Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Вусаў

Хто мае права гаварыць і што ўвогуле можна казаць беларусам? Раз-пораз гэтыя пытаньні паўстаюць, калі даецца крытычная ацэнка дзейнасьці беларускай апазыцыі. Зьявіліся яны і цяпер у артыкуле вядомага палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча. Але ягоныя аргумэнты адносна маёй пазыцыі адчынілі прастору для больш шырокай дыскусіі, якая выходзіць далёка за межы сёлетняй выбарчай кампаніі.

Крыху пра выбарчы працэс

Што тычыцца праблемы «ўдзелу ці няўдзелу» ў выбарчай кампаніі, то сапраўды, рацыянальныя аргумэнты бакоў вычарпаныя. Я неаднаразова пісаў пра тое, што ўдзел дзеля ўдзелу — бессэнсоўны, і досьвед апазыцыі ў парлямэнцкай кампаніі 2008 і 2012 гадоў гэта паказаў.

Тым ня менш, апазыцыйныя структуры так і не прадставілі грамадзянскай супольнасьці доказы таго, што іх удзел прынёс хоць бы мінімальны палітычны плён — напрыклад, як пашырыўся іх уплыў і аўтарытэт у грамадзтве, наколькі павялічылася лічба чальцоў апазыцыйных арганізацыяў і г. д.

Нягледзячы на відавочны нэгатыўны вынік удзелу апазыцыі ў папярэдніх кампаніях (нават на ўзроўні PR), яна працягвае трымацца гэтай шкоднай практыкі са спадзевам на «добрую волю Лукашэнкі» альбо на новую (геа)палітычную каньюнктуру, якая можа паспрыяць «допуску» у парлямэнт. Такая дзейнасьць нагадвае лекаваньне апэндыцыту гарачай гарбатай.

У сваю чаргу, калі апазыцыя заяўляе, што выбараў няма, што незалежнага парлямэнту няма, але ўдзельнічае ў тым, чаго няма, дзеля таго, каб патрапіць у аб’ектыўна неіснуючы парлямэнт, ці ня ёсьць гэта часткай вялікага падману?

Jus suffragii альбо пра права на крытыку

Адным з ключавых пытаньняў, якое паставіў сп. Карбалевіч, зьяўляецца тое, хто мае, а хто ня мае права выказваць пэўныя думкі і меркаваньні адносна таго, што адбываецца ў Беларусі: «Наколькі ўвогуле маральна вучыць беларусаў прынцыповасьці, бескампраміснасьці, жорсткасьці і ахвярнасьці ў змаганьні з дыктатурай, знаходзячыся за мяжой?»

Сьцьвярджэньне, што калі ты за мяжой, то твае заклікі і аргумэнты ня могуць быць пераканаўчымі, сталася даволі папулярным у беларускім палітычным і публіцыстычным асяродзьдзі, асабліва падчас палітычных дыскусіяў, але чамусьці яно датычыць выключна крытычных камэнтароў. Калі знаходжаньне за межамі краіны ставіць пад сумнеў маральнасьць і аб’ектыўнасьць таго, хто кажа і што кажа, то варта ўвесьці ўнівэрсальны прынцып для ўсіх: «Калі ты не ў Беларусі — маўчы!» Але ў такім выпадку, наколькі заходнія палітыкі маюць маральнае права вучыць беларусаў, як жыць і змагацца з дыктатурай, наколькі маральна атрымліваць замежную дапамогу для апазыцыйнай дзейнасьці ў Беларусі?

Увогуле, выкарыстаньне нейкіх цэнзаў ці фільтраў — справа небясьпечная і ня толькі таму, што абмяжоўвае права іншага на выказваньне думак, але прыводзіць да новых супярэчнасьцяў у дачыненьні да таго, каму належыць большае права на крытыку і маральныя ацэнкі.

Калі дапусьціць, што меркаваньне аналітыка ў Беларусі больш маральнае і аб’ектыўнае, чым аналітыка за мяжой, то згодна з гэтай лёгікай, грамадзянін, які пацярпеў ад дзеяньняў уладаў, які сядзеў у вязьніцы, мае больш правоў на крытычныя меркаваньні і заклікі, чым асоба, што не перажыла такіх пакутаў. У гэтым выпадку пераважная большасьць беларусаў ня мае права выказваць незадаволенасьць адносна дзеяньняў апазыцыі, як зрэшты, і большасьць аналітыкаў ці публіцыстаў. Інакш кажучы, «калі ты не сядзеў і ня быў біты — маўчы!»

Але калі фактар рызыкі і непасрэднага сутыкненьня з уладамі зьяўляецца пэўным дазволам на права выказваць крытычныя меркаваньні і заклікі да прынцыповага супрацьстаяньня аўтарытарнай уладзе, то я лічу, што напрацаваў на гэта хаця б тым, што падчас усіх рэвалюцыйных падзеяў я быў на Радзіме, на Плошчы/ах у эпіцэнтры падзеяў. Ці тое, што ў пэрыяд крывавых падзеяў у Кіеве 18-22 лютага 2014, я ўвесь час знаходзіўся на Майдане, робіць мае выказваньні больш важкімі і маральна абгрунтаванымі?

А можа, тое, што заклікі да прынцыповасьці гучаць з-за мяжы, гэта — сьледзтва таго, што ў Беларусі яны амаль не гучаць, альбо гэтыя галасы вельмі ціхія і слабыя. Адсюль можна зрабіць выснову: альбо ў Беларусі практычна не засталося прынцыповых палітыкаў, альбо прынцыповасьць сталася справай нягоднай і некарыснай, альбо, можа, разумеецца яна неяк інакш.

Тут узьнікае больш важнае пытаньне: ці апазыцыйныя палітыкі, якія знаходзяцца ў Беларусі атрымоўваюць права (індульгенцыю) на непрынцыповыя дзеяньні? І ці можна іх за гэта асуджаць? Бо са словаў спадара Карбалевіча ды іншых маіх апанэнтаў атрымліваецца, што ўдзельнічаць у «выбарах» і тым самым легітымізаваць аўтарытарную ўладу, больш правільна і маральна, чым крытыкаваць апазыцыю за гэта, знаходзячыся за мяжой.

Апазыцыя ці не апазыцыя

Праблема апазыцыйных партыяў у тым, што яны жадаюць любым коштам пазбавіцца апазыцыйнасьці і такім чынам куды-небудзь патрапіць. Найбольш прасунутай у гэтым працэсе аказалася «Гавары Праўду». Сваімі дзеяньнямі і дэклярацыямі падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, стратэгіяй, якую дадзеная структура абрала цяпер, яна заняла нішу побач зь Лібэральна-дэмакратычнай партыяй Беларусі. На маю думку, аналітыкам і журналістам трэба дакладна вызначыцца з тым, ці называць «ГП» апазыцыйнай структурай. Калі так, то варта да апазыцыі таксама залічыць ЛДПБ, бо ані рыторыка, ані ідэалёгія чальцоў гэтых арганізацыяў абсалютна нічым не адрозьніваецца (хаця час ад часу «ГП» і прыкрываецца бел-чырвона-белым сьцягам).

Зараз давайце пяройдзем да ролі КДБ у дзейнасьці апазыцыйных структураў. Спадар Карбалевіч кажа, што «Заявы наконт таго, што ўся беларуская апазыцыя кіруецца КДБ, ня раз гучалі з вуснаў асобных эмігранцкіх палітыкаў». Безумоўна, дзеля абвінавачваньняў у супрацы са спэцслужбамі неабходныя сур’ёзныя доказы. Але ўжо на сёньняшні дзень назьбіралася шмат непасрэдных і ўскосных фактаў, якія сьведчаць пра маштабы ўплываў КДБ на дзейнасьць апазыцыйных арганізацыяў і дзеячоў.

Зноў як прыклад можна ўзяць гібрыдна-апазыцыйную структуру «Гавары Праўду». Сярод доказаў мы маем: а) «прызнаньне сп. Дзьмітрыева»; б) наўпроставыя абвінавачаньні з боку Някляева: «Мяне папракаюць, чаму я не зрабіў усё, што можна зрабіць, не змагаўся з былымі паплечнікамі, зь Дзьмітрыевым, з тымі, хто абсеў сёньня „Гавары праўду“. Але што я, адзін чалавек, магу зрабіць супраць спэцслужбаў?», і Статкевіча; в) нядаўняя заява аднаго з актывістаў «ГП» Берніковіча пра тое, што Т. Караткевіч не сабрала падчас прэзыдэнцкай кампаніі патрэбных для рэгістрацыі подпісаў. Нават гэтых фактаў дастаткова, каб не лічыць гэтую арганізацыю апазыцыйнай, а яе дзеячоў — сумленнымі палітыкамі.

Што тычыцца іншых апазыцыйных структураў, то пра ўплыў спэцслужбаў могуць сьведчыць наступныя працэсы і падзеі ў шэрагах апанэнтаў улады:

► Усе апазыцыйныя партыі прайшлі ці ўсьцяж знаходзяцца ў стадыі ўнутраных канфліктаў, некаторыя зь іх перажылі некалькі расколаў (Беларускія сацыял-дэмакраты, БНФ). Даволі часта зьезды, перавыбары кіраўнікоў адбываюцца са шматлікімі парушэньнямі статутаў і дэмакратычных нормаў, што паспрыяла драбленьню і маргіналізацыі апазыцыйных партыяў і ўзаемным абвінавачаньням у агентурнай дзейнасьці. Вось, напрыклад, рэакцыя Вінцука Вячоркі на сытуацыю ў БНФ у 2009 годзе: «Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ. Зараз будуць рабіцца наступныя захады, каб падпарадкаваць Партыю БНФ тым сілам, якія бачаць магчымай супрацу з рэжымам Лукашэнкі, будзе рабіцца спроба пераарыентаваць дзейнасьць і пазыцыю Партыі БНФ на акцыі і кірункі, якія не пагражаюць асновам цяперашняга палітычнага рэжыму».

► Спрэчкі, супярэчнасьці і канфлікты зьяўляюцца адметнай рысай усіх «кансалідацыйных-аб’яднаўчых» працэсаў апазыцыі. Маючы адзіную мэту і адзінага ворага, апазыцыйныя кіраўнікі нават не спрабуюць пераадолець абсалютна штучныя супярэчнасьці. Тлумачэньне гэтых зьяваў толькі нейкімі амбіцыямі мне падаецца недастатковым, як і спроба патлумачыць гэта «неразуменьнем і глупствам». Утрыманьне апазыцыі ў пэрманэнтным стане расколу — гэта мэтанакіраваная дзейнасьць уладаў, дасягнуць якой было б немагчыма без, прынамсі, частковага кантролю за апазыцыйнымі структурамі. Дзейнасьць апазыцыйных структураў у той або іншай ступені залежыць ад фінансавай падтрымкі з боку розных замежных фондаў (хаця б арэнда офісаў у сталіцы і рэгіёнах, без чаго немагчыма захаваць рэгістрацыю). Улічваючы той факт, што палітычная прастора ў Беларусі даволі моцна кантралюецца спэцслужбамі, а фінансаваньне з-за мяжы зьяўляецца крымінальным злачынствам, то яно немагчымае бяз пэўнай згоды ўладаў. Пры жаданьні яны маглі б спыніць як фінансаваньне, так і дзейнасьць апазыцыйных структураў увогуле;

► На сёньняшні момант мы так і не атрымалі зразумелых адказаў на тое, хто з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2010 годзе сабраў, а хто не сабраў неабходныя 100 тыс. подпісаў. Гэтае пытаньне зьяўляецца прынцыповым, прынамсі, у аспэкце шчырасьці і сумленнасьці тых, хто зьбіраўся стаць альтэрнатывай Лукашэнку.

Улічваючы існы стан рэчаў, даволі цяжка ўспрымаць апазыцыю як самастойнага гульца, а гэта азначае, што яна ня можа разглядацца як фактар пераменаў ні цяпер, ні ў бліжэйшай будучыні. Гэта ставіць пад сумнеў тэзіс спадара Карбалевіча, «што ўлада ня хоча ніякага сурʼёзнага, рэальнага кампрамісу з апазыцыяй». Але навошта ўладзе трэба ісьці на кампраміс з уласнымі марыянэткамі, калі яна і так прадуктыўна выкарыстоўвае іх у сваіх мэтах.

Мараль і сутнасьць палітыкі

Есьць розныя разуменьні і дэфініцыі палітыкі. Спадар Карбалевіч у артыкуле і камэнтарах падае дзьве: палітыка як мастацтва магчымага і як мастацтва разьмену. Разам з гэтым мараль выносіцца за межы палітычнай рэчаіснасьці, а ацэнкай палітыкі становяцца не катэгорыі «дабра і зла», а эфэктыўнасьць.

Такі падыход можа служыць апраўданьнем любой палітычнай авантуры і робіць бессэнсоўным змаганьне з аўтарытарнымі рэжымамі, бо гэтае змаганьне будуецца на сыстэме каштоўнасьцяў, глыбокім пачуцьці справядлівасьці, і барацьба гэтая часам зусім неэфэктыўная. На маю думку, палітыка ня можа быць аддзеленая ад маралі з той простай прычыны, што яна робіцца людзьмі і ўплывае на лёс мільёнаў іншых людзей і вельмі часта даволі драматычна. А як можа быць ацэненая чалавечая дзейнасьць і яе вынікі без выкарыстаньня сыстэмы маральных каштоўнасьцяў?

Як у звычайным жыцьці, так і ў палітыцы нашыя магчымасьці акрэсьліваюцца нашымі каштоўнасьцямі, якія ўплываюць на наш выбар. Нехта, каб зарабіць на жыцьцё, будзе працаваць, іншы — красьці. Другі можа быць нават больш эфэктыўным, ці гэта азначае што злодзей павінен быць эталёнам паводзінаў?

Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у яго быў даволі шырокі дыяпазон выбару і магчымасьцяў. Яму ніхто не перашкаджаў працягваць дэмакратычныя рэформы, паглыбляць нацыянальна-культурнае разьвіцьцё краіны, але сыстэма ягоных савецка-аўтарытарных каштоўнасьцяў, прага да ўлады прымусіла яго зрабіць іншы выбар: зьнішчыць дэмакратыю, нацыянальныя сымбалі, мову і незалежнасьць.

Што тычыцца «мастацтва разьмену», то дыяпазон таго, што на што можна разьмяняць ці вытаргаваць, таксама залежыць ад сыстэмы каштоўнасьцяў, іх наяўнасьці або адсутнасьці. Можна разьмяняць уласнае сумленьне на камфортнае жыцьцё «апазыцыйнага палітыка». Можна разьмяняць жыцьцё апанэнтаў на стабільнасьць сваёй улады, а мільярд — на незалежнасьць краіны.

У сваю чаргу, калі ацэньваць палітыку з пункту гледжаньня выключна эфэктыўнасьці, то можна дайсьці да абсурдных высноваў (пра гэта згадвалася чытачамі артыкулу ў камэнтарах). Напрыклад, што перашкаджае сказаць, што палітыка Сталіна, Гітлера ці Піначэта была неэфэктыўнай? Зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы, дзеяньні Сталіна былі больш чым эфэктыўнымі, бо ў выніку Савецкі Саюз стаўся найбуйнейшай імпэрыяй у гісторыі чалавецтва, кантраляваў палову Эўропы, распаўсюдзіў свае ўплывы у Азіі. З пункту гледжаньня эфэктыўнасьці зусім ня важна, што сталінскі рэжым закапаў у зямлю мільёны нявінных людзей, бо ўсё дзеля вялікай мэты, вялікай дзяржавы. А хіба не эфэктыўнай для Нямеччыны была палітыка Гітлера, прынамсі да 1941 году? А людзі? Людзі — проста паліва для эфэктыўнасьці палітыкі!

Урэшце, хіба не эфэктыўная палітыка Лукашэнкі? Ён трымае ўладу 21 год, яму ўдаецца жыць за кошт то Расеі, то Захаду. Няважна, што за гэтыя гады былі скалечаны сотні лёсаў, але ж у краіне стабільнасьць, вайны няма, пэнсіі і заробкі пакуль выплачваюцца. Тады паўстае пытаньне, навошта мяняць дзейны рэжым і будаваць нейкую дэмакратыю, тым больш што будаваць яе будуць людзі не прынцыповыя, якія дзейнічаюць па-за межамі маралі (а ля Дзьмітрыеў і Караткевіч)?

Усе ж палітыка, як казалі клясыкі, гэта мастацтва кіраваць дзяржавай, якое заключаецца ў дасягненьні максымальнага дабрабыту і разьвіцьця краіны і грамадзтва, якое немагчымае, калі палітык стаіць па-за межамі маралі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG