Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як гэта паўплывае на хаду вайсковай апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы», на права амэрыканцаў мець зброю, на рэйтынгі кандыдатаў у прэзыдэнты?

Дракахруст: Пяцьдзесят людзей загінулі і дзясяткі атрымалі раненьні ў выніку нападу на гей-клуб у горадзе Арланда, штат Флорыда. Напад учыніў Амар Матын, 29 гадовы амэрыканец аўганскага паходжаньня. Ён быў забіты падчас перастрэлкі са спэцназам.



Паведамляецца, што перад учыненьнем тэракту ён патэлефанаваў на тэлефонную станцыю і прынёс прысягу на вернасьць «Ісламскай дзяржаве». Бойня ў Арланда — самы буйны паводле колькасьці ахвяраў тэракт на тэрыторыі ЗША з 11 верасьня 2001 году.

Пакуль дакладна невядомыя матывы нападу, бацька тэрарыста казаў, што Амар Мацін пэўны час таму быў абураны, калі геі цалаваліся ў прысутнасьці яго жонкі і сына. Хаця гамафобская матывацыя — не адзіна магчымая, баевікі «ІД! забіваюць людзей рознай сэксуальнай арыентацыі і веры.

Прэзыдэнт Барак Абама загадаў прыспусьціць у знак жалобы дзяржаўныя сьцягі над Белым домам і іншымі амэрыканскімі ўрадавымі ўстановамі і ваеннымі аб’ектамі. Ён сказаў, што тэракт у Арланда — «напамін пра тое, што напад на любога амэрыканскага грамадзяніна — па-за залежнасьці ад яго расы, нацыянальнасьці, рэлігіі і сэксуальнай арыентацыі — зьяўляецца нападам на ўсіх нас і нашы фундамэнтальныя каштоўнасьці, такія як роўнасьць і годнасьць».

Ён дадаў, што трагедыя ў Арланда павінна зноў прымусіць улады і грамадзтва задумацца аб узмацненьні жорсткасьці кантролю за абаротам агнястрэльнай зброі.

Адгукнуліся на трагедыю ў Арланда і ўсе прэтэндэнты на пост прэзыдэнта ЗША. Так, Гілары Клінтан заклікала «трымаць зброю далей ад тэрарыстаў і іншых небясьпечных злачынцаў». Дональд Трамп абвінаваціў улады ў слабасьці і чарговым разам заклікаў забараніць усім мусульманам ўезд на амэрыканскую тэрыторыю. «Ці зьбіраецца нарэшце прэзыдэнт Абама загаварыць пра радыкальны ісламскі тэрарызм? Калі не — то ён павінен неадкладнага сысьці ў адстаўку » - заявіў Трамп.

Ня думаю, што бойня ў Арланда істотна паўплывае на заканадаўства аб продажы зброі

Я мяркую, што тэракт у Арланда будзе мець шмат далёкасяжных наступстваў. Найперш, гэта істотнае ўзмацненьне амэрыканскіх удараў па пазыцыях «ІД» у Іраку і Сырыі, магчыма і з ужываньнем сухапутных сілаў. Амэрыканцы маюць звычку жорстка адказваць за напады на сябе. А тут, у адрозьненьні ад шматлікіх іншых нападаў такога кшталту, адказнасьць узяла на сябе арганізацыя. Ёсьць каму помсьціць.

Ня думаю, што бойня ў Арланда істотна паўплывае на заканадаўства аб продажы зброі. Прэзыдэнт Абама напрыканцы свайго тэрміну наўрад ці ініцыюе такую кантравэрсійную забарону, а да прыходу новага прэзыдэнту вастрыня ўспрыняцьця тэракту зьменшыцца.

Ня думаю таксама, што гэта ўмацуе пазыцыі апанэнтаў правоў геяў, якіх нямала ў Амэрыцы. Хутчэй наадварот, выкліча сымпатыі і спачуваньне да іх, бо нападнік — вораг Амэрыкі і амэрыканцаў, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі.

тэракт, магчыма часова, ўмацуе папулярнасьць Трампа

Мяркую, што тэракт, магчыма часова, ўмацуе папулярнасьць Трампа. Пазыцыя Клінтан ня надта пэўная, яна ня хоча сварыцца з прыхільнікамі свабоднага продажу зброі, таму і напісала «трымаць зброю падалей ад тэрарыстаў і іншых злачынцаў». Як да злачынства адрозьніць злачынцу ад законапаслухмянага грамадзяніна? Ну а для Трампа трагедыя ў Арланда — алей у касьцёр жарсьцяў, якімі ён карыстаецца: «Абама — слабы», не прадухіліў, тэракт учыніў мусульманін-імігрант, прыхільнік «ІД».

Карбалевіч: Тое, што ў ЗША рэгулярна страляюць у грамадзкіх месцах, не навіна. Вось, амэрыканскія журналісты падлічылі, што прэзыдэнт Барак Абама ужо 18-ты раз зьвяртаецца да нацыі з заявай з нагоды такіх выпадкаў стральбы.

Цяперашні выпадак вызначаецца ня толькі маштабам ахвяраў, але і палітычнай падаплёкай. Выявіліся факты, якія ўказваюць ісламскі сьлед, на ідэйную сувязь забойцы з «Ісламскай дзяржавай» (ІД). Ды і выбар аб’екту нападу — гей-клюб — таксама на гэта паказвае. Для ісламскіх фундамэнталістаў геі — гэта адзін з галоўных паказьнікаў разлажэньня заходняй цывілізацыі.

Дасюль гучныя тэракты, неяк, няхай сабе ідэйна, а не арганізацыйна, зьвязаныя з "Ісламскай дзяржаваю", адбываліся ў Эўропе: Парыж, Брусэль. Цяпер гэты тэрарызм дабраўся і да ЗША.

Цяперашні выпадак вызначаецца ня толькі маштабам ахвяраў, але і палітычнай падаплёкай

Пасьля 11 верасьня 2001 году прэзыдэнт Буш прыняў рашучыя захады па ліквідацыі ачага ісламскага тэрарызму ў Аўганістане. Цяперашні прэзыдэнт Абама ўзяў курс на мірнае вырашэньне праблем Блізкага Ўсходу, вывад амэрыканскіх войск з Аўганістану і Іраку. Рэакцыя адміністрацыі Абамы на зьяўленьне «ІД» была даволі млявай. І гэта, дарэчы, абапіралася на дамінуючую грамадзкую думку.

Вельмі магчыма, што цяпер, хто б ні стаў новым прэзыдэнтам ЗША, маятнік можа хіснуцца ў адваротны бок. І ЗША рашацца на наземную вайсковую апэрацыю супраць ІД.

Што тычыцца ўнутрыпалітычных наступстваў, гэта лье ваду на млын Дональда Трампа, таму што гэтая падзея паказвае, што той знакаміты амэрыканскі «плавільны кацёл», у якім адбываецца крысталізацыя амэрыканскіх каштоўнасьцяў, дае збой, пра што ўвесь час нагадвае кандыдат у прэзыдэнты Трамп.

Цыганкоў: Раз у некалькі месяцаў здараюцца такія выпадкі ў ЗША. Розныя людзі з рознымі матывацыямі ўчыняюць такое. Гэты фэномэн зьяўляецца прадметам дасьледаваньняў сацыёлягаў і псыхолягаў, бо ў іншых краінах, дзе таксама ёсьць дазвол на нашэньне зброі для грамадзянаў, у Швэйцарыі напрыклад, і блізка няма нічога падобнага.

Чарговы інцыдэнт наўрад ці пераломіць дыскусію наконт абмежаваньня валоданьня зброяй. Кожны раз яна ўзьнікае пасьля чарговай страляніны, але большая частка амэрыканцаў ня хоча адмаўляцца ад гэтага права і лічыць яго кардынальным правам грамадзяніна — абараняць сябе. Магчыма, падобныя здарэньні толькі пацьвярджаюць такую думку амэрыканцаў.

Калі сёньня-заўтра адбудуцца замеры, то Трамп атрымае некалькі працэнтаў галасоў, магчыма, гэты эфэкт будзе часовы, ён будзе залежыць ад таго, як далей будуць сябе паводзіць кандыдаты. Але гэтае здарэньне падвышае ягоны рэйтынг, паколькі ўносіць тэму мусульманскай міграцыяй у парадак дня і робіць палітычную гонку неадназначнай.

Зьнешнепалітычныя дзеяньні ЗША пасьля страляніны таксама моцна зьменяцца

Тэма барацьбы з ісламафобіяй выходзіць апошнім часам ў Амэрыцы на пярэдні плян. Некалькі месяцаў таму была гісторыя з амэрыканскім хлопчыкам ісламскага паходжаньня, які прынёс у школу апарат, падобны да бомбы, але гэта быў будзільнік. Яго затрымалі, было шмат шуму ў прэсе, і гэтага хлопчыка нават вітаў прэзыдэнт Абама, зь ім сфатаграфаваліся кіраўнікі Гуглу і Фэйсбуку.

Маўляў, кепскія ксэнафобы затрымалі хлопчыка. Зь яго зрабілі ледзь не вынаходніка. Потым ужо кансэрватыўная прэса разьбіралася ў гэтым, і аказалася, што ён проста купіў гэты будзільнік у школе, нічога не вынаходзіў.

Паказальна, што выбарчая кампанія ідзе і на гэтай глебе. З аднаго боку, Трамп, які заяўляе, што на фоне барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» ЗША павінны больш пільна глядзець на ісламскую міграцыю, з другога боку, дэмакраты кажуць, што трэба змагацца з ісламафобіяй.

Зьнешнепалітычныя дзеяньні ЗША пасьля страляніны таксама моцна зьменяцца. Ня думаю, што дойдзе да наземнай апэрацыі, да канца выбарчай кампаніі не будзе прымацца такое рашэньне, але новаму прэзыдэнту ЗША будзе прасьцей і лягчэй прыняць яго.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG