Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер сэйму Польшчы спадзяецца, што пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў да Беларусі «ня будзе пытаньняў»


Рышард Тэрлецкі

Рышард Тэрлецкі

Віцэ-сьпікер сэйму Польшчы Рышард Тэрлецкі лічыць, што пэрыяд нявыкарыстаных шанцаў ва ўзаемаадносінах яго краіны зь Беларусьсю «практычна завершаны».

Пра гэта польскі палітык заявіў журналістам па выніках сустрэчы ў Менску са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам, перадае БелаПАН.

Тэрлецкі падкрэсьліў важнасьць для Польшчы нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю. Польскі парлямэнтарый паведаміў, што на сустрэчы з Андрэйчанкам бакі выказалі шэраг важных пытаньняў для далейшага абмеркаваньня, у прыватнасьці гістарычны дыялёг і польскую нацыянальную меншасьць у Беларусі. «Думаю, мы прыйдзем да станоўчых вынікаў», — адзначыў ён.

Тэрлецкі таксама зьвярнуў увагу на тое, што Польшча зьяўляецца своеасаблівым мостам паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. «Спадзяюся, пасьля верасьнёўскіх выбараў да вас ня будзе пытаньняў, і адносіны Беларусі і ЭЗ працягнуць нармалізацыю», — заявіў ён.

2–4 жніўня Беларусь наведвае парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім.

На 3 жніўня заплянаваныя сустрэчы з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной і мітрапалітам Менска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Таксама парлямэнцкая дэлегацыя наведае Курапаты і ўскладзе кветкі на магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

4 жніўня пройдуць сустрэчы зь беларускай апазыцыяй, мясцовымі ўладамі і польскай грамадой Баранавічаў, а ў Берасьці ў гэты дзень дэлегацыя сустрэнецца з польскімі бізнэсоўцамі, якія інвэстуюць у Беларусь.

XS
SM
MD
LG