Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія чыноўнікі адмаўляюць удзел БПЦ у адпраўцы падлеткаў на зборы да расейскіх нэанацыстаў


У Віцебскім аблвыканкаме пацьвярджаюць, што беларускія падлеткі езьдзілі на ваенізаваныя зборы ў Расею, дзе інструктарамі былі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў, але заяўляюць, што Беларуская праваслаўная царква ня мела да гэтага дачыненьня.

Пра гэта ідзе гаворка ў адказе намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Алега Мацкевіча на зварот грамадзкага актывіста Зьмітра.

Гэта менавіта той 30-гадовы мянчук Зьміцер быў унесены ў так званы «расстрэльны сьпіс» расейскай ваенізаванай нацыяналістычнай групоўкі «E.N.O.T. Corp», пасьля таго як актыўна выступаў супраць дзейнасьці расейскіх нэанацыстаў у інтэрнэце. Сярод іншага Зьміцер тады накіраваў зварот да адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі з просьбай прыняць меры па спыненьні дзейнасьці асоб і арганізацыяў, «датычных да ўдзелу беларускіх падлеткаў у антыбеларускім нэанацысцкім мерапрыемстве».

Як вынікае з адказу, які атрымаў Зьміцер, ягоны зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю быў перанакіраваны ў Віцебскі аблвыканкам.

Віцебскія чыноўнікі пацьвярджаюць, што беларускія падлеткі сапраўды на ваенна-патрыятычныя зборы ў Падмаскоўе езьдзілі.

«У дадзеных зборах прынялі ўдзел чальцы ваенна-патрыятычнага клюбу „Школа выжываньня“, створанага пры Віцебскай гарадзкой арганізацыі „Братэрства“ грамадзкага аб’яднаньня „Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане“, у колькасьці дзевяці чалавек, зь іх шэсьць — непаўнагадовыя. Пісьмовыя згоды бацькоў або асоб, якія іх замяшчаюць, непаўнагадовыя ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клюбу „Школа выжываньня“ на выезд за межы Рэспублікі Беларусь маюць натарыяльнае пасьведчаньне ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства», — адзначаецца ў дакумэнце.

Намесьнік старшыні аблвыканкаму ўдакладняе, што арганізатарамі збораў і прымаючым бокам зьяўляліся грамадзкае аб’яднаньне «Некамэрцыйнае партнэрства па садзейнічаньні адраджэньня казацтва» і Асацыяцыя ваенна-патрыятычных клюбаў «Резерв». Між тым у адказе ўладаў не згадваюцца ні нацыяналістычная групоўка «E.N.O.T. Corp», ні дывэрсійна-штурмавая выведвальная брыгада «Русіч», чыя датычнасьць да збораў выклікала найбольшае абурэньне ў беларускім грамадзтве.

Камандзір дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» Аляксей Мільчакоў
Камандзір дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» Аляксей Мільчакоў

Віцебскі аблвыканкам падкрэсьлівае, што дзеці нядзельных школ праваслаўных прыходаў Талачына і Друцку Віцебскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы «ўдзелу ў правядзеньні ваенна-спартыўных лягераў не прымалі і за межы Рэспублікі Беларусь не выяжджалі». Таму намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Алег Мацкевіч лічыць, што матэрыялы СМІ наконт датычнасьці праваслаўнай царквы да адпраўкі беларусаў на гэтыя зборы «носяць правакацыйны характар, накіраваны на дыскрэдытацыю Беларускай Праваслаўнай царквы і яе ролі ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаваньні дзяцей і моладзі».

Зьміцер паведаміў Свабодзе, што застаўся незадаволеным адказам Віцебскага аблвыканкаму. У сваім звароце ён перш за ўсё акцэнтаваў увагу на тым, што беларускіх падлеткаў вазілі на зборы менавіта да расейскіх нэанацыстаў — «E.N.O.T. Corp», баевікоў Мільчакова і Пятроўскага. Але пра нацыстаў якраз нічога ў адказе не гаворыцца.

«Я ацэньваю гэта як непрыкрыты калябарацыянізм і антыбеларускую палітыку. Аблвыканкам ні словам не сказаў пра тое, што на зборах былі нацысты. Але магчыма, проста афіцыйна яны нічога зрабіць ня могуць, таму даюць зялёнае сьвятло грамадзкай ініцыятыве», — кажа Зьміцер.

У траўні газэта «Наша ніва» паведаміла пра тое, што беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, якія праводзілі баевікі брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Гаворка ішла пра тое, што дзяцей на зборы адпраўлялі празь мясцовыя ваенна-патрыятычныя клюбы, у тым ліку пры праваслаўных прыходах.

Пазьней Мільчакоў і «E.N.O.T. Corp» пацьвердзілі Свабодзе сваю датычнасьць да арганізацыі і правядзеньня ваенных збораў з удзелам беларускіх дзяцей.

У праваахоўных органах Беларусі заяўлялі, што інфармацыя аб удзеле беларускіх падлеткаў у ваенна-патрыятычных зборах, арганізаваных нэанацыстамі, правяраецца і вывучаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG