Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5000 беларусаў паедуць на сустрэчу з папам Францішкам у Кракаў


Папа Францішак

Папа Францішак

Беларускія каталікі возьмуць удзел у сустрэчы з папам рымскім Францішкам падчас Сусьветнага дня моладзі.

Гэтая падзея адбудзецца ў ліпені 2016 году ў Кракаве, але падрыхтоўка да яе распачалася ўжо цяпер, паведаміў Свабодзе адказны за арганізацыю выезду, ксёндз Антоні Грэмза:

— Пяць тысяч асобаў ад Беларусі на сустрэчу з папам Францішкам — гэта лічба папярэдняя. Мы яшчэ маем час на падрыхтоўку, і, верагодна, лічба будзе мяняцца, але на гэты момант — пяць тысяч. Гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 14 да 35 гадоў, якія прымаюць удзел у жыцьці сваіх парафіяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Цяпер гэтыя групы ўдзельнічаюць у рэкалекцыях — духоўных падрыхтаваньнях да ўдзелу ў гэтым форуме. Як будзем выяжджаць такой вялікай групай, дзе будзем жыць, а гэта 11 дзён, — зараз гэтыя арганізацыйныя пытаньні вырашаюцца.

Цяперашні ўдзел беларускіх каталікоў у Сусьветных днях моладзі юбілейны — дваццаць пяты.

Цяперашні ўдзел беларускіх каталікоў у Сусьветных днях моладзі юбілейны — дваццаць пяты. Упершыню мы бралі ўдзел у 1991 годзе ў Чэнстахове. Тады беларускія каталікі і каталікі Ўкраіны і Расеі ўпершыню прынялі ўдзел у гэтым сусьветным форуме. То гэтым разам едуць, можна сказаць, дзеці першых удзельнікаў — новае пакаленьне моладзі. А за гэтыя гады беларускія каталіцкія вернікі пабывалі на такіх сустрэчах у Рыё-дэ-Жанэйра, у Мадрыдзе, у Кёльне і іншых гарадах. У Кракаве чакаецца два мільёны ўдзельнікаў з усяго сьвету, а найбольш было ў Маніле на Філіпінах — пяць мільёнаў чалавек.

— Паводле якога прынцыпу абіраецца месца правядзеньня Сусьветных дзён моладзі і ці магчымая такая падзея ў Беларусі?

— На такую сустрэчу запрашаюць біскупы краін, і гэтыя прапановы разглядаюцца і зацьвярджаюцца Ватыканам у залежнасьці ад патрэбаў Царквы і магчымасьцяў Цэркваў і краін. Падрыхтоўку да правядзеньня гэтых дзён цалкам праводзіць той бок, які запрашае — Царква разам зь дзяржаўнымі ўладамі краіны. Кракаў — гэта месца з даўнімі каталіцкімі традыцыямі, з магчымасьцю добрага даезду. У Беларусі пакуль няма такой магчымасьці, каб уласнымі сіламі правесьці гэткі вялікі міжнародны форум. Пакуль што ў нас такая сустрэча немагчымая.

— Ці будзе беларускія каталіцкая моладзь мець магчымасьць асобнай сустрэчы ці нейкай іншай формы кантактаваньня з пантыфікам? Ці рыхтуецца нейкая асобная праграма альбо цырымонія?

Вельмі важна, каб моладзь спрыяла паразуменьню паміж народамі і краінамі ўзамен напружаньня і супрацьстаяньня, якое цяпер ёсьць у сьвеце.

— Гэткай сустрэчы, асобнага прывітаньня ці іншых кантактаў не прадугледжвае, так бы мовіць, «пратакол». Будзе агульная сустрэча моладзі з папам Францішкам менавіта дзеля таго, каб не падзяляць і разьядноўваць моладзь, а каб, наадварот, яна інтэгравалася і аб’ядноўвалася. Гэта вельмі важна, каб моладзь спрыяла паразуменьню паміж народамі і краінамі ўзамен напружаньня і супрацьстаяньня, якое цяпер ёсьць у сьвеце. Гэта будуць сустрэчы ў польскіх дыяцэзіях, супольныя малітвы, знаёмства з культурай рэгіёнаў і гэтак далей. Каб моладзь магла паразумецца, «працоўнымі» на форуме будуць ангельская, француская, нямецкая, гішпанская, італьянская, польская, украінская і расейская мовы. Беларускай мовы як працоўнай ня будзе — занадта мала нас.

— Але ведаю, што цяпер будучыя пілігрымы да папы рымскага развучваюць гімн сусьветнага дня моладзі ў Кракаве па-беларуску.

— Так, гімн да Сусьветнага дня моладзі ўжо запісаны і выкладзены ў інтэрнэце, каб яго маглі развучыць усе ўдзельнікі сустрэчы. Яго напісалі гаспадары форуму — польскія манахі, а затым ён быў зацьверджаны ў Ватыкане, і цяпер ягоны арыгінал ёсьць на польскай мове. Мы засьпяваем гімн перадусім па-беларуску, таксама па-польску, па-ангельску і па-італьянску — гэта такі асобны «падарунак» для архіпастыра. Папа Францішак абвясьціў 2016 год Годам Божай Міласэрнасьці. Таму тэма Сусьветнага дня моладзі — «Дабраслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасьць спазнаюць». А гімн называецца «Будуць шчасьлівыя міласэрныя».

XS
SM
MD
LG