Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўнамоцтвы «сэнатаркі» Шарэйкі датэрмінова спынілі


Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня
Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 14 чэрвеня даў згоду на датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў Ганны Шарэйкі як сябра Савету, перадае БелаПАН.

Як паведаміў намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Яўген Карашкоў, дадзеная працэдура зьвязаная з тым, што ў адпаведнасьці з законам аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў і сябра Савету Рэспублікі, паўнамоцтвы сябра Сходу па рашэньні верхняй палаты парлямэнту маюць быць датэрмінова спыненыя ў сувязі з уступленьнем у сілу прысуду Вярхоўнага суду — рашэньне «ёсьць безумоўнай падставай» для гэтага.

10 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі прызнаў сябра Савету Рэспублікі, дырэктара Віцебскай птушкафабрыкі Ганну Шарэйку вінаватай у злоўжываньнях уладай і службовымі паўнамоцтвамі і прысудзіў яе да двух гадоў і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі. Пры гэтым да яе была ўжытая амністыя. У выніку Шарэйку вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Зь яе зьнятая судзімасьць.

Шарэйка выказала ўдзячнасьць супрацоўнікам «Валадаркі»

Крымінальная справа ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» па фактах злоўжываньня імі службовымі паўнамоцтвамі была распачатая Генпракуратурай у чэрвені 2014 года. Выяўлена, што цягам некалькіх гадоў, конкурсная камісія прымала рашэньні набываць кармы і кармавыя дадаткі ў замежнай камэрцыйнай структуры па завышаных цэнах. Гэта прычыніла птушкафабрыцы шкоды больш чым на 4 млрд рублёў, што ёсьць асабліва буйным памерам.

Паводле зьвестак Генпракуратуры, незаконныя ўказаньні прызнаваць пераможцамі конкурсу замежныя кампаніі чальцам конкурснай камісіі давала менавіта гендырэктар Шарэйка.

У сувязі з тым, што Шарэйка — сябра Савету Рэспублікі, на падставе дзеючага заканадаўства генэральны пракурор накіраваў у верхнюю палату запрос даць згоду на ажыцьцяўленьне яе крымінальнага перасьледу. Такая згода была атрыманая 14 жніўня, і ў гэты ж дзень Шарэйка была прызнаная падазраванай у зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі). З санкцыі Генэральнай пракуратуры 15 жніўня ў дачыненьні да Шарэйкі была ўжытая мера затрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

4 красавіка Савет Рэспублікі таксама датэрмінова спыніў паўнамоцтвы «сэнатара» Андрэя Паўлоўскага, уладальніка групы кампаніяў «Біякам», які знаходзіўся пад сьледзтвам КДБ. Тады гэта было зроблена па просьбе самога Паўлоўскага. Пазьней былы «сэнатар» быў памілаваны Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG