Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр пісьменьнік Іван Пташнікаў (вядомы час і месца пахаваньня)


Учора паміж 16:00 і 17:00 у сваёй кватэры ў Менску памёр пісьменьнік Іван Пташнікаў. Яму было 83 гады.

У 2005 годзе ў Івана Пташнікава здарыўся інсульт, пасьля чаго ён амаль не выходзіў з дому, паведаміла Свабодзе Тацьцяна Пташнікава, дачка пісьменьніка.

«Ён вельмі доўга і цяжка хварэў, і роўна праз 11 год ён сышоў, — сказала Пташнікава. — Ён ня мог сам хадзіць. З дому яго выводзілі толькі ў шпіталь».

Па словах дачкі, пасьля хваробы Іван Пташнікаў ужо ня быў у стане пісаць. Да яго прыходзілі журналісты, ён даваў інтэрвію, але на ўласныя творы ўжо ня меў сіл.

«Ён меў творчыя пляны, у галаве шмат было нерэалізаваных задумаў», — сказала Пташнікава.

У 2009 годзе інтэрвію ў Івана Пташнікава браў Міхась Скобла.

Апошнім выданьнем, куды ўвайшлі клясычныя творы Пташнікава, стаў калектыўны зборнік «Сена на асфальце» з сэрыі «Бібліятэка выбраных твораў». Ён выйшаў месяц таму ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Пакуль сям’я ня вызначалася з часам і месцам пахаваньня. Калі будзе дамоўленасьць наконт залі для разьвітаньня і грамадзянскай паніхіды, Свабода паведаміць.

Іван Пташнікаў быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Вядомы як аўтар зборнікаў аповесьцяў і апавяданьняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сьцяпан Жыхар са Сьцешыц» (1966), аповесьцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнара аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсьціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспэктакль, 1989). Многія зь ягоных твораў дзясяткі гадоў вывучаюцца школьнікамі на ўроках беларускай літаратуры.

Як паведаміла прэс-служба СБП, пахаваньне адбудзецца заўтра, 30 ліпеня. Ад'езд аўтобусам ад спэцкамбіната (вул. Альшэўскага, 12) а 13.00. А 14.00 — пачатак грамадзянскай паніхіды ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках. А 15.00 — пахаванне і ад'езд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG