Гадзінны канцэрт Лявона Вольскага меўся адбыцца 19 жніўня ў межах конкурсу «Засьпявай 3.0» на летняй тэрасе кавярні «Chill out» на плошчы Свабоды ў Менску.
Аднак у апошні момант уладальнікі кавярні паведамілі, што ў іх сёньня санітарны дзень. Арганізатары мусілі тэрмінова шукаць іншую пляцоўку і накіроўваць туды ўладальнікаў квіткоў.
Адзін з арганізатараў канцэрту Сяргей Будкін сказаў: улічваючы тое, як раней забараняліся канцэрты з удзелам Вольскага, да гэтага падключыліся чыноўнікі гарадзкіх уладаў.
«Гэта зроблена, верагодна, з-за пазыцыі артыста, якому не аднойчы забаранялі канцэрты, А таксама, магчыма, з-за таго, што чыноўнікі спрабуюць „аджаць“ шоў-бізнэс ад незалежных прадусараў і арганізатараў».
Раней на сайце tuzin.fm паведамлялася, што на выступ Вольскага на канцэрце «Засьпявай 3.0» менскія ўлады выдалі гастрольнае пасьведчаньне.