Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская міліцыя патрабуе тлумачэньняў, чаму патэнцыйныя кандыдаты сьпявалі «Магутны Божа»


27 ліпеня. У Віцебску гучыць «Магутны Божа».

27 ліпеня. У Віцебску гучыць «Магутны Божа».

Сьпевы гучалі на супольным пікеце па зборы подпісаў, які актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі зладзілі 27 ліпеня, на ўгодкі прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі.

Пад гітару актывіста зь Бешанковічаў, «барда Свабоды» Георгія Станкевіча прыхільніцы стварэньня партыі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня прасьпявалі гімн «Магутны Божа». А потым спадар Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг».

«Спачатку ўсе стаялі ўздоўж вуліцы Леніна з боку гандлёвага цэнту „Марка-сіці“. Мы віншавалі мінакоў гучнымі воклічамі „Жыве Беларусь!“. Але песьні пад гітару прыйшлося выконваць на іншым баку вуліцы, бо вельмі гучная рэкляма зь вялікага экрану паблізу гандлёвага цэнтру не давала магчымасьці нават пачуць суразмоўцаў. Было шмат міліцыі, пераважна ў цывільным, нашы сьпевы здымалі на відэакамэры. А сёньня мне патэлефанавалі з Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі і запрасілі ў РАУС, каб узяць тлумачэньні», — распавяла Тацяна Севярынец.

Паводле актывісткі, сустрэча з супрацоўнікамі міліцыі мае адбыцца 3-га жніўня. Аднак час сустрэчы дакладна ня вызначаны. Спадарыні Тацяне прапанавалі чакаць тэлефоннага званка ад міліцыянтаў. Таксама супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС патэлефанавалі Алене Шабуні, аднак актывістка сказала, каб ёй даслалі позву — тым больш, што цяпер яна знаходзіцца за межамі горада. Да Георгія Станкевіча пакуль ніхто зь міліцыянтаў не зьвяртаўся.

Сьпевы на пікетах па зборы подпісаў у Віцебску гучалі не ўпершыню. Тацяна Севярынец нават выконвала рэп — як на сваіх уласных пікетах, так і на супольным пікеце «правацэнтрыстаў», які прайшоў у Віцебску 21 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG