Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя на затрыманьне Бялых: «Пакуль няма жалезных доказаў — правакацыя»


Фота Сьледчага камітэту Расеі.

Фота Сьледчага камітэту Расеі.

Сьледчы камітэт заявіў, што губэрнатар Кіраўскай вобласьці Расеі Мікіта Бялых затрыманы ў Маскве пры атрыманьні хабару

Упраўленьнем па расьсьледаваньні асабліва важных спраў Сьледчага камітэта Расеі заведзеная крымінальная справа ў дачыненьні да губэрнатара Кіраўскай вобласьці Мікіты Белых, яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару. Інфармацыя пра гэта зьявілася на сайце Сьледчага камітэта Расеі.

Расейскі палітык, у мінулым адзін з лідэраў Саюзу правых сілаў (СПС) Леанід Гозман кажа, што з Бялых ў апошні час меў стасункі ня часта:

— Тут важна, ці праўда тое, у чым яго абвінавачваюць, ці не. Калі праўда, дык бессэнсоўна казаць пра палітычны падтэкст, таму што «цябе пасадзяць, а ты ня крадзі». Але іншая справа, што я, напрыклад, ведаючы Мікіту ў тыя гады, калі ён быў старшынём Палітрады «Саюза правых сілаў», а я быў нумарам два ў гэтай партыі, мы ўзаемадзейнічалі дастаткова інтэнсіўна, і я вам скажу, што хабар абсалютна ня ўпісваецца ў псыхалёгію таго чалавека, якога я вельмі добра ведаў. Ён пасьпяховы, багаты прадпрымальнік, ён заўсёды да хабарнікаў ставіўся з пагардай, абсалютна адэкватна. Для мяне гэта наогул шок дасканалы! Вось гэтага ня можа быць, таму што ня можа быць ніколі. Зь іншага боку, тым людзям, той структуры, якая яго абвінавачвае, а менавіта Сьледчаму камітэту Расеі, кіраўнікам Сьледчага камітэту, я не давяраю ні на грош! Маё ацэначнае меркаваньне палягае ў тым, што калі гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што двойчы два — чатыры, дык гэта трэба добра пераправерыць, а калі ты паціскаеш ім руку, дык трэба пералічваць пальцы. Таму да таго часу, пакуль у мяне няма цалкам забойных, жалезных доказаў, я буду лічыць гэта палітычнай правакацыяй.

Вадзім Прохараў ўжо некалькі гадоў не зьяўляецца адвакатам Мікіты Белых. У інтэрвью Радыё Свабода Прохараў сказаў, што бачыць у гэтай справе палітычную падаплёку.

— Глядзіце, што адбываецца. Лідэра апазыцыі за год да выбараў забіваюць на мосьце. Пра іншага лідэра ў пачатку красавіка паказваюць фільм, зьняты ў яго ж на кватэры. Пасьля гэтага наогул у прыстойных краінах кіраўніцтва краіны пайшло б у адстаўку, а ў нас, наадварот, абсмоктваецца тэма самога фігуранта відэазапісу. Зараз адзінага губэрнатара, выхадца менавіта з дэмакратычнага асяродку, з таго ж самага СПС, калісьці калегу Барыса Нямцова, — вось менавіта яго падстаўляюць, што нібыта ён узяў хабар. Гэта значыць пасьлядоўна пазбаўляюцца ад усіх людзей, якія маюць якія-небудзь сувязі з дэмакратычным рухам і якое-небудзь лібэральнае мінулае. Я думаю, што гэта цалкам сьвядомая тактыка выпаленай зямлі, каб не заставалася нічога, акрамя тупых пуціноідаў, можа быць, нацыяналістаў, хоць зь імі таксама асобна змагаюцца, і тых, хто гатовы ісьці ў Крым і куды заўгодна яшчэ. Вось, уласна, такая тактыка напярэдадні выбараў. Я думаю, што гэта сьвядома зробленая падстава.

— А сам Мікіта Юр’евіч як мог павесьціся на такую падставу?

— Я не знаёмы з дэталямі, але тое, што ў нас дзесяцігоддзямі, з канца 20-х гадоў, калі не з 1917 года, ёсьць арганізацыя, якая ўмела падставіць каго заўгодна, ды і не адна, па вялікім рахунку, у гэтым няма ніякіх сумненьняў.

Палітоляг, прэзыдэнт фонду «Пецярбургская палітыка» Міхаіл Вінаградаў бачыць у затрыманьні Мікіты Белых палітычную падаплёку, але ў іншым аспэкце:

— Затрыманьне Мікіты Белых — падзея гэтак жа лягічная, калі і нечаканая. З аднаго боку, пасьля арышту губэрнатараў Сахаліну і Рэспублікі Комі зрабілася відавочна, што магчымасьці для ўключэньня праваахоўнікаў у палітыку растуць. Зь іншага боку, усё ж-такі Бялых быў адным з найбольш вядомых расейскіх губэрнатараў, і гэта падзея, безумоўна, прэтэндуе на магутны грамадзкі рэзананс, які стварае нейкую інтрыгу напярэдадні зьезду «Адзінай Расеі», паколькі не умацоўвае пазыцыі прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева, які ў свой час фармальна назначыў Бялых губэрнатарам. Гэта паказвае, што стаўкі працягваюць расьці.

— Вы згадалі арышты іншых кіраўнікоў рэгіёнаў. Бялых быў пад наглядам у праваахоўных органаў?

— Безумоўна, расейскіх губэрнатараў, так ці інакш, суправаджаюць праваахоўнікі, шукаюць слабыя іх месцы. Губэрнатары iмкнуцца не перасякацца зь вялікімі сумамі валюты і наогул з грашовымі сродкамі і не даваць падставаў. Таму гэта такая канкурэнцыя, якая існуе ва ўсіх губэрнатараў, і Бялых у гэтым пляне ня быў выключэньнем і ўсьведамляў тыя межы, у якіх даводзіцца працаваць сёньняшнім губэрнатарам у Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG