Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для стварэньня гібрыдных пагроз, — даклад аналітычнага цэнтру


Расея хоча ператварыць Беларусь у «шэрую зону», якая будзе крыніцай пагроз бясьпекі і стабільнасьці краінам Захаду і Ўкраіне. Гэта можа абярнуцца стратай сувэрэнітэту і нацыянальнай катастрофай для беларускага народу.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Цэнтра стратэгічных і палітычных дасьледаваньняў «Беларусь у кантэксьце супрацьстаяньня Расія-НАТО: Пагрозы і выклікі для сувэрэнітэту, незалежнасьці і нацыянальнай бясьпекі. Стратэгічныя высновы і рэкамэндацыі ». Аўтарамі дакладу зьяўляюцца кіраўнікі арганізацыі Арсень Сівіцкі і Юры Царык, якія лічацца ляяльнымі ўладам аналітыкамі.

Аналітыкі ў сваім дакладзе адзначаюцца беспрэцэдэнтны ціск на Беларусь з боку Расеі, што зьвязана з імкненьнем Крамля ўцягнуць Беларусь у супрацьстаяньне з краінамі Захаду. Стратэгічнай мэтай дадзенай палітыкі зьяўляецца дэзінтэграцыя і паслабленьне ЭЗ і НАТО.

«Дзеяньні расейскага боку ў адносінах да Рэспублікі Беларусь будуць мець комплексны характар і ўключаць увесь спэктар мер ад прамога ваеннага ўварваньня і дыпляматычнага ціску да подкупу службовых асоб і інсьпіраваньне масавых беспарадкаў. Вынікам дадзеных дзеяньняў павінна стаць рэзкае зьмяненьне статусу тэрыторыі Беларусі і ператварэньне яе ў ачаг канфліктнасьці, крыніцу рызык і пагроз для бліжэйшых дзяржаў. З сувэрэннай дзяржавы Беларусь павінна ператварыцца ў „шэрую зону“ — тэрыторыю, на якую і праз якую Расейская Фэдэрацыя будзе праецыраваць сілу і кіраваць канфліктнай дынамікай у рэгіёне», — сьцьвярджаюць экспэрты.

У дакладзе адзначаецца, што разьмяшчэньне расейскіх войскаў на беларуская мяжы ажыцьцяўляецца такім чынам, каб забясьпечыць рашэньне задач Крамля ў Беларусі ў кароткі прамежак часу: «У выпадку недзеяздольнасьці Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і ваеннага кіраўніцтва ў цэлым расейскія войскі будуць мець магчымасьць імкліва паставіць пад свой кантроль крытычна важныя аб’екты на большай частцы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

«Крэмль мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для стварэньня канвэнцыянальных і гібрыдных пагроз для заходніх краін і Украіны.... Па-за ўсякім сумневам, стварэньне такой „шэрай зоны“ на тэрыторыі Беларусі паскорыць разбурэньне існуючай архітэктуры міжнароднай бясьпекі, а для народа Беларусі абернецца нацыянальнай катастрофай», — сьцьвярджаюць Сівіцкі і Царык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG