Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на дармаедзтва і прымусовыя суботнікі ўключылі ў Справаздачу аб гандлі людзьмі


Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры прадстаўляе справаздачу

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры прадстаўляе справаздачу

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу ў справе гандлю людзьмі, у якім аналізуецца сытуацыя і ў Беларусі.

У справаздачы адзначаецца, што Беларусь — краіна, у якой існуюць сэксуальная эксплёатацыя і прымусовая праца; краіна, зь якой пастаўляюцца людзі для сэксуальнай эксплёатацыі за мяжой, а таксама празь якую зьдзяйсьняецца транзыт такіх людзей.

Як вынікае з тэксту, грамадзяне Беларусі ў першую чаргу робяцца ахвярамі гандлю людзьмі ў Расеі і Беларусі, а таксама ў Польшчы, Турэччыне, іншых краінах Эўразіі і на Блізкім Усходзе. Канстатуецца, што беларускія жанчыны падвяргаюцца сэксуальнай эксплёатацыі ў замежных забаўляльных і гатэльных сфэрах.

Нагадваецца, што ў ліпені 2015 году Рада па правах чалавека ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю, у якой выказала глыбокую занепакоенасьць з прычыны парушэньня ўрадам працоўных правоў грамадзянаў і ўжываньня прымусовай працы. Эўрапарлямэнт асудзіў указ прэзыдэнта Беларусі, які быў прыняты ў красавіку 2015 году і абавязвае беспрацоўных плаціць пошліну дзяржаве (маецца на ўвазе так званы «падатак на дармаедзства»). Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах адзначыў, што ўказ прэзыдэнта Беларусі, прыняты ў сьнежні 2012 году пазбаўляе працаўнікоў дрэваапрацоўчай прамысловасьці свабодна звальняцца са сваіх працоўных месцаў. Гэты ўказ абавязвае работнікаў кампэнсаваць пры выпадку звальненьня штомесячныя бонусы. У выпадку няздольнасьці пагасіць гэтыя бонусы, работнікі абавязаныя працягваць працу пад кантролем праваахоўных органаў.

Працягвае дзейнічаць закон 2010 году, паводле якога хворыя на алькагольную і наркатычную залежнасьць могуць быць адпраўленыя на тэрмін ад 12 да 18 месяцаў у мэдычныя цэнтры прымусовай працы; па стане на чэрвень 2015 году ў такіх цэнтрах было каля 6 700 чалавек.

У справаздачы асобна гаворыцца пра тое, што ў Беларусі працягваецца практыка прымусовага прыцягненьня людзей да ўдзелу ў «суботніках» пад пагрозай скасаваньня працоўных кантрактаў ў дачыненьні да тых, хто ў гэтых «суботніках» ня ўдзельнічае.

Таксама прыгадваюцца прымусовыя працы школьнікаў старэйшых клясаў і студэнтаў вышэйшых навучальных установаў на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі.

У справаздачы ўтрымліваецца шэраг рэкамэндацыяў для ўраду Беларусі. Так, прапанавана скасаваць усе формы прымусовай працы, у тым ліку шляхам адмены прэзыдэнцкіх указаў і заканадаўчых актаў. Канкрэтна, гэта тычыцца выплаты «пошліны на дармаедзтва», скасаваньня прыцягненьня да прымусовай працы залежных на алькаголь і наркотыкі. Рэкамэндуецца значна актывізаваць намаганьні ў справе расьсьледаваньня і судовага перасьледу вінаватых у выпадках прымусовай працы і сэксуальнай эксплёатацыі, пры гэтым варта ўнесьці папраўкі ў артыкул 181 Крымінальнага Кодэксу, адносна занятку прастытуцыяй асобаў, маладзейшых за 18 гадоў. Прапануецца павялічыць рэсурсы для дапамогі пацярпелым, у тым ліку і для тэрытарыяльных сацыяльных цэнтраў і недзяржаўных арганізацый, забясьпечваць мэдычна-санітарную дапамогу непаўнагадовым ахвярам сэксуальнай эксплёатацыі, актыўна праводзіць праверку ўсіх асобаў, якія задзейнічаныя ў сфэры прастытуцыі, на прадмет гандлю людзьмі.

XS
SM
MD
LG