Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя забрала кампутар і тэлефон берасьцейскага блогера, які сабраўся ў дэпутаты


Сяргей Пятрухін

Сяргей Пятрухін

Да прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту Сяргея Пятрухіна, які балятуецца ў Берасьці, прыйшлі міліцыянты і забралі яго мабільны тэлефон і ноўтбук.

Cпадар Пятрухін так пракамэнтаваў Свабодзе інцыдэнт зь міліцыянтамі:

«Міліцыянты прыйшлі ў сувязі з камэнтаром, які быццам бы я пакінуў датычна аднаго буйнога чыноўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю. Я рабіў рэпартаж пра яго тры месяцы таму, дзе распавядалася, што былы старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму незаконна перадаў яму надзел у цэнтры гораду. Паводле майго рэпартажу была распачатая крымінальная справа».

Сяргей Пятрухін распавёў, што ў часе візыту міліцыянтаў яго зьдзівіла патрабаваньне аддаць мабільны тэлефон, які ён набыў тыдзень таму і мае аб гэтым адпаведныя дакумэнты. Спадар не разумее, якое дачыненьне можа мець гэты тэлефон да справы трохмесячнай даўніны.

«Я сёньня пачаў зьбіраць подпісы, у мяне ў кампутары ўся мая база кантактаў, усе мае напрацоўкі», — кажа Сяргей Пятрухін.

Пятрухін не выключае, што аднаўленьне справы аб камэнтары на сайце зьвязанае з актывізацыяй яго выбарчай кампаніі.

Вядомы берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі на тэму карупцыі чыноўнікаў і сілавікоў. На сваім youtube-канале «Народны рэпарцёр» ён выкладае відэасюжэты на праблемныя тэмы, зьвязаныя са злоўжываньнямі чыноўнікаў. Кожнае расьсьледаваньне журналіста зьбірае тысячы праглядаў у сеціве.

Адзін зь нядаўніх фільмаў Сяргея Пятрухіна «Как заработать 50 базовых» распавядаў аб вылучэньні гарвыканкамам надзелу зямлі чыноўніку дзяржкантролю.

У сваім расьсьледаваньні Сяргей Пятрухін выказаў меркаваньне, што былы старшыня гарвыканкаму Аляксандар Палышэнкоў, які садзейнічаў выдзяленьню надзелу чыноўніку, «нанёс дзяржаве матэрыяльныя страты ў асабліва буйным памеры».

Ужо пасьля зьяўленьня матэрыялу Пятрухіна ў сеціве, у траўні да яго прыходзілі міліцыянты з прэтэнзіямі да камэнтару, які нехта пакінуў на рэгіянальным сайце на адрас чыноўніка. Аднак потым справа ня рухалася і Сяргей Пятрухін кажа, што ўжо і ня думаў, што яна адновіцца ў часе яго выбарчай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG