Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абітурыентам-адвэнтыстам не далі магчымасьці здаць ЦТ не ў суботы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рабочая група па забесьпячэньні дзейнасьці дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньня ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі не дазволілі прыхаджанам Царквы Хрысьціян Адвэнтыстаў Сёмага Дня, якія з рэлігійных перакананьняў не прыйшлі на іспыты ў суботы 18 і 25 чэрвеня, здаць іх у іншы дзень.

Як паведамляе БелТА, такое рашэньне было прынятае 1 чэрвеня. Нагодай для разгляду пытаньня, зьвязанага з адвэнтыстамі, стаў зварот старэйшага біскупа Канфэрэнцыі цэркваў хрысьціян адвэнтыстаў сёмага дня ў Рэспубліцы Беларусь Вячаслава Бучнева з просьбай даць магчымасьць сябрам яго царквы прайсьці тэставаньне па біялёгіі і замежнай мове ў рэзэрвовы дзень.

Камісія адмовіла, падкрэсьліўшы, што ўступныя тэсты зьяўляюцца пачатковым этапам атрыманьня вышэйшай адукацыі, падчас якой заняткі праводзяцца і па суботах.

«У ранейшыя гады дзяржкамісія ішла насустрач такім абітурыентам і ў парадку выключэньня давала падобную магчымасьць, якая не можа трактавацца як штогадовая норма. Пра гэта, а таксама пра тое, што падобныя звароты надалей дзяржкамісіяй разглядацца ня будуць, царква была пісьмова папярэджаная ў мінулым годзе», — зьвярнулі ўвагу ў прэс-службе камісіі.

Падставамі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні ў рэзэрвовы дзень, адзінымі для ўсіх абітурыентаў, зьяўляюцца толькі «хвароба або іншыя непрадбачаныя абставіны, якія перашкаджаюць ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні і пацьверджаныя дакумэнтальна».

Хрысьціяне адвэнтысты сёмага дня — сусьветная хрысьціянская царква пратэстанцкага кірунку. Самыя характэрныя рысы яе веравучэньня — вера ў блізкае прышэсьце Ісуса Хрыста і выкананьне Дзесяці запаведзяў з акцэнтам на шанаваньне суботы.

Свабода зьвярнулася па камэнтар да Вячаслава Бучнева, але яго сакратарка паведаміла, што ён ня мае часу, а ніхто іншы кантактаваць з СМІ не ўпаўнаважаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG