Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка папрасіў Усясьветнага патрыярха Барталамея надаць аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царкве


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка чакае, што Ўсясьветны патрыярх Барталамей дапаможа ўрэгуляваць кананічны статус украінскай царквы ў структуры ўсясьветнага праваслаўя.

Як перадае УНІАН, пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў падчас мерапрыемстваў да Дня хросту Кіеўскай Русі — Украіны.

«З Канстантынопалю прыйшлі першыя біскупы, сьвятары. З Царграду Хрыстова вера прыйшла ў Кіеў на берагі Дняпра і ўжо менавіта адсюль распаўсюдзілася на іншыя ўсходнеславянскія тэрыторыі і суседнія народы. Канстантынопальская царква для нас была, ёсьць і будзе царквою-маці, да якой мы, яе дзеці, зьвярталіся і будзем зьвяртацца па дапамогу, у тым ліку і ў пераадоленьні падзелу, які сёньня баліць праваслаўным украінцам», — заявіў Парашэнка.

Ён адзначыў, што сёлета дзякуючы шматгадовым працам Яго Ўсясьвятасьці Барталамея адбыўся гістарычны Сьвяты і Вялікі сабор праваслаўнай царквы, хоць яго і спрабавалі сарваць некаторыя дэструктыўныя сілы:

«За гэты год як украінскі прэзыдэнт я меў добрую магчымасьць сустрэцца з Усясьветным патрыярхам і цьвёрда пераканаўся, што Яго Ўсясьвятасьць моліцца за Ўкраіну і думае над тым, як дапамагчы нам вырашыць нашы праблемы. Украіна сёньня мае вялікую патрэбу ў неадкладнай увазе з боку Ўсясьветнага Канстантынопальскага пасаду. Ён адзіны, хто здольны дапамагчы праваслаўным Украіны аб’яднацца і ўрэгуляваць кананічны статус Украінскай царквы ў структуры ўсясьветнага праваслаўя», — заявіў прэзыдэнт.

Таксама Парашэнка канстатуе, што ўсё большая колькасьць праваслаўных грамадзян Украіны хочуць мець адзіную памесную аўтакефальную царкву.

«Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ўсё большая колькасьць праваслаўных грамадзян Украіны хочуць мець, як гэта прынята ва ўсім праваслаўным сьвеце і ў большасьці праваслаўных краін, адзіную памесную аўтакефальную царкву, царкву эўхарыстычна і малітоўна зьяднаную, але адміністрацыйна незалежную ад іншых царкоўных юрысдыкцый», — заявіў Парашэнка.

16 чэрвеня Вярхоўная Рада зьвярнулася да Ўсясьветнага патрыярха Барталамея з просьбай аб наданьні аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG