Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мараль і палітыка: Павал Вусаў і Макс Вэбэр


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Можа, памыляюся, але здаецца ніхто ў палкай дыскусіі, якая разгарэлася вакол тэкстаў Паўла Вусава не прыгадаў пра канцэпт Макса Вэбэра аб этыцы перакананьня і этыцы адказнасьці. Прынцып этыкі перакананьня – Рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе. Прынцып этыкі адказнасьці – Рабі так, каб наступствы твайго ўчынку не пагаршалі сытуацыю, ты нясеш адказнасьць за пагаршэньне.

На думку Вэбэра палітыцы больш прыдатны другі падыход. Ня ў тым справа, што палітыка амаральная ці пазамаральная, ёй проста ўласьцівая іншая этыка.

На першы погляд, этыка адказнасьці яшчэ больш строгая, ты яшчэ і наступствы мусіш улічваць. Аднак наступствы бываюць розныя.

Цікава, што ані Павал Вусаў, ані яго аднадумцы, не далі адказу ні на адзін з тэстаў, якія ім прапаноўвалі іх апанэнты.

Аляксандар Адамянц прапанаваў тэст: Войскі кааліцыі ў Аўгане захопліваюць мясцовага, пра якога ёсьць падазрэньне, што ён зьвязаны з талібамі. Адпусьціць яго – ён можа выдаць, і хутчэй за ўсё выдасьць, месцазнаходжаньне атраду і ўсіх пераб'юць. Цягнуць яго з сабой няма магчымасьці. Забіць? Гэта ж амаральна. За што? Ён жа пакуль нічога не зрабіў кепскага. Адпусьціць? Паводле этыкі адказнасьці, калі ён выдасьць атрад і яго пераб'юць, камандзір, адпусьціўшы яго, будзе адказны за гэта, ён мог прадбачыць такія наступствы.

Ці мой рэальны гістарычны прыклад – альянс Чэрчыля і Сталіна пасьля 22 чэрвеня 1941 года. Чэрчыль выдатна ведаў, што Сталін – гэта Гулаг, што саюзам ён умацоўвае савецкую сыстэму. З пункту гледжаньня этыкі перакананьня гэта амаральнае рашэньне. Праўда, альтэрнатывай быў нацысцкі гаўляйтэр у Лёндане. Можа і не. А можа і так. Параза Англіі ў вайне без саюзу са Сталіным была (ці здавалася Чэрчылю) больш імавернай, чым пры наяўнасьці саюзу. І прайграй Англія вайну без саюзу з СССР, Чэрчыль паводле этыкі адказнасьці быў бы за гэта адказны.

Дык чаму не даюцца адказы? Яны ж з пункту гледжаньня этыкі перакананьня абсалютна відавочныя: так, селяніна трэба адпусьціць, так, саюз са Сталіным ня трэба было заключаць. І хай будзе, што будзе, ўсё ў руцэ Боскай. Пераб'юць атрад, будзе Гітлер прымаць парад вэрмахта ў Лёндане – нічога, затое маральная чысьціня захаваецца.

Будзьце пасьлядоўныя, шаноўныя апанэнты, скажыце – так, менавіта так. Спашліцеся пры гэтым хоць на Канта, хоць на чорта лысага, але скажыце – гэта так.

А неахвота ж. А я разумею. І вы разумееце, як дзіўнавата выглядае вашая ўпартасьць у рэальным сьвеце, у канкрэтных жыцьцёвых сытуацыях. Але дапамагчы нічым не магу, вы самі сябе загналі ў гэтую пастку.

Не, зразумела, можна проста не адказваць, памінаць дыктатуру Лукашэнкі. Пра дыктатуру ўсё вядома і вам і нам. Вы тэсты прайдзіце, адкажыце на простыя пытаньні, прыкладзіце ваш агульны падыход да канкрэтных сытуацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG