Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спачуваньні сваякам Шарамета выказваюць кіраўнікі многіх краінаў, акрамя Беларусі


Спачуваньні родным і блізкім забітага ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета выказалі вышэйшыя асобы дзяржаваў, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў, міжнародныя арганізацыі. Беларускае кіраўніцтва ад любых ацэнак таго, што адбылося, устрымліваецца.

Сярод тых, хто выказаў словы падтрымкі і асудзіў злачынныя мэтады, прэзыдэнты Ўкраіны Пётар Парашэнка і Грузіі Георгі Маргвелашвілі, кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні, міністар замежных спраў Эстоніі Марына Кальюранд, МЗС Літвы, амбасада Ўкраіны ў Беларусі, амбасада ЗША ў Беларусі, прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, байцы палка «Азоў», беларускія праўладная і незалежная журналісцкія супольнасьці, шэраг украінскіх СМІ.

З боку Расеі спачуваньне абмежавалася кіраўніком прэсавай службы прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова: «Шарамет быў грамадзянінам Расеі», — на ўсялякі выпадак удакладніў Пяскоў.

Ніводзін з адказных чыноўнікаў Беларусі пакуль ня выказаў свайго стаўленьня да трагедыі.

Маўчыць і Аляксандар Лукашэнка, і ягоная прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант — да прыходу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю яна працавала на БТ і фармальна зьяўляецца калегай забітага журналіста. Але зьвязацца зь ёй па тэлефоне не ўдалося.

Можна згадаць, што па першым часе, на пачатку сваёй кадэнцыі, Лукашэнка ўхваляў аналітычныя здольнасьці маладога вядоўцы праграмы «Праспэкт». Аднак у 1997 пасьля сюжэту пра дрэнную ахову беларуска-літоўскай мяжы, Паўла Шарамета і апэратара Зьмітра Завадзкага абвінавацілі ў несанкцыянаваным пераходзе беларуска-літоўскай мяжы і аддалі пад суд.

Лукашэнка ня раз нэгатыўна выказваўся на адрас Шарамета. Так, у 2009 годзе ў інтэрвію расейскаму выданьню «Завтра» ён назваў Шарамета «правакатарам», які выконваў заданьне алігарха Барыса Беразоўскага — пасварыць Менск з Масквой. І адаслаў менавіта да падзеяў 1997-га, калі Шарамет і Завадзкі былі абвінавачаныя ў перасячэньні дзяржаўнай мяжы, атрыманьні грошай ад замежных спэцслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасьці:

«Тады Беразоўскі ўмешваўся ў нашы адносіны з Ельцыным. Гэта ён накіраваў да нас журналіста Шарамета і загадаў яму зладзіць правакацыю на мяжы. Беразоўскі сам мне ў гэтым прызнаваўся», — заяўляў Лукашэнка.

Апроч таго, прычынай гібелі Зьмітра Завадзкага ў 2000 годзе ён лічыць адзін з матэрыялаў Шарамета, падрыхтаваны ім у якасьці ўласнага карэспандэнта расейскага «Першага каналу»:

«Была ваенізаваная група ў Беларусі. Гэта вельмі добра падрыхтаваныя хлопцы са спэцназу СССР. Яны паехалі ў Чачню і ваявалі на баку Масквы. Вярнуліся дадому. Прыяжджаюць да іх Шарамет і Завадзкі здымаць сюжэт для расейскага тэлебачаньня. І гавораць: беларускія грамадзяне ваююць на баку чачэнскіх сэпаратыстаў супраць фэдэральных войскаў. Шарамет выкруціўся, а Завадзкага злавілі: навошта ж ты нас абылгаў. І забілі, — выказаў абазнанасьць Лукашэнка. — Загінуў апэратар, а правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсялякія гадасьці пра Беларусь», — дадаў ён.

Павал Шарамет рэзка крытыкаваў беларускі рэжым. Ён суаўтар (са Сьвятланай Калінкінай) кнігі «Выпадковы прэзыдэнт», дзе галоўным антыгероем — Лукашэнка. Ён таксама аўтар дакумэнтальных фільмаў «Дзікае паляваньне» і «Дзікае паляваньне-2», прысьвечаных зьніклым апанэнтам улады. Сам журналіст наўпрост называў гэтыя працы «антыпрэзыдэнцкімі», удакладняючы:

«Я лічу Аляксандра Лукашэнку асабістым ворагам, але шчыра прызнаюся: часта стрымліваю сябе, каб не пісаць усю праўду аб некаторых лідэрах апазыцыі дзеля перамогі агульнай справы».

XS
SM
MD
LG