагіла і Масквы? Я хачу ведаць навіны Лельчыц, Менску і Глыбокага. Гэта ня значыць, што я так моцна люблю беларускія тэлеканалы, але гэта дакладна значыць, што я вельмі не люблю расейскія. Па-другое, мы можам дзейнічаць эканамічна. Я напісаў некалькі пастоў пра запраўку „United Company“ — сотні лайкаў, дзясяткі перапостаў. Я заклікаў сваіх сяброў не карыстацца паслугамі гэтай запраўкі — і перакананы, што тыя, хто ня хоча глядзець расейскі канал, туды не паедуць запраўляцца», — сказаў Лабадзенка ў камэнтары Свабодзе.

У цэнтральным офісе кампаніі таксама не камэнтуюць сытуацыю, просяць накіраваць пісьмовы запыт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG