Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўсталявалі помнік Неўскаму, нягледзячы на пратэсты


Помнік расейскаму князю, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, усё-такі ўсталёўваюць на Плошчы 1000-годзьдзя Віцебску.

Усталяваньне праходзіла нэрвова: зь першага разу паставіць скульптурную кампазыцыю на прызначанае месца не ўдалося — не супалі канструкцыйныя элемэнты. Адзін з кіраўнікоў працэсу ўвесь час аглядаўся, казаў сваім калегам, што «назіраць сабраліся гэтыя нефармалы», і прапаноўваў складаць адміністрацыйныя пратаколы на ўсіх, хто фатаграфуе.

Помнік Аляксандру Неўскаму ставілі на пастамэнт гадзіны з паўтары. За гэты час паміж мінакам адбылося нямала спрэчак, ці патрэбны Віцебску такі помнік.

Адкрыцьцё скульптуры, якая паказвае сустрэчу князя з жонкай і сынам, заплянавалі на 24 чэрвеня, калі ў Віцебску сьвяткуюць Дзень гораду.

Пастамэнт для помніка быў падрыхтаваны яшчэ некалькі год таму, але дасюль выконваў ролю клюмбы. Цяпер да яго ўкладваюць новыя брукаваныя сьцежкі, парадкуюць газоны.

Ідэя ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму належыць віцебскім гарадзкім уладам. Прапанова была выказана яшчэ ў 2009 годзе, тады ж быў праведзены конкурс скульптурных праектаў. Але пазьней праект-пераможца быў яшчэ некалькі разоў заменены, а ў творчы калектыў скульптараў дадалі яшчэ аднаго калегу.

У адказ на пратэсты віцяблян, якія кажуць пра адсутнасьць гістарычных сувязяў паміж Віцебскам і расейскім князем, улады прыдумалі аргумэнт. Маўляў, гэта будзе ня помнік Аляксандру Неўскаму, а скульптурная кампазыцыя, якая ўвасабляе сямейныя каштоўнасьці, бо другой жонкай Аляксандра Неўскага была Віцебская княжна Аляксандра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG