Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму некаторым так «крамольна» і страшна прызнаць, што беларусы падчас вайны адрозьніваліся ў лепшы бок ад суседзяў?

Апошнія дні дыскусіі ў Фэйсбуку часта праходзяць паводле наступнага сцэнару: адны людзі (сярод якіх даволі нярэдка ёсьць і яўрэі) кажуць, што беларусы падчас вайны адрозьніваліся ад суседзяў сваім стаўленьнем да яўрэяў, меншым узроўнем антысэмітызму, тут не было такіх трагедыяў, як у Літве, Украіне, Польшчы, калі мясцовыя зьнішчалі яўрэяў самастойна, без дапамогі немцаў. Другія, «прагрэсіўныя», беларусы кажуць — «ды што вы, мы нічым не адрозьніваемся, мы такія ж як усе, трэба каяцца».

Чытаю сярод іншага працу гісторыка Розэнблата «Стаўленьне польскага і беларускага насельніцтва да габрэяў на Палесьсі ў першыя тыдні Вялікай айчыннай вайны».

Некалькі цытатаў адтуль:

«Хоць акупанты і спрабавалі інсцэнізаваць пагромы супраць габрэяў, на Палесьсі, як і наогул на ўсёй Беларусі, гэта аказалася немагчымым праз пасіўнасьць беларусаў».

«Завадатарамі пагромаў і рабаваньня габрэяў былі арганізаваныя падчас безуладзьдзя ў банды людзі, сярод якіх часта былі дэзэрціры».

«Бальшыня беларусаў ня мела да габрэяў ні гневу, ні ласкі, а паводзіла сябе ў дачыненьні да іх абыякава і пасіўна. Габрэяў зазвычай шкадавалі, але толькі і ўсяго. На стаўленьне палешукоў да габрэяў і да іх лёсу ўплываў страх. З аднаго боку гэта быў страх, што іх пакараюць за перахоўваньне габрэяў і за аказаньне ім дапамогі».

І вось, абапіраючыся на такія працы, як спадара Розэнблата (я ўвогуле ўжо тры дні чытаю ўсё, што магу сустрэць па гэтай тэме) ды іншых, я нагадваю даўно вядомую рэч — у гістарычнай навуцы існуе даволі цьвёрдае перакананьне, што беларусы масава і добраахвотна не ўдзельнічалі ў зьнішчэньне яўрэяў падчас Другой сусьветнай вайны. Мала таго, для мяне сёньня застаецца адкрытым пытаньне, якое я стаўлю перад гісторыкамі — а ці былі ўвогуле факты, калі б беларусы самі, ня ў рамках службы ў нямецкіх акупацыйных злучэньнях, а добраахвотна, арганізоўваліся і масава забівалі яўрэяў? Я пакуль не знайшоў такіх фактаў.

А мне ў адказ — «не, мы такія ж як і ўсе, трэба каяцца»

Слухайце, я столькі непрыемнага напісаў за сваё жыцьцё пра некаторыя нэгатыўныя (на маю думку) рысы беларусаў, што мяне абзывалі і антыбеларусам, і антыпартыётам. Але калі ёсьць нешта станоўчае, што абʼектыўна было ў гісторыі, што ў тым ліку адрозьнівае нас у лепшы бок ад суседзяў — ЧАМУ Б ГЭТАГА НЕ ПРЫЗНАЦЬ?

А мне ў адказ — ня будзем мерацца. Будзем каяцца. Усе каюцца, і мы павінны. Бо гэта мода такая эўрапейская. Як так, усе каюцца, а мы чым лепшыя?

Вось Сяргей Дубавец так і напісаў адкрыта — ня важна, было паскудзтва ці не. «Нацыя, якая здолее пераступіць праз сваё паскудзтва, мае шанец на чыстую будучыню. Нават калі ніякага паскудзтва не было. Калі ж нацыя пачынае даводзіць, што паскудзтва не было, што гэта не паскудзтва, што гэта не яе паскудзтва, што яе паскудзтва тут толькі кавалак — яна застанецца з гэтым паскудзтвам і ў будучыні. Нават калі ніякага паскудзтва і не было».

То бок — трэба каяцца, як усе «цывілізаваныя людзі». Ня важна, за што. Проста прынцып такі, мода такая. Эўропа за ўсё каецца — за імпэрыялізм, за эксплёатацыю, за крыжовыя паходы, за расізм, за сэксізм, за капіталізм. А вось японцы ці кітайцы ня каюцца. Як і амэрыканцы, дарэчы. Ані за бамбаваньне Дрэздэну, ані нават за Хірасіму і Нагасакі. Недаразьвітыя нейкія, ня маюць яны шанцу «на чыстую будучыню».

Увогуле, пакаяньне — гэта калі ёсьць грэх, ягонае глыбокае асэнсаваньне і шчырае жаданьне яго не паўтарыць. Што з гэтага можна прымяніць да беларусаў як нацыі падчас Другой сусьветнай вайны?

Беларусам, як мне здаецца, ёсьць за што каяцца — і за тое, што занадта шчыра прынялі бальшавіцкую ўтопію, і за адмаўленьне ад сваёй мовы, і за мэліярацыю, і, вядома ж, за свой выбар у 1994-м — хоць кожны з гэтых пунктаў, безумоўна, дыскусійны. Але паводзіны падчас Другой сусьветнай вайны народу, які ня меў на той момант сваёй дзяржаўнасьці, ня мог выракоўваць свой лёс, і пры гэтым прынёс ахвяраў больш за іншых — у гэты сьпіс ніяк не ўваходзяць.

Я ня бачу прычынаў, каб беларусы каяліся за нешта, што не ўчынялі, проста таму, што «ўсе так робяць». Гэта сьляпое паўтарэньне чужой матрыцы, якая да нас ня мае дачыненьня. І гэта, акрамя ўсяго, зраўнаньне ахвяры і ката — маўляў, «усе былі аднолькавыя».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG