Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС хоча загнаць правы чалавека ў «разумныя межы». Стэфановіч: Гэта культурны рэлятывізм


Ілюстрацыйнае фота. Пасяджэньне Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку

Ілюстрацыйнае фота. Пасяджэньне Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 12 ліпеня выступіў з прамовай наконт беларускага бачаньня праблемы правоў чалавека.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, Валянцін Рыбакоў адзначыў, што «ўлік правоў чалавека ў дзейнасьці ААН павінен мець разумныя межы», падкрэсьліўшы «недапушчальнасьць штучнага нагнятаньня праблемы ў галіне правоў чалавека, дзе гэта ня трэба, і выкарыстаньня праваабарончай тэматыкі для палітычнага ціску на сувэрэнныя дзяржавы».

Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН было прысьвечана тэматыцы правоў чалавека. У ім браў удзел генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч прызнаўся Свабодзе, што не зусім разумее, што меў на ўвазе Рыбакоў, кажучы пра «ўлік правоў чалавека» і «разумныя межы».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Я не разумею, што такое „ўлік правоў чалавека“. Улік можа быць на базе ці ў краме, а вось „улік праў чалавека“ — у мяне нават няма вэрсій, што мелася на ўвазе.

Зрэшты, калі казаць пра „разумныя межы“, то беларускі МЗС часта гаворыць пра асаблівае разуменьне правоў чалавека ў Беларусі, пра тое, што хтосьці чагосьці камусьці навязвае. Але ўсё гэта ідэі культурнага рэлятывізму, якія апошнім часам некаторыя краіны прапагандуюць — такім чынам праводзіцца пэўная рэвізія прынцыпу ўнівэрсальнасьці правоў чалавека. Мы гэтага ня можам прыняць, як і ААН. Бо яна таму і называецца Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека, што яна аднолькавая для ўсіх. Таму ААН зыходзіць у сваіх ацэнках менавіта з прынцыпу ўнівэрсальнасьці правоў чалавека, што яны аднолькавыя і для Кітая, і для ЗША, і для Беларусі, і для Зымбабвэ. Таму цяжка зразумець, пра якія разумныя межы гаворка ідзе», — падкрэсьліў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG