Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі і Навасяд будуць канкураваць на адной выбарчай акрузе


Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі стаў адным зь сямі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня па Сьвіслацкай акрузе № 94. Такое рашэньне прыняла сёньня акруговая камісія. Спадар Хашчавацкі вылучаўся як прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Першапачаткова Сьвіслацкая акруга была самай прывабнай для кандыдатаў. Тут было аж дзевяць прэтэндэнтаў. Аднак двое зь іх адмовіліся працягваць барацьбу. Таму за адно парлямэнцкае месца цяпер паспрачаюцца:

Алена Бухарцава — загадчыца дзіцячага садку-ясьляў, сябра Камуністычнай партыі Беларусі;

Валер Варанецкі — амбасадар Беларусі ў Аўстрыі, беспартыйны;

Алег Гайдукевіч — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі;

Андрэй Іваноў — старшы выкладчык Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ, беспартыйны;

Максім Купрэйчанка — дырэктар «Мэталоптзбыту», беспартыйны;

Уладзімер Навасяд — дырэктар установы «Эфэктыўнае кіраваньне будынкамі», беспартыйны;

Юры Хашчавацкі — пэнсіянэр, сябра АГП.

Свабода пацікавілася ва Ўладзімера Навасяда, дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня: чаму два дэмакратычныя кандыдаты — да якіх, акрамя сябе, спадар Навасяд адносіць і спадара Хашчавацкага — не змаглі ўзгадніць акругі і балятавацца ў розных акругах, а не ў адной?

На гэта Ўладзімер Навасяд адказаў:

«У адрозьненьне ад уладаў дэмакратычныя сілы вельмі часта ня могуць дамовіцца паміж сабой. Усе мае ранейшыя спробы ўзгадніць акругу зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі далей за размовы не выходзілі.

Апазыцыйныя палітычныя партыі загадзя прыйшлі да высновы, што іхнія прадстаўнікі дэпутатамі ня стануць. Таму яны ня думаюць пра нейкую супрацу, супольныя дзеяньні. Для іх цяпер галоўнае скарыстацца момантам — і папіярыць сваю партыю.

Мне падаецца, што сёлета апазыцыйныя палітычныя партыі загадзя прыйшлі да высновы, што іхнія прадстаўнікі дэпутатамі ня стануць. Таму яны ня думаюць пра нейкую супрацу, супольныя дзеяньні. Для іх цяпер галоўнае скарыстацца момантам — і папіярыць сваю партыю. Глядзіце, праз збор подпісаў амаль ніхто з партыйцаў не вылучаецца, не хапае сілаў сабраць подпісы. Таму іх вылучае партыйны зьезд.

Гэта падобна да допінгу ў спорце. Падчас Алімпіяды не хацелася б ужываць гэтае скампрамэтаванае слова. Баюся, што ўсё ў партыяў зь іхнім піярам можа скончыцца гэтак жа горка, як у алімпійцаў, якія адважацца на ўжываньне допінгу. Тым болей, што сёлета дзяржава грошай на агітацыю не дае. Трэба ствараць свой фонд, траціць свае грошы. Партыі да гэтага не прывыклі».

XS
SM
MD
LG