Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Кастусь Качан: Адзінае, пра што цяпер шкадую, — што жыцьцё кароткае


Ягонае імя ўпісанае ў міжнародныя мастацкія каталёгі, ягоныя творы ўпрыгожваюць зборы калекцыянэраў трох дзясяткаў краінаў, але для шчасьця яму патрэбны быў толькі свой дом з сваёй майстэрняй і галерэяй у родным горадзе. Мастак і стваральнік прыватнай карціннай галерэі ў Наваградку Кастусь Качан — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Я лічу, што мастак павінен адлюстроўваць у сваіх творах тое, што ён вельмі добра, дасканала ведае, тое, што ён любіць. Бяз гэтага ніяк нельга. Мастацтва павінна быць шчырым.

Усе захапляліся, як я малюю, а мне здавалася: ну што тут такога, усе так малююць. Я не лічыў у маленстве, што мне Бог даў нешта адметнае.

Калі паступіў вучыцца на фізфак унівэрсытэту, то недзе на другім курсе адчуў, што сапраўды я мастак. Я пачаў актыўна працаваць у гэтым пляне, і камэндант інтэрнату выдзеліў мне пакой, і ў мяне была ўжо свая майстэрня. У фізыка была свая майстэрня мастака. Студэнты заходзілі, і ўсе ведалі, што тут працуе мастак, хоць ён і фізык.

І, канечне, я не адразу стаў мастаком. І, канечне, я нарадзіўся ім. І зразумеў я гэта потым.

Як я панёс дакумэнты, каб паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут, і сказаў, што толькі скончыў фізфак, то мне адказалі, што ня маюць права мяне прыняць, бо я мушу адпрацаваць тры гады. На той час не было ўзаконена такога студэнцкага статусу, як «вольны слухач», але я фактычна быў такім слухачом на мастацкім аддзяленьні. Усю праграму я прайшоў паскорана. Я нават меў нейкую перавагу перад студэнтамі ў тым пляне, што пэдагогі там настолькі іх апякалі, настолькі рабілі іх такімі ж мастакамі, як самі... А я хоць і быў побач, але быў вольны. Пэдагогі не маглі мне рабіць заўвагі. Я рабіў тое, што хацеў. Я пагаджаўся зь імі, я не пагаджаўся, але ўсё лепшае я браў ад іх. Прытым у мяне была свабода. Мяне ніхто не ламаў, і ў мяне што было закладзена ад прыроды, ад Бога, тое я захаваў і разьвіваўся так, як было наканавана Богам.

Як мы толькі сталі незалежнымі, трэба было якраз пачынаць з Наваградзкага замка. Гэта горад, які быў сталіцай вялікай дзяржавы, горад, у якім каранавалі нашага першага караля. І з гэтага гораду трэба было пачынаць, каб гэта быў брэнд рэспублікі.

Няправільна, што такі гістарычны горад ня мае сваёй дзяржаўнай мастацкай галерэі, асяродку, у якім і наваградцы, і турысты маглі б далучыцца да мастацтва. Я лічыў, што гэта няправільна, і таму дамагаўся ад мясцовых уладаў, каб далі адчыніць галерэю. Здаецца, яны як быццам і падтрымлівалі маю ідэю, але да практычных дзеяў не даходзіла.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

І тады я выкупіў тут домік, пры якім быў пляц, на якім я збудаваў новы дом. Над яго праектам працаваў вядомы наш архітэктар Лявонці Зданевіч.

На што я спадзяваўся тады, я ня ведаю. У мяне проста быў імпэт. Можа, і шмат карцін я не напісаў, ходзячы па ўстановах, будуючы. Будаваў сам асабіста, вось гэтымі рукамі ўсё роблена. У мяне не было нейкіх прафэсійных майстроў, наймаў у памочнікі людзей, якія маглі капаць, маглі не капаць. Я іх вучыў, як што рабіць.

Была ў пэўны момант і разгубленасьць, былі і хвіліны адчаю. І фізычныя сілы канчаліся, і маральныя. Не разумелі мяне чыноўнікі. Здаецца, кіраўніцтва гораду, асабліва апошні кіраўнік, прыхільна да маёй справы ставіцца, але сіл на бюракратыю патраціў шмат.

Адзінае, аб чым я цяпер шкадую, што жыцьцё кароткае. Малю Бога, каб даў магчымасьці яшчэ папрацаваць.

Жыць у гэтым доме, працаваць у гэтай майстэрні, мець магчымасьць завершаны твор адразу ж выставіць у экспазыцыю, паказаць людзям — гэта для мастака найвышэйшая асалода. Цяпер хочацца з галавой акунуцца ў мастацтва».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG