Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт Юрыя Чыжа працягнулі. Адна з вэрсій — «Гэтак яму бясьпечней»


Юры Чыж

Юры Чыж

Утрыманьне пад вартай вядомага бізнэсоўцы Юрыя Чыжа працягнулі яшчэ на 3 месяцы, расьсьледаваньне ягонай крымінальнай справы працягваецца. Пра гэта карэспандэнту kp.by паведаміў старшыня КДБ Валер Вакульчык. Паводле Валера Вакульчыка бізнэсоўцу, вядомага сваімі адносінамі з Аляксандрам Лукашэнкам, трымаюць у СІЗА КДБ «Амэрыканка».

Юрый Чыж быў арыштаваны 11 сакавіка 2016 году і першым, хто пацьвердзіў гэты факт, таксама быў Валер Вакульчык. Пры гэтым пра затрыманьне Юрыя Чыжа старшыня КДБ расказаў шэраг дэталяў.

«На велізарнай хуткасьці ў 220 кілямэтраў у гадзіну ішоў у бок дзяржаўнай мяжы. Спачатку — літоўскай мяжы, потым — на брэсцкую трасу — па дыяганалі. Таму мы мусілі задзейнічаць плян перайманьня і сілы спэцыяльных падразьдзяленьняў, каб яго затрымаць і даставіць ў КДБ», — паведаміў журналістам Валер Вакульчык 15 сакавіка, праз 4 дні пасьля арышту Юрыя Чыжа.

Ужо больш за 3 месяцы Юрыя Чыжа трымаюць за кратамі. Бізнэсоўцу пагражае да 7 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, бо не сплаціў вялікую суму падаткаў. Колькі яшчэ часу бізнэсмэна могуць трымаць пад вартай, і ці дазваляе закон вызваліць Юрыя Чыжа да суду пад падпіску? Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак кажа, што закон гэта дазваляе, але каб скарыстацца такой магчымасьцю, патрэбная згода абодвух бакоў.

Алег Воўчак

Алег Воўчак

«Падпіску аб нявыезьдзе з Чыжа ўзяць можна. Закон гэта дазваляе. Артыкул, які яму інкрымінаваны — няцяжкі. Тым больш раней судзімасьці Юры Чыж ня меў. Яго характарыстыка — станоўчая. У прававой дзяржаве Чыж даўно быў бы на волі, і прыходзіў бы да сьледчага на допыты толькі за позваю. Але ў нас рашае не закон, а адзін чалавек. А з другога боку, ці хоча сам Чыж акурат цяпер выйсьці на волю? Бывае і так, што чалавек, у якога ўзьніклі вялікія фінансавыя праблемы, на нейкі час ад іх хацеў бы схавацца. Не магу сказаць нешта пэўнае, але такую вэрсію пра Чыжа ад былых калег ужо чуў. Што ён пад будоўлю набраў крэдытаў у Расеі, з дапамогай новых крэдытаў разьлічваўся са старымі, і з гэтага нарабілася праблем. Такой вэрсіі я б не адкідваў, бо ў нашай сыстэме ўсё магчыма. Але найбольш імаверна, што сьледзтва проста ідзе нялёгка, як у КДБ меркавалі спачатку, бо чалавек ўсё ж ня просты, а з кола Лукашэнкі.

Магчыма таксама, што ён згадзіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, прызнаў віну, гатовы кампэнсаваць страты і цяпер чакае, каб па ягонай справе далі дазвол на самым версе — новы закон гэта таксама дазваляе. Вось як былыя «сэнатары» Кастагораў з Магілёву ці Паўлоўскі з Гародні — кампэнсавалі і выйшлі на волю без суду, але пасядзелі пад сьледзтвам амаль год. Аднак тут праблема для яго, як кажуць крыніцы, знайсьці грошы для кампэнсацыі. Каб збыць нейкую маёмасьць ці ліквіды, патрэбны час. Вось і працягваюць расьсьледаваньне. Гэтак можна цягнуць доўга — больш за год. Адзінае, што праз паўгода трэба браць дазвол ад пракурора, але і тут праблем у нас не бывае.

Што далей? Цяпер будзем глядзець на тое, як пройдзе суд над былым партнэрам Чыжа Ўладзімерам Япрынцавым. Пракуратура кажа, што ягоную справу ўжо перадалі ў суд, але пра вызначэньне даты суду яшчэ ня чуў — нешта цягнуць. Гэтыя справы могуць быць зьвязаныя. Зазвычай гэтак робіцца: зьбіраецца матэрыял спачатку ў межах адной справы, потым пераходзяць да іншай. Але для мяне відавочна, што справа Чыжа не магла ня ўзьнікнуць пасьля справы Япрынцава», — мяркуе былы сьледчы Алег Воўчак.

Паводле вэрсіі, якую агучыў старшыня КДБ Валер Вакульчык, Юрый Чыж арганізаваў у Расіі фальшывую фірму — нібыта для «фінансавых махінацый». «Фінансава-гаспадарчая дзейнасьць спачатку не меркавалася», — цытавала словы Вакульчыка БЕЛТА. Паводле Вакульчыка, кіраўніком фірмы, якую стварыў Чыж для «махінацый», быў грамадзянін Расіі — памочнік і кіроўца бізнэсмэна.

Пра намесьніка Юрыя Чыжа ў кампаніі «Трайпл» і партнэра ў бізнэсе Ўладзіміра Япрынцава Валерый Вакульчык распавядаў, што той быў затрыманы мінулым летам пасьля заявы яго кіраўніка. Разам з Чыжом у КДБ тады зьвярнуліся два расейскія партнэры, якія заявілі пра бяспраўную дзейнасьць Япрынцава. Падчас расьсьледаваньня гэтай справы і былі атрыманыя доказы ухіленьня ад выплаты падаткаў групай кампаній «Трайпл» — паведамляў Валер Вакульчык.

XS
SM
MD
LG