Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Вольскага, уручэньне знаку Івашкевіча і шмат бел-чырвона-белых сьцягоў: як у Менску адзначаць 27 ліпеня


Адна з акцыяў «Маладога Фронту». У цэнтры - Зьміцер Дашкевіч
Адна з акцыяў «Маладога Фронту». У цэнтры - Зьміцер Дашкевіч

Да рэфэрэндуму 1996 году 27 ліпеня ў Беларусі адзначалася Дзень Незалежнасьці. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Як плянуюць адсьвяткаваць гэты дзень сёлета?

Раніцай — акцыя #СьвятаНезалежнасьці зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў цэнтры Менску

«Малады Фронт» абвясьціў, што а 8.30 правядзе акцыю #СьвятаНезалежнасьці. Актывісты заклікаюць выйсьці на менскую Плошчу Незалежнасьці зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Папярэдне мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі са сьцягамі стануць уздоўж праспэкту Незалежнасьці. Хто ня мае сьцяга, можа атрымаць яго ад арганізатараў на акцыі.

«Зранку — каб увесь народ перад тым, як пайсьці на працу, змог адсьвяткаваць слаўную дату нашай гісторыі. Хто не спужаецца ўвечары, не спужаецца і раніцай», — кажа Свабодзе сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Удзень — уручэньне Памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча і публічнае чытаньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча
Памятны знак імя Віктара Івашкевіча

Каля Філярмоніі падчас супольнага пікету ў гонар Дня Незалежнасьці будзе пікет Партыі БНФ. Плянуецца, што а 17.00 прэтэндэнты на кандыдатаў у дэпутаты ад гэтай партыі утвораць ланцуг зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Падчас пікету можна будзе паставіць подпіс за кандыдатаў, а таксама за рэабілітацыю Ларысы Геніюш — гэтую акцыя ладзіць Моладзь БНФ.

Завершыцца пікет уручэньнем Памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча — гэта штогадовая прэмія, якой Партыя БНФ уганароўвае асобаў альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцыяў, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацыяў, пікетаваньняў, шэсьцяў, аўта- ці велапрабегаў. У шорт-лісьце — Тэатральная лябараторыя «Фартынбрас», Мікола Статкевіч, Алесь Макаеў і Вячаслаў Сіўчык, а таксама Зьміцер Дашкевіч.

А 18.00 каля ГУМу — супольны пікет правацэнтрысцткай кааліцыі, куды ўваходзяць рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Супольны пікет АГП, БХД і руху «За свабоду» каля Камароўскага рынку ў Менску, 16 ліпеня 2016 году
Супольны пікет АГП, БХД і руху «За свабоду» каля Камароўскага рынку ў Менску, 16 ліпеня 2016 году

Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі зладзяць публічнае чытаньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Праз мэгафон да мінакоў зьвернуцца Мікалай Казлоў, Вольга Маёрава, Вольга Кавалькова, Марына Хоміч і Юрась Губарэвіч.

«Мы хочам нагадаць беларусам, што ёсьць такі дакумэнт — Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі, і што ён быў прыняты 27 ліпеня 1990 году. Менавіта згодна з гэтым дакумэнтам Беларусь абвясьцілі сувэрэннай дзяржавай. Шкада, што ніхто пра гэта нічога ня ведае», — сказаў Свабодзе лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Падчас супольнага пікету правацэнтрысцкай кааліцыі будзе магчымасьць паставіць подпіс за кандыдатаў, якія вылучаюцца ў Менску.

Увечары — бясплатны канцэрт Вольскага

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Увечары а 19.00 пройдзе бясплатны канцэрт Лявона Вольскага. Выступ адбудзецца ў межах пікету па зборы подпісаў за прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў ад руху «За свабоду» Алеся Лагвінца.

«Пікет прымеркаваны да Дня Незалежнасьці 27 ліпеня. Назва яго „Подпіс за Лагвінца — подпіс да Незалежнасьць“. Лявон Вольскі — на маю думку, самы выбітны сучасны беларускі музыка. Я вельмі зацікаўлены, каб у Менску праходзілі яго канцэрты. Таму я ласкава папрасіў Лявона, каб ён скарыстаў магчымасьць выступіць перад людзьмі. Я атрымаў ад яго дазвол на тое, што пікет адбудзецца пад пэўным лёзунгам, але я нават ня вельмі хачу, каб гэты канцэрт быў моцна зьвязаны з прозьвішчам Лагвінца. Найперш, я хачу, каб гэты было зьвязана з Днём Незалежнасьці і самім Лявонам, якому несправядліва не даюць магчымасьці сустрэцца з публікай, якая шануе і любіць яго», — паведаміў Свабодзе Алесь Лагвінец.

Паводле папярэдняй інфармацыі, вулічны канцэрт Лявона Вольскага працягнецца мінімум гадзіну.

«Дэталі наконт рэпэртуару яшчэ абмяркоўвацца. Але мы дамаўляліся, што Лявон будзе выступаць прынамсі гадзіну. Фармальна пікет будзе працягвацца да 22.00», — адзначыў Лагвінец.

Выступ адбудзецца на перакрыжаваньні вуліц Сухараўская і Лабанка (насупраць ГЦ «Максімус»). Таксама ў імпрэзе возьмуць удзел тэлевядоўца Юры Жыгамонт і мастак Алесь Пушкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG