Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура адклаў рэфэрэндум аб сваёй адстаўцы з-за «недахопу часу»


Нікалас Мадура

Нікалас Мадура

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура абвясьціў, што рэфэрэндум аб яго адстаўцы, які спрабуе арганізаваць апазыцыя, ня пройдзе сёлета, паведамляе Бі-Бі-Сі.

На арганізацыю рэфэрэндуму няма часу, патлумачыў вэнэсуэльскі лідэр.

«Калі яны выканаюць усе патрабаваньні, рэфэрэндум аб адстаўцы адбудзецца ў наступным годзе, кропка», — заявіў Мадура.

У пятніцу Нацыянальная выбарчая рада Вэнэсуэлы абвясьціла несапраўднымі больш за 600 тысяч подпісаў, сабраных за правядзеньне ўсеагульнага рэфэрэндуму аб адстаўцы вэнэсуэльскага прэзыдэнта.

Апазыцыя ў адказ абвінаваціла Раду ў тым, што яна абараняе інтарэсы ўраду Мадура і спрабуе запаволіць правядзеньне рэфэрэндуму.

Час правядзеньня галасаваньня адыгрывае ключавую ролю для абодвух бакоў. Калі рэфэрэндум будзе арганізаваны да 10 студзеня 2017 году і Мадура прайграе, будуць арганізаваныя новыя выбары.

Калі галасаваньне будзе праведзена пазьней і Мадура прайграе, яго месца да канца прэзыдэнцкага тэрміну ў студзені 2019 году будзе займаць віцэ-прэзыдэнт.

Пэтыцыя была перададзена уладам 2 траўня. Апазыцыя заяўляе, што яна сабрала подпісы 1,85 млн выбарцаў, якія падтрымліваюць правядзеньне рэфэрэндуму. Гэта значна больш, чым патрабуе заканадаўства.

Паводле дадзеных Рады, подпісаў было больш — 1,97 млн.

Выбарчая рада таксама пастанавіла, што 1,3 млн чалавек, чые подпісы не былі адхіленыя, павінны прыйсьці ў мясцовыя выбарчыя ўчасткі, каб пацьвердзіць сваю асобу.

На гэта ў выбарцаў будзе ўсяго пяць дзён — з 20 чэрвеня.

Вэнэсуэла перажывае цяжкі эканамічны крызіс. У краіне назіраецца недахоп імпартных прадуктаў, у тым ліку лекаў і ежы.

Прычынай стала зьніжэньне коштаў на нафту і ў цэлым неэфэктыўная мадэль эканомікі. Краіна аказалася залежнай ад імпарту прадуктаў харчаваньня, якія яна купляла за даходы ад продажу нафты, якія, у сваю чаргу, імкліва скараціліся.

XS
SM
MD
LG