Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на блог Віталя Цыганкова я мог бы напісаць тоўстую брашуру. У цьвёрдай вокладцы. Столькі тут тэм і аспэктаў. Але жанр дазваляе толькі тэзісы.

Ніколі не заклікаў нікога каяцца, гэта не мая справа. Мне цікавы мэханізм споведзі. Чалавеку неверагодна цяжка прыгадаць уласныя грахі, ён уяўляецца сабе бязгрэшным. Пра іншага сходу ёсьць што сказаць, пра сябе – нічога такога на памяць не прыходзіць. Адзіны спосаб нешта вывудзіць – зірнуць на сябе як на іншага, пабачыць сябе чужымі вачыма, пералічыць грахі вольныя ці міжвольныя, ведаючы, што галоўнае тут – не не перабаршчыць (што, зрэшты, немагчыма), а – ачысьціцца і ўзьняцца, адчуць сябе сталым, добрым і моцным духам. Тут што пра чалавека, што пра нацыю.

Чалавеку і нацыі гэта вельмі цяжка даецца – зірнуць на сябе як на іншага.

Віталь піша пра ўдзел беларусаў у галакосьце і спасылаецца на ізраільскага гісторыка, які кажа, што беларусы ў гэтай справе былі пасіўныя. Можна было б наўпрост спасылацца на данясеньні нямецкіх афіцэраў, якія ёсьць у адкрытым доступе. Асабіста мне даводзілася пісаць на гэтую тэму не аднойчы.

Але гэтыя крыніцы ацэначныя і адносныя – гэта не статыстыка. Могуць быць не зусім дакладнымі і мае «домыслы», тым ня менш, я кіруюся крыху іншымі крыніцамі.

Колькі габрэяў зьнішчылі самі беларусы – засакрэчаная ў архівах КДБ інфармацыя. Хоць лёгіка простая. Аналіз па Літве (дзе «літоўцы самі зьнішчылі 200 тысяч габрэяў») паказвае, што ў кожным мястэчку, на палову і болей габрэйскім, у 1942 годзе ўвадначасьсе забівалі каля тысячы плюс мінус дзясяткі габрэяў (у буйных гарадах болей, напрыклад 5 тысяч на менскай Яме). Пра гэта сьведчаць помнікі на ўзьлесках, шмат помнікаў, якія я бачыў на ўласныя вочы. А Беларусь – тая самая «рыса аселасьці», што і Літва, дзе мястэчак з паловай і болей габрэйскага насельніцтва было, як мінімум, тысяча. І вынік той самы. Можна сказаць, што забівалі немцы, украінцы ці тыя ж літоўцы. Але хіба ў нас не было сваёй паліцыі? Тысяча па тысячы. І мы, беларусы, толькі ратавалі, праведнікі міру…

Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт «няўдзелу беларусаў у генацыдзе» – марадзёрства, не адзін факт якога прыводзіць, напрыклад, Зьміцер Бартосік у сваіх Падарожжах Свабоды:

— Мы жылі ў вёсцы. І як забралі яўрэяў... Я помню, як мама мая і іншыя жанчыны пайшлі нешта шукаць у іх. Мая мама на сьпіне прынесла стол невялікі. І крэсла яшчэ. На сабе… Мая дачушка ў Мінск яго забрала. Такое крэсла прыгожае! Як у начальніка. І вось цяпер яно ў дачкі, у Мінску. Мая мама крэсла прынесла, а людзі павозкамі вывозілі. З усіх вёсак людзі прыяжджалі. Некаторыя людзі многа золата знайшлі. Пасьля вайны будаваліся за тое золата. Цэлыя скарбы знаходзілі.

Беларусы – праведнікі… Гэтая аблуда, канечне ж, ляжыць у базе лукашэнкаўскай ідэалёгіі. Нацыя-партызанка, у якой героі Ваўпшасаў і Мельнікайтэ. Ці – нацыя паліцаяў, якая ўдала хавае сваё мінулае ў архівах КДБ. Зьміцер Гурневіч піша, што абразіўся б, калі б беларусаў назвалі нацыяй паліцаяў.

Я б не абразіўся ні на паліцаяў, ні на партызанаў, што ў сутнасьці было тое самае, бо галоўны штаб першых быў у Бэрліне, а галоўны штаб другіх – у Маскве, там, дзе ніколі ня думалі і ня мусілі думаць пра нейкіх беларусаў і іхную радзіму. І таму для нашых партызан і паліцаяў кожная вайна на нашай зямлі станавілася грамадзянскай, што дакладна апісаў у сваім «Vixi» Алесь Адамовіч:

«Праз паўгода большасьць з глушанскіх падпольшчыкаў пайшлі ў лес, у партызаны, і ў гэтую ж ноч з 3 на 4 сакавіка 1943 году партызаны павялі з сабой, выкраўшы ў немцаў з-пад носу (як зімой ваўкі сабаку выкрадваюць ад самага парога гаспадара), усю паліцыю. Падрыхтаваў гэта, вядома, Міша Каваленка і яго група ў самой паліцыі — яны ў тую ноч усе стаялі ў каравуле, і астатніх дваццацёх трох паліцэйскіх узялі «цёпленькімі», соннымі… Іх пагналі кудысьці асобна ад нашага абозу, а калі наляцелі нямецкія самалёты і ўзяліся нас бамбіць, паліцэйскіх (так расказвалі) зачынілі ў нейкім хляве, каб не разьбегліся. Але адтуль яны так і ня выйшлі, і толькі потым мы пачулі, што адбылося: ляжалі там дровы, і камусьці з начальнікаў аховы прыйшла ідэя — няхай самі канчаюць сябе. Сказалі паліцэйскім: «22 — гэта перабор, далей павядзём толькі палавіну, самі вось гэтым (паленьнем) вырашайце, каму жыць, а каму не». Слухалі празь сьцены, як унутры г э т а адбывалася, а потым зайшлі і перастралялі «пераможцаў турніру» (так гэта называлі зь нядобрым сьмехам)».

Але вернемся да галакосту. Само слова яўрэй зьявілася ў беларускай мове ў 1930-я гады, калі з Расеі прыйшло абразьлівае гучаньне слова «жыд». Так мы, беларусы, выпалі ў асадак цывілізацыйнага працэсу, калі саманазва нейкай нацыі можа стаць кляймом. Літоўцы, палякі, чэхі пакінулі жыда, каб самім мець магчымасьць зьмяніць адносіны да гэтай нацыі, а не маскіраваць сваю ахвяру пад нешта іншае. Дакладна як партызан у нас пакінулі, а паліцаяў – у закрыты архіў, як бы і не было іх. А па выніку атрымалася, што пакінулі «жыдоўскую морду», якую можна было ненавідзець і забіваць, а для пашпарту ўвялі яўрэя. Быццам нэўтральнага, проста слова такое, хоць і ня надта мілагучнае па-беларуску, але вы ж разумееце…

Цяжка нам усьвядоміць сябе нацыяй паліцаяў, бо ўсё яшчэ цяжка ўсьвядоміць сябе нацыяй. Пераступіць праз сваё паскудзтва і ісьці далей. І ня ў тым справа, што архівы закрытыя. Нікому не прыемна пачуць пра сваю нацыю непрыемнае. Але бяз гэтага ніякае разьвіцьцё немагчымае. Тэзу пра тое, што Лукашэнку выгадна трымаць беларусаў у стане неданацыі можна было б і не паўтараць – яна відавочная.

Афіцыйная пазыцыя, якую можна сабраць у фразу «рэвалюцыя, калектывізацыя, Сталін – гэта наша гісторыя», у тых выпадках, калі гаворка ідзе пра злачынствы партызан і паліцаяў, ператвараецца ў «навошта варушыць мінулае» і трапляе на ўдзячную глебу масавае сьвядомасьці, якая ахвотна пагаджаецца з характарыстыкай «беларусы – праведнікі», бо гэта ж пра сябе. Бяда толькі, што з такой, амаль цалкам табуяванай гісторыяй мы ніколі ня станем нармальнай нацыяй з усьведамленьнем сваіх ганебных паводзінаў. А кожнаму пэдагогу і сьвятару вядома, што для таго, каб прайсьці праз усьведамленьне сваёй грахоўнасьці і ўзвысіцца, зусім неабавязкова ўчыняць злачынства.

Паўтаруся, ніколі не заклікаў нікога каяцца. Але заклікі да непакаяньня лічу дзіцячай гардыняй, якая, сярод іншых фактараў, замінае дасьпяваньню нацыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG