Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесін: Расейская дывізія пад Смаленскам — гэта жэст недаверу да Беларусі


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін упэўнены, што няма падстаў лічыць, што фармаваньне мотастралковай дывізіі пад Смаленскам — гэта падрыхтоўка расейскай агрэсіі супраць Беларусі.

Як паведамляюць сёньня расейскія СМІ са спасылкай на Генштаб, мотастралковая дывізія, якая ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі Ўзброеных сіл Расеі, будзе разгорнутая пад Смаленскам у Ельні ў сярэдзіне наступнага году. Плянуецца, што ў склад дывізіі ўвойдуць 10 тысяч чалавек.

«Ці гэта супраць Беларусі? Улічваючы колькасьць узброеных сіл, якія цяпер сканцэнтраваныя на заходнім напрамку Расеі, можна сказаць, што гэта групоўка ня мае наступальнага характару. Яна мае абарончы характар і па канфігурацыі, і па колькасьці. Таму гэта пытаньне трэба зьняць», — лічыць Аляксандар Алесін.

І ўсё ж нельга сказаць, што разгортваньне Еленскай мотастралковай дывізіі зусім ня зьвязана зь Беларусьсю.

«Такім чынам фармуецца другі эшалён расейскай абароны супраць НАТО. На выпадак калі не вытрымае першы — калі беларуская армія не стрымае праціўніка. Гэта адлюстроўвае некаторае астуджэньне адносінаў таму што Расеі падобна скептычна ставіцца да таго, што Беларусь можа затрымаць новую групоўку НАТО, якая цяпер фармуецца ў краінах Балтыі і Польшчы. Хаця такая сытуацыя (вайна паміж НАТО і Расеяй — РС) выключна гіпатэтычная і ніводны бок не зацікаўлены ў ваенным канфлікце. Але расейцы яўна рыхтуюцца да далейшага абвастрэньня. Калі саміт у Варшаве пастановіць на пастаяннай аснове разьмясьціць у Польшчы базы НАТО і дадатковы кантынгент у краінах Балтыі, то можна чакаць, што і на заходніх межах Расеі (то бок на ўсходніх межах Беларусі) зьявяцца яшчэ нейкія падразьдзяленьняў. Гэта сыходзіць зь лёгікі супрацьстаяньня», — падкрэсьлівае экспэрт.

Такім чынам, адзначае Алесін, можа ісьці гаворка аб пэўным недаверы з боку Расеі да абаронных здольнасьцей Беларусі.

«Гэта свайго роду „фэ“. Беларусь не захацела разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі расейскія ваенныя базы, таму гэта такі жэст недаверу: маўляў, ня хочаце на вашай тэрыторыі, мы разьмесьцім на сваіх заходніх межах», — мяркуе экспэрт.

XS
SM
MD
LG