Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адчыняюцца дзьве беларускія клясы. ТБМ агітуе аддаваць туды дзяцей


Абвестка пра набор у беларускія клясы

Абвестка пра набор у беларускія клясы

У Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы заклікаюць гараджан аддаваць дзяцей у беларускія клясы. У горадзе зьявіліся ўлёткі, у якіх пазначана, што сёлета ў абласным цэнтры набіраюць дзьве першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня.

10 жніўня, у першы дзень сваёй агітацыйнай кампаніі, рупліўцы беларушчыны распаўсюджвалі абвесткі ў цэнтры гораду на інфармацыйных дошках ля пад’ездаў.

«Беларуская мова, як і іншыя мовы, мае права на жыцьцё, а без выкарыстаньня ў адукацыі ніякага паўнавартаснага жыцьця беларускай мовы ня будзе», — зазначыў адзін з удзельнікаў агітацыйнай акцыі магілёўскі літаратар Аляксей Карпенка.

«У Магілёве многія ня ведаюць пра намер адкрыць беларускія клясы, але хацелі б аддаць дзяцей у беларускую школу, — дадае ён. — Многія ня ведаюць, дзе яны будуць. Ад нашай працы будзе плён, бо ёсьць людзі, якія хочуць, каб дзеці вучыліся па-беларуску, але думаюць, што ўлады гэтага не дазваляюць. Але гэта ня так. Інфармацыі ня маюць, не даходзіць да іх».

Аляксей Карпенка зь сяброўкай заклікаюць аддаваць дзяцей у беларускія клясы

Аляксей Карпенка зь сяброўкай заклікаюць аддаваць дзяцей у беларускія клясы

Старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў пагаджаецца, што такога кшталту агітацыя за беларускае школьніцтва прымітыўная і зьняважлівая. На ягоную думку, агітаваць мусяць па тэлебачаньні, у газэтах, у гутарках з бацькамі, а не праз улёткі. Але актывістам застаецца толькі расклейваць улёткі са спадзевам, што нехта прачытае іх і наважыцца аддаць дзіця ў беларускі кляс.

«На жаль, у Беларусі беларусы пачуваюць сябе не гаспадарамі, а гасьцямі. Гэтак было за савецкім часам, гэтак і на працягу апошніх дваццаці гадоў. Большасьць беларусаў нават не ўсьведамляюць, што яны не гаспадары ў сваёй краіне», — кажа Алег Дзьячкоў.

«Заняпад пачаўся зь беларускай мовы, беларускай духоўнасьці. Некаторыя нават зласловілі, што гэтак і трэба БНФ-аўцам. Цяпер справа дайшла да крызісу ў эканоміцы. Пачалі нават казаць пра пагрозу дзяржаўнасьці. А што тычыцца Магілёўшчыны, то тут асабліва не выпадае казаць пра станоўчыя тэндэнцыі. Пра тое кажа нават кіраўнік дзяржавы», — даводзіць актывіст.

Першыя чытачы ўлётак актывістаў

Першыя чытачы ўлётак актывістаў

Інцыдэнтаў зь міліцыяй за час акцыі ў актывістаў ТБМ не было.

***

У Магілёве сёлета на базе дзьвюх школ набіраюць першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня. Першаклясьнікаў гатовыя прыняць сярэдняя школа № 1 — у цэнтры гораду і № 34 — у магілёўскім Задняпроўі.

Дырэктар школы № 34 Ігар Якіменка лічыць, што пэрспэктывы ў адраджэньні беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве ёсьць.

Алег Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

Абвесткі пра набор беларускамоўных першаклясьнікаў разава зьявіліся ў гарадзкіх газэтах і на інфармацыйных стэндах у фае школ ў чэрвені. На мясцовым тэлебачаньні быў паказаны агітацыйны ролік. Але, на думку рупліўцаў беларушчыны, гэтых захадаў не дастаткова, каб бацькі пачалі аддаваць дзяцей у беларускія клясы. Яны лічаць: бацькам у школах павінны казаць, што такія клясы фармуюцца, а адміністрацыя ня мусіць падказваць, якую мову трэба выбіраць для навучаньня.

Цяпер у Магілёве толькі адна кляса зь беларускай мовай навучаньня. У ёй вучыцца адна школьніца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG