Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Ільлі Новікава адмовілася гуляць у «Што? Дзе? Калі?» безь яго


У вясновых гульнях «Што? Дзе? Калі?» не прымаў удзел двухразовы ўладальнік «Крыштальнай савы» Ільля Новікаў. Генэральны прадусар і вядучы тэлепраграмы Барыс Крук у інтэрвію выданьню «МК» сказаў, што Новікаў павінен быў выбраць, што для яго важней — гульня ці абарона Надзеі Саўчанкі.

Адвакат Ільля Новікаў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што, калі браўся за справу ўкраінкі Надзеі Саўчанкі, разумеў усе рызыкі і непазьбежнасьць выбару паміж удзелам у тэлевізійнай гульні, якая выходзіць у эфір на Першым канале, і працай. Тым больш калі пасьля пачатку расейска-украінскага канфлікту адвакат узяўся абараняць адну з самых вядомых на той момант зьняволеных, Надзею Саўчанку.

— Калі пачалася гэтая гісторыя? Вас жа ня ўчора папрасілі сысьці з «Што? Дзе? Калі?»?

— Гісторыя пачалася ў ліпені 2014 году. І першае, што я зрабіў, калі падпісаўся абараняць Надзею Саўчанку, патэлефанаваў прадусарам перадачы і сказаў, што бяру справу, якая будзе праблемнай, скандальнай, і, цалкам магчыма, будуць непрыемнасьці. Я сам прапанаваў сысьці ў любы момант, каб не падстаўляць добрую перадачу пад удар. Мне сказалі, што гэтага зусім ня трэба. Праграма існуе столькі гадоў — перажыла савецкае Дзяржтэлерадыё, 70-я гады, 90-я... І ў апошнюю чаргу я б хацеў, каб з-за маёй працы ў яе былі нейкія непрыемнасьці. У выніку першыя 1,5 гады, да вясны 2016-га, фактычна быў такі «віслы» статус-кво, гэта значыць усе рабілі выгляд, што адвакат Новікаў — гэта адно, а той чалавек у матылі Новікаў — гэта крыху іншае. Але да лютага 2016 году, калі справа Саўчанкі выйшла на фінішную прамую, калі яна была ў навінах ужо кожны дзень, а мне давялося рабіць даволі рэзкія заявы з нагоды расейскіх уладаў, асабіста з нагоды Пуціна, усю гэтую сытуацыю пакідаць стала ўжо немагчыма. І рэдакцыі, прадусарам прыйшлося перайграць свае пляны на год, на сэзон. Ім давялося замяніць усю маю каманду цалкам, таму што мая каманда не захацела сядаць за стол безь мяне, за што ім асобны дзякуй. У цэлым, з пункту гледжаньня нашай унутранай кухні сытуацыя не канфліктная, але яна канфліктная, безумоўна, калі браць яе ў кантэксьце ўсяго, што адбываецца ў Расеі. Таму што я выдатна разумею, у якіх умовах існуе праграма на Першым канале. І ў мяне з гэтай нагоды прэтэнзій няма да кіраўнікоў тэлегульні. У мяне ёсьць прэтэнзіі да людзей, якія стварылі ў краіне такую атмасфэру, што даводзіцца, што называецца, азірацца, як бы не было якой крамолы. Але ў рамках гэтай сыстэмы, вядома, выжываньне гэтай выдатнай гульні, якая ўжо 41-ы год выходзіць у эфір, значна больш прынцыповае і важнае пытаньне, чым мой удзел ці няўдзел.

— На сваёй старонцы ў сетцы «Фэйсбук» вы папрасілі, каб ваша каманда вярнулася бяз вас у гульню. Хто-небудзь з членаў клюбу «Што? Дзе? Калі?» адкрыта выступіў у вашу падтрымку?

У мяне няма прэтэнзій да кіраўнікоў тэлегульні. У мяне ёсьць прэтэнзіі да людзей, якія стварылі ў краіне такую атмасфэру.

— Тут наогул няма паняцьця адкрытасьці. Я, шчыра кажучы, ня ўпэўнены, што добра, што гэтая гісторыя вылезла на паверхню. Разумееце, у мяне ж няма задачы — качаць правы, спрачацца і нешта даказваць. Я выдатна разумею, што ў людзей, якія добра ставяцца да мяне, якія да апошняга стараліся, каб сытуацыя ня выйшла з-пад кантролю, не было іншага выйсьця. Што тычыцца маёй каманды, то, вядома, было б выдатна, калі б яны вярнуліся. Таму што збольшага гэта такое сямейнае шоў, дзе людзі (я маю на ўвазе гледачы) прывыклі з году ў год бачыць знаёмыя твары. І калі зьнікае раптоўна цэлая каманда, што дагэтуль гуляла вельмі пасьпяхова, гэта пэўная страта. Я ня ўпэўнены, што нейкія маральныя аспэкты гэтай гісторыі павінны перашкаджаць каму-небудзь з гэтых выдатных рабят гуляць і атрымліваць ад гэтага задавальненьне.

— Справа Надзеі Саўчанкі скончылася, але цяпер вы абараняеце яшчэ чатырох грамадзян Украіны — Мікалая Карпюка, Станіслава Клыха, Аляксея Чэрнія і Валянціна Выгоўскага. У цяперашняй сытуацыі важна тое, што гэта грамадзяне Ўкраіны? І калі б вы абаранялі, напрыклад, расейскіх апазыцыянэраў, ці дайшла б сытуацыя да такой жа кропкі?

— Я ня ведаю, што было б, калі б. Я выдатна разумеў, што ўдзел у такіх вострых справах несумяшчальны з рэгулярным зьяўленьнем на Першым дзяржаўным канале. Гэта было зразумела. Дайшло б да такой кропкі ці не дайшло — я ня ведаю. Проста цяпер такая абстаноўка, такія ўмовы. У нас іншых умоў няма.

— На ваш погляд, калі б быў жывы Ўладзімір Якаўлевіч Варашылаў (заснавальнік і шматгадовы вядучы праграмы), ён заступіўся б за вас?

Калі з кожнага праса ў навінах гучыць, што Саўчанка забойца, а чалавек, які абараняе яе, тут жа, разумны прадусар ня мае права рызыкаваць праграмай.

— Гэта ня нейкая гісторыя пра тое, што на Першым канале сядзяць нейкія Карабасы- Барабасы, якім абы неяк укусіць каго-небудзь са сваіх актораў. Проста ёсьць мяжа, за якую заступаць ужо немагчыма. Калі з кожнага праса ў навінах гучыць, што Саўчанка забойца, а чалавек, які абараняе яе, тут жа, гэта проста перавышае тыя дзеяньні, на якія разумны прадусар, жадаючы захаваць ня проста нейкае шоў, якое сёньня адкрылася, а заўтра зачынілася, а перадачу з 40-гадовай гісторыяй, — проста ня мае права.

— За 14 гадоў удзелу ў «Што? Дзе? Калі?» у вас зьявіліся ў гэтым клюбе блізкія сябры? Якая была іх рэакцыя на ваша рашэньне абараняць Саўчанку?

— Я ня страціў ніводнага сябра з-за гэтай гісторыі. Людзі, вядома, там зьбіраюцца недурныя, у асноўным, якія разумеюць. Да чаго ўсё гэта ідзе — было зразумела. Было незразумела, калі лопне. Але вось лопнула ў выніку падчас суду. Магло лопнуць раней, таму што справа Саўчанкі была канфліктнай першапачаткова. Ад самага пачатку было зразумела, што расейскія ўлады рыхтуюць паказальны суд, што да таго ўсё ідзе. І ўявіць сабе, што гэта застанецца ў такім выглядзе і пасьля паказальнага суду, падчас паказальнага суду, было немагчыма.

— Разглядаеце вы для сябе магчымасьць пры нейкіх іншых умовах вярнуцца ў «Што? Дзе? Калі?»

— Чаму не? Часы мяняюцца. Што будзе праз год, праз два, праз тры, празь дзесяць гадоў з Расеяй, з тэлебачаньнем, са мной, з гэтай гульнёй — ніхто ня ведае. Паглядзім. Пажывём — пабачым, — сказаў у гутарцы з Радыё Свабода адвакат Ільля Новікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG