Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Крымам — спакойна, на Данбасе — пагроза паветранага тэрарызму


Нэўтральная зона на памежным пункце Чангар

Нэўтральная зона на памежным пункце Чангар

Дзяржаўная памежная служба Украіны заяўляе, што ўсе тры пункты пропуску на адміністрацыйнай мяжы з Крымам — «Чангар», «Чаплынка» і «Каланчак» — працуюць у штатным рэжыме.

Паводле сьпікера памежнікаў Алега Слабадзяна, пераважна мяжу перасякаюць украінцы, якія выяжджаюць з Крыму. У крымскім накірунку толькі ў Чангары ёсьць невялікая чарга з 14 аўтамабіляў.

Разам з тым вайсковая выведка Ўкраіны заяўляе пра павелічэньне пагрозы паветранага тэрарызму над тэрыторыяй Данбасу.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі зьвязвае гэткую небясьпеку з атрыманай інфармацыяй пра перамяшчэньне з Расеі на Данбас зэнітна-ракетнага дывізіёну са складу 60-й асобнай мотастралковай брыгады, што дысьлякуецца ў населеным пункце Манастырышча Прыморскага краю.

«Вайсковая выведка Ўкраіны ўстанавіла, што зэнітна-ракетны дывізіён 60-й асобнай мотастралковай брыгады налічвае ў сваім складзе 168 чалавек, 21 адзінку баявой тэхнікі і 30 аўтамабіляў. Асабісты склад дывізіёну — выключна афіцэры і вайскоўцы па кантракце», — паведаміў прадстаўнік украінскай выведкі.

Паводле Вадзіма Скібіцкага, на ўзбраеньні гэтага дывізіёну знаходзяцца звышсучасныя магутныя комплексы супрацьпаветранай абароны ТОР-М2, ня менш эфэктыўныя пры баявым выкарыстаньні, чым зэнітна-ракетны комплекс «Бук», зь якога быў зьбіты малайзійскі самалёт Boeing 777.

На мінулым тыдні з прычыны абвастрэньня сытуацыі на адміністрацыйнай мяжы з Крымам і ў раёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла «чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай пагрозы для Данецкай, Луганскай абласьцей і Крыму, і «жоўты» для Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Херсонскай і Чарнігаўскай абласьцей.

У адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам «чырвоны» ўзровень азначае рэальную пагрозу, а «жоўты» — імаверную. У абодвух выпадках можа быць арганізаваная эвакуацыя грамадзян зь месцаў магчымых тэрарыстычных замахаў і разгорнутыя пункты часовага разьмяшчэньня людзей, эвакуаваных зь месца ўчыненьня тэрарыстычнага акту.

Улады Ўкраіны заклікалі грамадзянаў устрымацца ад наведаньня Крыму бяз вострай неабходнасьці, а на ўсіх памежных прапускных пунктах уведзены ўзмоцнены рэжым кантролю.

XS
SM
MD
LG