Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Кастусь Качан запрашае ў Наваградак на дзіцячы пленэр


Дабудаваная вежа Наваградзкага замку
Дабудаваная вежа Наваградзкага замку

Камяніца Кастуся Качана ў Наваградку мае шыльду «Сядзіба мастака». Міма яе турысты ходзяць на Замкавую гару паглядзець рэшткі дзьвюх вежаў. 25 чэрвеня гаспадар праводзіць дзень адчыненых дзьвярэй. У гэты дзень адбудзецца дзіцячы пленэр, на яго Кастусь Качан запрашае вучняў мастацкай школы. Журы вызначыць лепшыя працы, пераможцаў чакаюць прызы.

Сядзіба мастака Кастуся Качана
Сядзіба мастака Кастуся Качана

Першы такі пленэр адбыўся летась. Адны юныя мастакі вучыліся капіяваць працы гаспадара галерэі, іншыя малявалі на Замкавай гары. Пасьля ў галерэі гралі музыкі, а наведнікі нават набылі дзьве працы юных удзельнікаў пленэру ў Качана.

Прыватная галерэя ў Наваградку адкрылася два гады таму. На двух яе паверхах выставачныя залі, на сьценах — карціны Кастуся Качана. Мастак жыве з жонкай Жанай на паддашку, большасьць якога займае майстэрня. Яны карыстаюцца беларускай мовай, па-беларуску зроблены шыльды на вуліцы.

Мастак Кастусь Качан (зьлева) з найстарэйшым сябрам Гарадзенскай філіі СБП прафэсарам Аляксеем Пяткевічам
Мастак Кастусь Качан (зьлева) з найстарэйшым сябрам Гарадзенскай філіі СБП прафэсарам Аляксеем Пяткевічам

Днямі ў галерэі выступілі пісьменьнікі з Горадні, зь філіі абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Яны прэзэнтавалі свае кнігі і літаратурны альманах «Новы Замак». Наведалі і Замкавую гару, дрэннае ўражаньне зрабіла дабудаваная са сьвежай цэглы адна зь дзьвюх напаўразбураных вежаў, прызнаваліся яны. Кастусь Качан кажа, што людзям не падабаецца тое, як яе ўмацавалі. Усе разумелі, што вежа ў аварыйным стане, але чакалі, што яна будзе выглядаць больш аўтэнтычна.

Дабудаваная вежа Наваградзкага замку
Дабудаваная вежа Наваградзкага замку

Сядзіба мастака стала адным з турыстычных аб’ектаў Наваградку побач з музэем Адама Міцкевіча і краязнаўчым. У выходныя яе наведваюць экскурсійныя групы па дваццаць-трыццаць чалавек. За два гады галерэя зрабілася культурным цэнтрам. У ёй можна пачуць аўтэнтычную беларускую песьню, паслухаць пісьменьнікаў і бардаў, аднойчы акторы-купалаўцы паказалі фрагмэнт спэктаклю «Пан Тадэвуш». Сёлета быў майстар-кляс па размалёўцы велікодных яек.

Шыльда кіруе людзей на сядзібу
Шыльда кіруе людзей на сядзібу

Побач зь сядзібай будзе яшчэ адна камяніца. Кастусь Качан распавядае, што яна была вельмі лядашчай, давялося складаць наноў, але старанна — цагліна да цагліны, каб аднавіць даволі складаную муроўку. Што там будзе? Па-першае, туды гаспадар хоча перанесьці ўсе мерапрыемствы, аздобіць яе экспанатамі матэрыяльнай культуры, якія яны зьбіраюць з жонкай. У мансардзе будуць тры жылыя пакоі, мара гаспадара: запрашаць іншых мастакоў на пленэр, папрацаваць у Наваградку, каб паказаць затым новыя карціны наведнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG