Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка павялічвае кошт праезду па Расеі на 3-8%


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Зь 15 жніўня кошт праезду па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі павялічыцца ў сярэднім на 3-8%, у залежнасьці ад адлегласьці шляху і катэгорыі вагонаў, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка (БЧ) тлумачыць такое рашэньне тым, што ААТ «Расейскія чыгункі» павышаюць міжнародныя тарыфы на праезд пасажыраў у накірунку Беларусі.

Напрыканцы мінулага году БЧ накіроўвала ў Расею прапановы аб зьніжэньні ў 2016 годзе кошту квіткоў, паведаміў 1 сьнежня на брыфінгу ў Менску першы намесьнік начальніка пасажырскай службы ўпраўленьня Беларускай чыгункі Андрэй Кашко. Ён растлумачыў, што кошт квіткоў у міжнародных зносінах прывязаны да тарыфнай валюты (швайцарскага франку).

«З улікам эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі і Расеі, мы робім сумесныя крокі для зьніжэньня кошту квіткоў для пасажыраў, у прыватнасьці, каэфіцыентаў індэксацыі да базавых ставак тарыфаў. Чарговыя нашы прапановы накіраваныя ў Расею для разгляду, — адзначыў Кашко. — Будзем чакаць, што нам адкажуць нашы расейскія калегі па гэтым пытаньні. Мы захавалі базавыя тарыфы 2015 году на 2016 год. Будзем па магчымасьці стрымліваць рост тарыфаў, зьвязаны з эканамічнымі праблемамі».

Што тычыцца коштаў на перавозкі ўнутры краіны, то, як адзначыў прадстаўнік БЧ, «усталёўваць кошты — гэта кампэтэнцыя не БЧ, а Мінэканомікі». «Урад прыме рашэньне альбо пра рост тарыфаў, альбо пра стабілізацыю на ранейшым узроўні», — сказаў ён.

Для параўнаньня: кошт квітка ў купэйным вагоне фірмовага цягніка Менск — Масква № 002Б — 192,97 рубля, у спальным вагоне — 380,84 рубля. У пляцкарце даехаць да Масквы можна за 80 — 90 рублёў.

Даляцець да Масквы рэйсам Белавія каштуе ад 136 да 145 дэнамінаваных беларускіх рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG