Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што пісаў апошнім часам Павал Шарамет?


Павал Шарамет

Павал Шарамет

Вядомы журналіст, ураджэнец Беларусі Павал Шарамет апошнім часам не публікаваў вялікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, а ў асноўным рыхтаваў інтэрвію зь вядомымі асобамі, пісаў аўтарскую калёнку і блогі, вёў перадачу на радыё.

На сайце «Беларускі партызан», стваральнікам і каардынатарам якога ён зьяўляўся, Павал Шарамет вёў калёнку. Апошні ягоны тэкст ад 17 ліпеня быў прысьвечаны таму, як зьмянілася яго стаўленьне да беларускай мовы пасьля таго, як ён пажыў ва Ўкраіне.

«Зь дзяцінства я быў аддзелены ад беларускай мовы правіламі нашага грамадзтва. Я вырас у добрай сямʼі адукаваных людзей, навукоўцаў і чыноўнікаў. Але мы ніколі не размаўлялі на беларускай мове. Ніхто вакол нас не размаўляў на беларускай.

Потым, пазьней, я сам быў адэптам ідэі, што ня трэба навязваць людзям мову і пасьмейваўся з упартасьці тых, хто працягваў размаўляць на беларускай. Я падазраваў іх у няшчырасьці і нават кан’юнктурнасьці. Я і цяпер сьцьвярджаю, што сапраўднымі патрыётамі Беларусі могуць быць і людзі, якія не якія гавораць па-беларуску, як абараняюць Украіну рускамоўныя салдаты. Аднак сёньня мне сорамна за тыя думкі», — пісаў Шарамет.

На сайце «Ўкраінская праўда», адным з кіраўнікоў якога ён зьяўляўся, Павал Шарамет у асноўным рабіў вялікія інтэрвію са знакавымі асобамі. Сярод яго апошніх тэкстаў — інтэрвію зь вядомым амэрыканскім гісторыкам Цімаці Снайдэрам наконт Brexit, інтэрвію з Нобелеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, інтэрвію з новым старшынёй Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хаціёй Дэканаідзэ. Таксама ён вёў аўтарскую калёнку на сайце «Ўкраінскай праўды», дзе выказваўся па найбольш актуальных пытаньнях сучаснай украінскай палітыкі, а таксама блог.

Апошні допіс у блогу на «УП» выйшаў тры дні таму, 17 ліпеня, і быў прысьвечаны праблеме ўплыву добраахвотніцкіх батальёнаў на ўнутраную палітыку ва Ўкраіне. Перадапошні допіс датычыў чэрвеньскай паездкі Шарамета ў Беларусь, дзе ён наведаў маці і схадзіў на магілу бацькі. У тэксьце «Рэкеціры Лукашэнкі на дарогах» расказваў пра штрафы і паборы, якія ён быў вымушаны заплаціць на беларускіх дарогах.

«Я кожны раз дзіўлюся таму, што жывуць беларусы так жа цяжка, як і ўкраінцы, шмат у чым нават бядней і цяжэй, але чамусьці грэбліва ставяцца да Ўкраіны. Расейская прапаганда ператварае людзей у зомбі», — пісаў сярод іншага журналіст.

На радыё «Вести» Павал Шарамет вёў аўтарскую праграму «Раніца Паўла Шарамета». Паведамляецца, што менавіта на эфір гэтай праграмы ён ехаў, калі ягоны аўтамабіль выбухнуў.

XS
SM
MD
LG