Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамогі ў спорце здабываюцца як спэцапэрацыі спэцслужбаў»


Надзея Астапчук

Надзея Астапчук

Пра які стан расейскага спорту і ступень умяшаньня дзяржавы гаворыць гісторыя з адхіленьне расейскай лёгкаатлетычнай каманду ад удзелу ў Алімпіядзе? Якія ўрокі вынесуць беларускія чыноўнікі пасьля адхіленьня ад Алімпіяды мужчынскай каманды байдарачнікаў і канаістаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко і аглядальнік Свабоды Ігар Карней. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Наколькі чаканым было для вас рашэньне Міжнароднага Алімпійскага камітэту адхіліць расейскіх лёгкаатлетаў ад удзелу ў Алімпіядзе? Ці шакавалі вас падрабязнасьці таго, як расейскія структуры на чале з ФСБ арганізоўвалі падмену аналізаў?

Шчурко: Ведаеце, калі я ў свой час прачытаў даклад брытанскага боку пра тое, як атручвалі Літвіненку, то ў мяне пытаньняў не засталося. Таму ўсё, што адбывалася ў Расеі з падменай допінагавых пробаў, ніякай навіной для мяне ўжо не было. Гэта быў дзіцячы лепет у параўнаньні з тым, што здарылася з Літвіненкам. ФСБ мяне ўжо нічым новым не зьдзівіла.
Таму рашэньне пра адхіленьне расейскіх лёгкаатлетаў ад Алімпіяды было для мяне ўжо відавочным, і здарылася тое, што павінна было адбыцца.

Цыганкоў: А як вы ацэніце расейскую грамадзкую рэакцыю? Здаецца, большасьць рэагуе паводле прынцыпу «нашых б’юць».

Шчурко: Так, калі ўключаеш любы расейскі канал, там абавязкова нейкі чалавек з любой нагоды крычыць пра змову ўсяго сьвету супраць «матухны-Расеі». Расейцам варта прыслухацца да цьвярозых галасоў – іх, як заўсёды, меней. Я чую гэтыя галасы, у тым ліку сярод спартоўцаў, некаторыя зь якіх кажуць, што гэта не праблема спартоўцаў, а праблемы непатапляльных чыноўнікаў кшталту Мутко. Я ня ведаю, што павінна адбыцца, каб яго зьнялі. Няўжо гэта самы кампэтэнтны і выдатны спартовы спэцыяліст у Расеі? Калі так – то Расея асуджаная.

Ігар Карней

Ігар Карней

Карней: Дзяржава кіруе спортам у Расеі і навязвае свае правілы гульні, адрозныя ад спартовай хартыі. Гэта ўжо выходзіць за ўсе рамкі здаровага сэнсу – такім чынам здабываць рэкорды, мэдалі, потым хваляцца на ўвесь сьвет.

Міжнародным структурам даўно трэба было рабіць радыкальныя высновы і рашэньні. Трэба разбурыць гэты дом, пад якім адбывалася невядома што – і будаваць новы. А тое, што настроі ў расейскім грамадзтве шавіністычна-патрыятычныя – дык іншага чакаць на сёньня і ня варта.

Пакуль кіраваць спортам будзе дзяржава, а не фэдэрацыі, спонсары, – то перамогі ў спорце будуць праводзіцца як спэцапэрацыі спэцслужбаў.

Цыганкоў: Допінг існаваў і ў 80-я гады, калі напрыклад, атлеты з ГДР устанаўлівалі рэкорды, некаторыя зь якіх ня могуць пабіць дагэтуль. Але скандалы і адхіленьні зьяўляюцца ўсё часьцей у апошнія гады. У чым справа? Ці стала больш допінгу ў спорце ці проста антыдопінгавыя структуры сталі больш магутныя і ўплывовыя?

Шчурко: У кіраўніцтва міжнароднага спорту прыходзіць новая мятла, і па-новаму мяце. Калі быў у тыя ж 80-я Самаранч – то ў пытаньні допінгу была пэўная «раўнавага». Новыя кіраўнікі адзначаюцца тым, што пачынаюць больш суворую барацьбу з допінгам. Я лічу гэта правільным, і хачу прывесьці словы нашай чэмпіёнкі Дашы Домрачавай, якая ўсё гэта падтрымлівае. У тым ліку і праверкі допінг-пробаў ад мінулых спаборніцтваў. Калі ты ведаеш, што могуць праверыць і праз 10 гадоў, ты сто разоў падумаеш перад тым, каб прыняць нешта забароненае.

Цыганкоў: Беларускія мужчынскія зборныя байдарачнікаў і канаістаў былі адхіленыя ад Алімпіяды ў Рыё. Ці лічыце вы гэта правалам беларускага НАДА – Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва? Альбо – як тлумачаць некаторыя беларускія чыноўнікі – можа гэта сапраўды прошукі апанэнтаў?

Сяргей Шчурко

Сяргей Шчурко

Шчурко: Усе давядзеньні да дактароў нацыянальнай зборнай, што мэльдоній – гэта небясьпечна, былі зробленыя яшчэ ў мінулым жніўні. Каму трэба было – той ведаў. Таму тут спрацаваў чалавечы чыньнік. Весьляры дапусьцілі правал, калі паехалі ў такую краіну, як Францыя, якая вядомая сваёй надзвычайнай нецярплівасьцю да допінгу. Вядомы скандал вакол «Тур дэ Франс», калі яны не паленаваліся зламаць гэтую самую знакамітую спартовую гонку.

Зараз такі міні-Тур-дэ-Франс здарыўся зь беларускай зборнай. Ня ведаю, адкуль яны ведалі пра мэльдоній, але ён апынуўся ў разьмяшчэньні беларускай каманды. Гэта пагоршыла сытуацыю. Бо раней ужо былі астаткавыя аналізы, на якія раней, магчыма, проста заплюшчылі б вочы. Што яны знайшлі там яшчэ, мы ня ведаем – французы ня кажуць, нашы кажуць, што нічога. І цяпер на Алімпіяду ўжо ня трапіць – проста не хапае часу.

Я думаю, што ў такой сытуацыі ня трэба было рабіць нейкіх рэзкіх заяваў. Гэта ўсё эмоцыі, і мы пачынаем быць падобнымі на прапагандысцкія расейскія каналы. Трэба разважаць спакойна, што ўласьціва беларусам, і не рабіць нейкія правакацыйныя заявы.

Цыганкоў: Традыцыя усё тлумачыць прошукамі апанэнтаў – даволі звычайная для постсавецкай прасторы. Але ў ЗША, калі з-за допінгу адхілялі алімпійскіх чэмпіёнаў і цэлыя каманды – амэрыканцы не казалі, што гэта прошукі канкурэнтаў. Звычайна яны нават самі выкрывалі сваіх спартоўцаў. Ці стане гісторыя з беларускімі весьлярамі ўрокам для спартовых уладаў і структураў?

Карней: Неяк да нас прыходзіў выбітны беларускі малатабойца Рамуальд Клім – цяпер ужо нябожчык – які распавядаў, як яны настройвалі сабе на старты ў 60-я. Ніякіх прэпаратаў тады не было, але быў каньяк. Прымалі на грудзі грам 50 ці нават больш перад спаборніцтвамі. Потым у 80-я, ужо адкрыта казалі, што выйграе той, у каго добры фармаколяг, а ня добры трэнэр.

Але цяпер гэта ўсё проста неактуальна. Новыя тэхналёгіі праверкі не дазваляюць падманваць у тых маштабах, як раней. Таму функцыя нацыянальных антыдопінгавых структураў палягае акурат у тым, каб праводзіць тлумачальную працу сярод спартоўцаў, каб яны нават і падумаць не маглі пра прыём забароненых прэпаратаў.

Я нядаўна размаўляў з Васілісай Марзалюк, наша прадстаўніца ў вольнай барацьбе. І ці ня ўпершыню пабачыў, што спартоўка не выгароджвае сябе. Яна была дыскваліфікаваная на 2 гады. І яна кажа, што гэта была сапраўды памылка, яе асабіста альбо трэнэра. Іншыя спартоўцы ніколі не прызнаюць віны, ставяць сабе ў пазыцыю пацярпелых ці пакрыўджаных.

Рамуальд Клім

Рамуальд Клім

Шчурко: Ігар, вы ўспомнілі Рамуальда Кліма. Але ў той час мэдалі заваёўваліся ня толькі каньяком, але яшчэ і міраболам, вугорскім прэпаратам. І сам Рамуальд Клім казаў мне, што прыбаўка ішла адразу мэтраў 6. Савецкая дзяржава тады ўсё гэта пакрывала. Я сам бачыў мэтадычкі для службовага карыстаньня, дзе тлумачылася, як прымаць. Савецкі Саюз сядзеў на стэроідаў, як і ўсе сацыялістычныя краіны. Спартоўцы ГДР, штангісты Баўгарыі ставілі нейкія неверагодныя рэкорды дзякуючы гэтаму.

Зараз мы едзем у Рыё, і існуе вельмі жорсткі кантроль мэдычных прэпаратаў. Пажадана, каб спартоўцы ўвогуле нічога ня везьлі, каб усё было ў дактароў. Каб да нас ніхто не дачапіўся. Я працэнтаў на 95 упэўнены, што цяпер ніхто не прымае забароненыя субстанцыі. Няма сэнсу. У тых відах спорту, дзе раней была фармакалёгія, нашы спартоўцы шукаюць іншыя шляхі. Трэба шукаць іншыя шляхі да перамогі – гэта тая выснова, якую трэба рабіць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG