Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід разьбіў бардзюр, каб праехаць на вазку. Што зрабілі чыноўнікі?


Нядаўна расейскі інвалід стаміўся чакаць, калі чыноўнікі пабудуюць пандусы, і сам малатком разьбіў бардзюр, які перашкаджаў яму праехаць у бальніцу. Ці адрэагавалі на гэты выпадак улады? І ці стала хоць крыху лягчэй жыць інвалідам у сібірскім горадзе?

На мінулым тыдні інтэрнэт быў узрушаны ролікам з расейскага Краснаярску. Мясцовы інвалід Уладзімір Журат стаміўся чакаць, калі чыноўнікі пабудуюць пандусы каля яго дому, і сам разьбіў нязручны бардзюр, які перашкаджаў праехаць на вазку ў бальніцу.

Седзячы на каленях, інвалід разьбіваў бардзюр два дні ў трыццаціградусную сьпякоту.

«Я мог бы па ходніках паехаць. Але я заехаць на яго не магу, — патлумачыў пэнсіянэр. — Даводзіцца ехаць па праезнай частцы. Я людзям перашкаджаю. І баюся, а раптам які-небудзь кіроўца на мяне наляціць».

«Я і ў Маскве быў, і ў Румыніі быў. Усюды для інвалідаў усё зроблена нармальна. Нават у аўтобусах ёсьць пад’ёмнікі. А для нас нічога няма. Для нас, інвалідаў, нічога ня робяць. І ня хочуць», — заявіў Журат.

Для краснаярскіх інвалідаў Журат стаў сымбалем супраціву недаступнаму асяродзьдзю. Ганна Іванова, адна з самых вядомых у горадзе актывістак, якія змагаюцца за правы інвалідаў, пацьвярджае: у адзіночку Краснаярск вазочніку не адужаць. Таму яе ўсюды суправаджае муж. Толькі зь яго дапамогай Ганна можа пераадолець высокія бардзюры стаматалягічнай клінікі і забрацца на ганак па крутой лесьвіцы ў аддзяленьне жаночай кансультацыі. Мэдработнікі апраўдваюцца тым, што іх установа, па дакумэнтах, не павінна абслугоўваць інвалідаў.

Правяраюць горад на даступнасьць і Краснаярскія блогеры. Адзін зь іх паспрабаваў спусьціцца на вазку ў адзін з падземных пераходаў. Але ў выніку атрымаў траўмы і зламаў арандаваны інвэнтар.

«У нас у Краснаярску каля тысячы вазочнікаў, але большасьць сядзяць па хатах, — кажа Ганна Іванова, старшыня грамадзкай арганізацыі „Талент“. — Праблему трэба вырашаць. Усё роўна як, але трэба вырашаць. Сёньня нам не дапамаглі, а заўтра мы ўжо ня выберамся на вуліцу».

У адміністрацыі Краснаярску ў адказ на гэтыя прэтэнзіі разводзяць рукамі і кажуць, што выпадак з Уладзімірам Журатом адзінкавы. Нібыта пэнсіянэр да іх сапраўды зьвяртаўся з просьбай пабудаваць пандусы, але не пакінуў пісьмовай заявы. А калі б пакінуў — яму б абавязкова дапамаглі.

«Мы перадалі ўсю інфармацыю ва Ўпраўленьне дарог і добраўпарадкаваньня. Па шэрагу розных прычынаў мы ня можам за адзін раз вырашыць увесь комплекс гэтых складаных задач, — кажа Дар’я Гаўра, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Краснаярску. — Спэцыялісты, якія адказваюць за бясьпеку дарожнай сеткі, правядуць комплексную ацэнку, і далей будуць стварацца ўмовы для камфортных умоваў перамяшчэньняў».

Паводле адміністрацыйнага кодэксу, Уладзімір Журат зьяўляецца вандалам. Але псаваньне гарадзкой маёмасьці яму даравалі. Цяпер чыноўнікі лічаць, у якую суму абыдзецца ўладкаваньне пандусаў па ўсім шляху руху інваліда. А тым часам паўразьбітым бардзюрам ўжо актыўна карыстаюцца маці з вазкамі: кажуць, ім стала значна прасьцей.

XS
SM
MD
LG