Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя затрымала правакатараў, якія абражалі бел-чырвона-белы сьцяг


Belarus - police flag elections

Belarus - police flag elections

Двое мужчынаў абражалі нацыянальныя сымбалі і ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў па вылучэньні ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў першага намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, а потым зьдзейсьнілі напад на пікетоўшчыкаў. Міліцыя затрымала правакатараў, паведамляе pyx.by.

«Двое мужчынаў выпівалі каля крамы на вуліцы Каліноўскага, каля якой стаяў і наш пікет», — распавёў сайту Pyx. by сябра ініцыятыўнай групы Алесь Славінскі.

Паводле яго словаў, у нейкі момант яны падышлі да пікету і пачалі абражаць пікетоўшчыкаў і нацыянальныя сымбалі. Адзін зь іх два разы ўдарыў сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Русевіча.

Аляксандар апісаў чалавека, які напаў на яго, як мажнага чалавека гадоў 25, з татуіроўкамі.

«Мужчыны моцнага целаскладу, магчыма, мясцовыя жыхары, магчыма правакатары», — дадаў Алесь Славінскі.

Удзельнікі пікету выклікалі міліцыю, якая затрымала хуліганаў і склала пратакол. На месца здарэньня таксама прыехаў прадстаўнік Сьледчага камітэту.

Адзначым, правакацыі на пікетах у падтрымку Юрася Губарэвіча адбываюцца два дні запар. 9 ліпеня пара нападпітку пачала правакаваць на канфлікт пікетоўшчыкаў на вул. Каліноўскага, каля ГЦ «Усход».

«Пара бальзакаўскага ўзросту ўселася непадалёк ад пікету і пачала расьпіваць алькагольныя напоі. Жанчыну зацікавіла, колькі нам заплацілі, каб мы пачалі стаяць пад бел-чырвона-белым сьцягам», — распавёў сайту Pyx.by сябра ініцыятыўнай групы Мікіта Семяненка.

Потым, паводле ягоных словаў, да яго «падляцеў мужчына і пачаў правакаваць на бойку, абражаючы мяне, беларускую мову і нашую краіну».

«Усё адбывалася пад камэрамі гандлёвага цэнтру, таму любая агрэсіўная рэакцыя з майго боку магла быць выкарыстаная супраць зборнікаў подпісаў за Губарэвіча. Я спрабаваў пераканаць чалавека весьці сябе культурна, але мужчына толькі і працягваў крычаць, быццам мы хочам у Беларусь прывесьці НАТА і прадацца амэрыканцам», — дадаў Семяненка.

Паводле яго словаў, правакацыю заўважылі хлопцы спартовага целаскладу, якія зьнешне нагадвалі футбольных фанатаў. «Адзін з хлапцоў спытаў у п’янога мужчыны, чаму ён нас правакуе, і прапанаваў адысьці паразмаўляць за Унівэрсам. П’яны пакрычаў яшчэ крыху, а пасьля ўцёк», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Першы намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч вылучаецца ў дэпутаты па Каліноўскай выбарчай акрузе Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG