Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прэзыдэнт Турэччыны выказаў шкадаваньне з нагоды зьбіцьця расейскага самалёта і выбачыўся перад сям’ёй загіблага лётчыка? І якімі будуць наступствы гэтага кроку? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган накіраваў ліст расейскаму прэзыдэнту Пуціну, у якім выказаў шкадаваньне з нагоды зьбіцьця расейскага самалёта і выбачыўся перад сям’ёй загіблага лётчыка, выказаў гатоўнасьць заплаціць кампэнсацыю.

Чаму праз 7 месяцаў жорсткага канфлікту Анкара капітулявала, зрабіла тое, чаго Масква дамагалася ад пачатку канфлікту?

Безумоўна, сваю ролю адыгралі эканамічныя чыньнікі. Расея спыніла паток турыстаў у Турэччыну, якія былі істотнай крыніцай даходаў тамтэйшай казны, было ўведзенае эмбарга на гандаль, турэцкія кампаніі павыкідалі з Расеі. Усё гэта былі моцныя ўдары па турэцкай эканоміцы. Але не сьмяротныя.

Безумоўна, сваю ролю адыгралі эканамічныя чыньнікі. Расея спыніла паток турыстаў у Турэччыну, якія былі істотнай крыніцай даходаў тамтэйшай казны, было ўведзенае эмбарга на гандаль, турэцкія кампаніі павыкідалі з Расеі. Усё гэта былі моцныя ўдары па турэцкай эканоміцы

Так выглядае, што большую ролю адыгрывалі палітычныя чыньнікі. Адзін зь іх — адносіны Расеі з курдамі. У канфлікце ў Сырыі Масква падтрымлівае пэшмэргу — курдзкае апалчэньне, якое вядзе баі з Ісламскай дзяржавай. Пэшмэргу падтрымліваюць і Злучаныя Штаты, але ў сырыйскіх курдаў ёсьць кроўныя браты у Турэччыне, тамтэйшыя курды, у тым ліку і тыя, што змагаюцца з Анкарой са зброяй у руках.

І каскад выбухаў, якія гучаць у турэцкіх гарадах ледзь ня штотыдзень — ці ня ўскосны вынік гэтай супрацы Масквы з курдамі? Не, зразумела, не з тэрарыстамі, прамога сьледу Масквы там няма і блізка. Але магчыма што пры паляпшэньні адносінаў Масква магла б паўплываць на сваіх партнэраў, каб тыя паводзілі сябе больш стрымана.

Але калі курдзкі сюжэт — даволі спэкуляцыйны, то стасункі Турэччыны з Эўропай — зусім відавочны. Эрдаган згуляў «турэцкі гамбіт», пайшоў насустрач Эўразьвязу, узяўшы на сябе ладную частку міграцыйнага цунамі, якое захлынае Эўропу з Блізкага Ўсходу. Эўропа стогне ад мільёна мігрантаў, у Турэччыне ўцекачоў ужо два мільёны і колькасьць іх працягвае расьці. Але за дапамогу Эўропе Турэччына нечага хацела. І ня толькі грошай. Але і бязьвізавага рэжыму з ЭЗ зараз, і яснай пэрспэктывы ў перамовах аб сяброўстве. І не атрымала. Эрдаган публічна заяўляе пра падман з боку Захаду.

Наколькі Захад сапраўды парушыў свае абяцаньні — асобнае пытаньне, але відавочна, што стасункі Анкары з Эўропай істотна пагоршыліся. НАТО ніхто не адмяняў, у выпадку ваеннай пагрозы Турэччыну партнэры па альянсе напэўна б абаранілі, але не пра вайну гаворка. Стратэгічнага альянсу не атрымалася.

А тут яшчэ і Брэкзіт. І самы яго факт, зь якога вынікае, што ЭЗ доўга будзе не да Турэччыны, і тое, што падчас агітацыйнай кампаніі туркамі брытанцаў пужалі, як у часы турэцкай асады Вены.

А тут яшчэ і Брэкзіт. І самы яго факт, зь якога вынікае, што ЭЗ доўга будзе не да Турэччыны, і тое, што падчас агітацыйнай кампаніі туркамі брытанцаў пужалі, як у часы турэцкай асады Вены

Нарэшце, удалы для Анкары зьбег абставінаў. Менавіта зараз Турэччына і Ізраіль прыйшлі да пагадненьня наконт колішняй дывэрсіі ізраільскіх камандас супраць турэцкага канвою з грузамі да паласы Газа. Тут нарэшце саступілі ізраільцяне — выбачэньні, кампэнсацыі, доступ гуманітарных канвояў да Газы. Ізраіль саступіў Турэччыне, Турэччына ў той самы час саступіла Расеі — ня так крыўдна.

Але ж саступіла. Масква цьвёрда стаяла на сваім і дамаглася ўсяго, чаго хацела. Псыхалягічна перамога чыстая і бясспрэчная. Можна чакаць у Расеі новага пад’ёму нацыянальных пачуцьцяў, перамога можа натхніць Маскву на даволі рашучыя крокі ў іншых сфэрах міжнароднай палітыкі: перамаглі турак, пераможам і... ну каго-небудзь яшчэ.

А з Турэччынай, мяркую, адносіны адновяцца даволі хутка. Рэжымы ж падобныя, проста, як сказана ў Пісаньні, «свая сваіх не познаша».

Што атрымаў Менск ад сваёй нэўтральнай пазыцыі ў канфлікце? Напэўна, не прайграў. Расея, праўда, гэтую дэманстрацыю саюзьніцкай «вернасьці» не забудзе, але пры іншай лініі Анкара мірылася б з Масквой, а ня зь Менскам, і Менск апынуўся б у крыху дурнаватай пазыцыі. А так... Лукашэнка ж казаў, што «братэрская Расея» і «сяброўская Турэччына» мусяць памірыцца і абавязкова памірацца. Яны і памірыліся. Капітуляцыя — таксама адзін з варыянтаў міру.

Карбалевіч: Я б асьцярогся назваць гэта капітуляцыяй. Найперш, варта зьвярнуць увагу, што турэцкі бок разглядае сваё пасланьне Маскве ня як прабачэньне, якое прынесенае толькі сям’і загіблага афіцэра, а як спачуваньне і шкадаваньне за інцыдэнт з расейскім самалётам.

Думаю, галоўная прычына такога кроку Анкары — гэта эканамічныя страты. Забарона Пуціна на паездкі расейскіх турыстаў у Турэччыну моцна ўдарыла па турэцкай турыстычнай сфэры. Бо доля расейскіх грамадзянаў сярод тых, хто адпачываў у Турэччыне, была вялікай. Таксама турэцкі капітал у Расеі меў добрыя пазыцыі, і канфлікт моцна ўдарыў па турэцкім бізнэсе.

Але, думаю, акрамя чыста эканамічных чыньнікаў існуюць і іншыя, геапалітычныя прычыны. Нагадаю, што да гэтага інцыдэнту з самалётам дачыненьні Расеі і Турэччыны былі даволі добрыя.

Не выпадкова, адначасова прыйшло паведамленьне, што нармалізуюцца дачыненьні Турэччыны з Ізраілем, якія былі сапсаваныя некалькі гадоў таму, калі ізраільскі спэцназ захапіў турэцкае судна. На ўзаемнай аснове вяртаюцца амбасадары двух краін.

Я б асьцярогся назваць гэта капітуляцыяй. Найперш, варта зьвярнуць увагу, што турэцкі бок разглядае сваё пасланьне Маскве ня як прабачэньне, якое прынесенае толькі сям’і загіблага афіцэра

Справа ў тым, што апошнія падзеі, зьвязаныя з Ісламскай дзяржавай (ІД), моцна перакроілі ўсю геапалітычную сытуацыю на Блізкім Усходзе, зламалі старую канструкцыю, прывялі у рух шмат якія працэсы.

Вось, напрыклад, вайна з ІД вельмі ўзмацніла курдзкі рух. Курды аказаліся аднымі з важных праціўнікаў ісламістаў, іх падтрымалі ЗША. Можа ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі курды атрымалі больш спрыяльныя ўмовы для стварэньня сваёй дзяржавы. У Іраку курдзкі рэгіён мае сваю вялікую аўтаномію. Дэ факта — курды там маюць ўсе атрыбуты незалежнай дзяржавы. Узмацніліся курды і ў Сырыі на тле вайны з ісламістамі. Лягічны, што і турэцкія курды актывізаваліся. Масква можа моцна нашкодзіць Турэччыне, калі пачне падтрымліваць курдаў, даваць ім сучасную зброю.

Таму для Анкары ўсё гэта вельмі небясьпечна. І яна палічыла за лепшае пайсьці на прымірэньне з Расеяй.

Цыганкоў: Турэцкае кіраўніцтва вырашыла, што немагчыма змагацца адразу на некалькі франтоў — і з Масквой, і з Брусэлем, і з Тэль-Авівам. Пасьля нейкага дастаткова эмацыйнага ўсплёску з-за зьбіцьця расейскага самалёту ў лістападзе мінулага году, разьлічыўшы ўсе за і супраць, Эрдаган і новы прэм’ер-міністар вырашылі, што замірэньне з Масквой будзе адпавядаць доўгатэрміновым палітычным мэтам.

Відавочна, што няма ніякай пэрспэктывы ў далейшым процістаяньні з Масквой. Магчыма, нейкія палітычныя бонусы, нават падвышэньне папулярнасьці, былі атрыманыя

Відавочна, што няма ніякай пэрспэктывы ў далейшым процістаяньні з Масквой. Магчыма, нейкія палітычныя бонусы, нават падвышэньне папулярнасьці, былі атрыманыя. Многія аглядальнікі казалі, што гэтыя два лідэры, Эрдаган і Пуцін, падобныя паводле сваіх палітычных біяграфій і філязофіі — з прэтэнзіямі на імідж альфа-самца, крутога хлопца. На гэтым іміджы адыгралася ўся гэтая кампанія, якая была пасьля зьбіцьця расейскага самалёту. Цяпер, калі наладзяцца адносіны з Масквой, Турэччына можа палохаць той жа Эўразьвяз сваімі патэнцыйна сяброўскімі адносінамі з РФ. Калі ўсё пакінуць так, як ёсьць, краіна апынаецца ў стане, што ў яе зусім няма саюзьнікаў. Нават з ЗША — Анкара і Вашынгтон зараз не надта разумеюць адна аднаго. Турэччына вырашыла паставіць сябе на месца, на якім у яе больш козыраў.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG