Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Brutto, Dzieciuki, Navi і «Крамбамбуля» выступяць на «Басовішчы»


Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2016» пройдзе 22-23 ліпеня каля Гарадка пад Беластокам (Польшча). «Басовішча» пройдзе ўжо 27-ы раз, і сёлета на фэстываль вернецца конкурс маладых гуртоў.

Канкурсантамі будуць К, The Glitchhh, INTELLIGENCY, M.G і Haina. Апошні гурт, праект экс-лідэра «Абшар» Ільлі Паплёўкі, быў абраны не журы, а «Эўрарадыё». Усе яны зайграюць падвечар у першы дзень у межах конкурсу, пераможца зайграе таксама ў другі дзень.

Асноўны склад выступоўцаў усё яшчэ вядомы, але час выступаў будзе абвешчаны пазьней. Ад Беларусі выступяць «Крамбамбуля» Лявона Вольскага, Brutto Сяргея Міхалка, пераможцы леташняга «Басовішча» NAVI. Спачатку паасобку, а потым як адзін гурт выступяць беларускія Dzieciuki і польскія Нańba — супольны праект атрымаў назву «Ганьбукі». Таксама зайграюць падляскія гурты Zero-85 і Ilo&Friends, сэрбскі Erik & The Wordly Savages і польскі Jazzombie, які аб’яднаў удзельнікаў Lao Che i Pink Freud. Пасьля выступаў на малой сцэне да раніцы абяцаюць DJ-сэты.

«Мы чакаем шмат наведнікаў, лічым у тысячах, — кажа Свабодзе суарганізатарка фэстывалю Дар’я Вапа. — Наша мара, каб сабралася 10 тысяч, звычайна бывае 6-7 тысяч людзей. Летась было неспадзявана шмат людзей, асабліва на Brutto і Lao Che».

Акрамя канцэртаў заплянаваны «інтэрактыўны» тэатральны «варштат»: выступ польскага тэатральнага каапэратыву FLUG. Каля намётавага мястэчка будзе «Бязьмежжа»: зона з вэганскай кухняй. На вольным паветры будуць працаваць беларускія студыя татуіроўкі і барбэр-шоп. Для наведнікаў зладзяць інтэлектуальную камандную гульню і спартовую гульню, у якой арганізатары хочуць пазнаёміцца з гледачамі. Чакаецца і паказ фільму пра «Басовішча», і ўдзел у фэсьце беларускай кнігарні.

Большасьці беларусаў, якія захочуць наведаць фэстываль, давядзецца рабіць візы самім: сёлета візавая падтрымка абмежаваная 200 візамі (і падаць заяўку трэба да пятніцы, 24 чэрвеня). Вапа мяркуе, што на большую колькасьць візаў для беларусаў не атрымалася дамовіцца праз паралельнае правядзеньне Дзён моладзі ў Кракаве (там на сустрэчу з папам Францішкам чакаюць 5000 беларусаў).

«Вядома, сродкаў ніколі не замнога, фэстываль залежыць ад фінансавай падтрымкі, — распавядае Вапа. — Але думаю, што ў гэтым годзе, хоць мы і абмежаваныя ў фінансах, лайн-ап проста супэр, ёсьць сапраўды зоркі высокага ўзроўню.

Цяпер завершваецца тэхнічная праца, за тыдзень да фэстывалю будзем рыхтаваць сцэну ў самім бары. З усім спраўляемся, заўсёды спраўляемся. Заўжды ёсьць праблемы, але мы іх пераадолеем. Да таго ж, над фэстывалем працуюць студэнты, а не прафэсіяналы, і людзі гэта ведаюць. Таму, калі будуць памылкі, спадзяемся, іх выбачаць, а мы на іх навучымся».

XS
SM
MD
LG