Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як трэба трактаваць юрыдычны статус зьняволенага стваральніка сайту 1863х Эдуарда Пальчыса?

Каліноўскі: Учора Сьледчы камітэт распавёў дэталі сьледзтва па крымінальнай справе ў дачыненьні да Эдуарда Пальчыса — стваральніка блога 1863x, больш вядомага пад інтэрнэт-псэўданімам Jhon Silver.

Паведамляецца, што ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

Як адзначаюць у прэсавай службе СК, першапачаткова да Пальчыса была ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

«Аднак абвінавачваны вырашыў схавацца ад крымінальнага перасьледу і ў кастрычніку 2015 году выехаў за межы Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі ён быў аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук. У гэты час расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца, мужчына экстрадаваны з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту».

Тым часам беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў Свабодзе: сумнеўна, што Пальчыса прызнаюць вязьнем сумленьня, а ці прызнаюць палітзьняволеным — пакуль цяжка казаць: «Трэба чытаць канкрэтныя экспэртызы, ведаць канкрэтныя тэксты, дзе, як лічаць сьледчыя, распальваецца варожасьць. Толькі пасьля аналізу гэтых тэкстаў можна рабіць высновы».

Стэфановіч нагадвае: бывае, што тэксты сапраўды распальваюць варожасьць па той ці іншай прыкмеце, і калі тэксты Пальчыса сапраўды такія, гэта сапраўды злачынства на глебе нянавісьці, і палітвязьнем яго прызнаваць ня стануць.

Мы добра ведаем, за што яго судзяць — за сайт.

Канешне, мы не чыталі справу Пальчыса. Але добра ведаем, за што яго судзяць — за сайт. Яго можна пачытаць. Стварыўшы гэты сайт, Джон Сільвэр стаў вядомай мэдыйнай фігурай.

На маю думку, безумоўна, што па ўсіх сваіх дзеяньнях Джон Сільвэр — вядомая палітычная фігура, і справа яго — выразна палітычная. Трэба браць пад увагу кантэкст, у якім пачаў дзейнічаць Джон Сільвэр — вайна Расеі супраць Украіны, недахоп у беларусаў інфармацыі, у тым ліку гістарычных ведаў, якія ў такі момант аказваюцца вельмі патрэбнымі, каб аддзяліць беларускія інтарэсы ад расейскай імпэрскай палітыкі.

Яго дзейнасьць — палітычная, і яго асоба патрабуе абароны палітыкаў і журналістаў, праваабаронцаў, як і асоба любога удзельніка мітынгу, любога чалавека, які выступае супраць расейскай агрэсіі.

Глод: Я абсалютна згодны з Валерам Каліноўскім, што дзейнасьць Эдуарда Пальчыса — палітычная. І яшчэ, мне падаецца, мае рацыю Андрэй Дынько, які сёньня назваў гэтую дзейнасьць патрыятычнай. Таму і справа гэта не звычайная. А палітычная і патрыятычная. І ахвяра такой справы, безумоўна, мае ўсе правы на падтрымку з боку палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў.

У такіх судовых справах важныя кожная дэталь, кожны нюанс. Ну, вось, напрыклад, Эдуарда папракаюць за занадта рэзкія выказваньні. Але ж гэта малады чалавек, на яго сайце друкаваліся дыскусійныя матэрыялы. А хіба ж можна абмяркоўваць, спрачацца, даказваць сваё без энэргіі і энэргетыкі, без пэўнага перабольшваньня, мэтафараў і параўнаньняў? Канечне, не.

У чым найперш абвінавачваюць Пальчыса? Яму шыюць распальваньне нацыянальнай варожасьці. У чым гэта праяўляецца? У крытыцы расейскіх уладаў, які захапілі Крым і трымаюць у напружаньні Данбас. Дык хіба ж вяртаньне гэтых тэрыторыяў Украіне ёсьць распальваньне нацыянальнай варожасьці?

Гэта тыповы падыход нашых сілавых структураў да сайтавых палітычных справаў.

Мяне асабіста трывожыць, што Пальчысу шыюць яшчэ і распаўсюд парнаграфіі. Бо гэта тыповы падыход нашых сілавых структураў да сайтавых палітычных справаў. Навешваюць чалавеку агідную справу і цьвердзяць: ды які ён барацьбіт, ён жа распаўсюднік парнаграфіі. І праз гэта зьбіваюць спачуваньні да патрыёта, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі і Ўкраіны, супраць расейскай агрэсіі, скіраванай і на Ўкраіну, і на Беларусь.

Валянцін Стэфановіч — вельмі дасьведчаны праваабаронца. І тут зь ім трэба пагадзіцца. Але ў тым, што Эдуард Пальчыс — патрыёт і змагар з расейскай агрэсіяй, у мяне сумневу няма.

Дракахруст: Сапраўды ёсьць кваліфікацыя міжнароднай арганізацыі Amnesty International, дзе гаворыцца, што вязень сумленьня — гэта той чалавек, які адстойвае свае перакананьні без ужываньня гвалту і не заклікаючы да яго. Кваліфікацыя вельмі дакладная, і Amnesty International патрабуе ва ўсім сьвеце вызваленьня людзей, якія ёсьць такімі. Што да кваліфікацыі «палітычны вязень», то яна больш плыткая.

Тая ж Amnesty International называе палітычнымі вязьнямі тых, хто трапіў за краты за якія б то ні было дзеяньні з палітычных матываў. Калі чалавек робіць тэрарыстычны акт і трапляе за краты, з гэтага пункту гледжаньня ён таксама палітвязень. Ён жа гэта зрабіў не з асабістай варожасьці да тых людзей, якіх ён забіў, а з палітычных меркаваньняў. Значыць, ён палітвязень.

Існуюць іншыя трактоўкі, у прыватнасьці Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ў 2012 годзе выпрацавала сваё тлумачэньне гэтага паняцьця, больш вузкае. У яго тэрарысты не трапляюць, але трапляюць людзі, якія за свае перакананьні трапілі за краты, але якія тым не менш нейкім чынам маглі і заклікаць да гвалту, самі ў ім не ўдзельнічаючы. У фармулёўцы ПАРЭ больш зьвяртаецца ўвага на працэдурныя моманты.

З беларускіх палітвязьняў, якія былі вызваленыя ў жніўні мінулага году, той жа Статкевіч быў прызнаны вязьнем сумленьня, а, напрыклад, Ігар Аліневіч, якога абвінавачвалі ва ўжываньні гвалту, падрыве нейкіх будынкаў — не быў. Але быў прызнаны палітвязьнем.

Ня ўсё ў жыцьці вымяраецца гэтымі кваліфікацыямі.

З іншага боку, ня ўсё ў жыцьці вымяраецца гэтымі кваліфікацыямі. Урэшце Кастусь Каліноўскі вязьнем сумленьня дакладна не быў, ён ваяваў са сваімі ворагамі са зброяй у руках, ужываў гвалт для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў.

Але ён — нацыянальны герой Беларусі. Кваліфікацыі маюць большае значэньне для міжнароднага розгаласу, да трапляньня ў розныя сьпісы міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Але па вялікім рахунку не ў меркаваньнях гэтых арганізацыяў шчасьце, і не яны, а грамадзтва, народ вызначае, хто ёсьць яго героем.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG