Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьнікаюць чарвівыя яблыкі, а на клубніцы нападаюць трыпсы


Як даўно вы бачылі ў краме чарвівы яблык? Я — шмат гадоў таму. У гэтым выпуску — пра наступствы маштабнага выкарыстаньня сынтэтычных угнаеньняў, а таксама пра тое, чаму і якой зеляніны ня варта пераядаць.

Пасадка мільёнаў гектараў генэтычна падобных расьлін стала глябальнай зьявай. Вялікія монакультурныя фэрмэрскія гаспадаркі залежаць ад велізарнай колькасьці сынтэтычных угнаеньняў, каб замяніць пажыўныя рэчывы, якія пастаянна «выкачваюцца» монакультурамі зь глебы. Гэтая практыка таксама патрабуе высокага ўзроўню штучных пэстыцыдаў, каб ахаваць культуры ад насякомых.
Ужываньне штучных угнаеньняў абсалютна забароненае ў арганічнай гаспадарцы. Гэта — адно з асноватворных адрозьненьняў арганічнага фэрмэрства ад традыцыйнага. У традыцыйнай аграпрамысловасьці ужываньне штучных угнаеньняў расьце. Гэта — нагода для трывогі. Чаму? Вось некалькі фактаў.



Факт 1. Колькасьць мінэралаў і вітамінаў у глебе памяншаецца


Штучныя ўгнаеньні сапраўды спрацоўваюць вельмі хутка. Яны даюць расьлінам досыць мінэралаў для таго, каб тыя расьлі амаль што на голым камяні. Але гэтых мінэралаў усё ж недастаткова, таму монакультуры забіраюць неабходныя для іх росту іншыя мінэралы з глебы. У выніку глеба становіцца беднай. Акрамя таго, штучныя ўгнаеньні настолькі салёныя, што забіваюць бактэрыі. Гэта адбываецца ня толькі ў расьлінах, але таксама і ў глебе. Такім чынам, асяродзьдзе глебы драматычна зьмяняецца. У выніку зьбядненьня глебы пажыўная каштоўнасьць харчовых расьлін зьніжаецца, яны ўтрымліваюць усё менш мінэралаў, вітамінаў і біяактыўных рэчываў.



Фармацэўтычная кампанія Cіba Geіgy параўнала колькасьць вітамінаў і мінэралаў у 1985, 1996 і 2002 гадах і прыйшла да такіх высноваў. Напрыклад, вітаміна С у яблыках 1996 году было на 60% менш у параўнаньні з 1985 годам, а ў 2002 годзе яго было ўжо на 80% менш. Кальцыю ў бульбе ўзору 1996 году было на 70% меней, чым у 1985 годзе, а ў 2002 годзе гэты паказчык зьнізіўся яшчэ на 8 %. Яшчэ адзін прыклад: вітамін В6 у бананах 1996 году зьнізіўся на 92% у параўнаньні з 1986 годам, у 2002 годзе яго стала яшчэ менш — усяго толькі 3% ад колькасьці 1986 году.

Факт 2. Навакольнае асяродзьдзе забруджваецца


Чым больш беднай і салёнай становіцца глеба, тым менш яна можа захоўваць вугляроду, таму ён застаецца ў атмасфэры.

Прадукцыя ўгнаеньняў сама па сябе зьяўляецца крыніцай парніковых газаў. Азот — асноўны інгрэдыент угнаеньняў. Вытворчасьць 1 кг азоту патрабуе 69 МДж энэргіі, гэта больш чым 2 кубічных мэтры газу. Падлічана, што вытворчасьць штучных угнаеньняў, разам з вытворчасьцю неабходнага для гэтага азоту, выклікае больш чым 20% выкідаў вугляроднага газу ў атмасфэру. Штучныя ўгнаеньні таксама трапляюць у грунтавую ваду, у выніку чаго ў ёй падвышаюцца ўзроўні азоту і фасфату.

Факт 3. Штучныя ўгнаеньні спрыяюць узьнікненьню пустазельля і насякомых і шкоднікаў, устойлівых да пэстыцыдаў


Калісьці як пра вялікае нашэсьце гаварылі пра каларадзкага жука. Паводле расповедаў старэйшых, напачатку за яго збор і утылізацыю ў калгасах нават плацілі грошы. Цяпер прыходзіць навінка — каліфарнійскі (або заходні, або кветкавы) трыпс. Ён належыць да шэрагу вельмі небясьпечных шкоднікаў кветак і ядомых расьлін, у тым ліку бульбы, пэрсікаў, клубніц, капусты. Насякомыя гэтыя вельмі малыя — да 1 мм.

Belarus -- thrips strawberry
Belarus -- thrips strawberry


Каліфарнійскі трыпс (Franklіnіella occіdentalіs) родам з заходняй часткі Паўночнай Амэрыкі. Да 1960 распаўсюд папуляцыі трыпса абмяжоўваўся заходняй часткай Паўночнай Амэрыкі. Потым ён распаўсюдзіўся па ўсёй Паўночнай Амэрыцы і ўсіх астатніх кантынэнтах. Афіцыйна трыпса ў Беларусі нямя (у адрозьненьні ад Расеі), але ж літаральна пару тыдняў таму Рассельгаснагляд не прапусьціў зь Беларусі 35 тон заражаных трыпсам клубніц. Прадукцыя, якая паходзіла з Кот-д’Івуару, Сьера-Леонэ і Сэрбіі, суправаджалася рээкспартнымі фітасанітарнымі сэртыфікатамі беларускай каранціннай інспэкцыі. Што адбылося з ягадамі, калі яны вярнуліся ў Беларусь? Невядома...

З трыпсам можна змагацца дзьвюма мэтадамі — натуральным (іншыя насякомыя, напрыклад павуцінны клешч і белакрылкі — гэта натуральныя кілеры трыпса) і з дапамогай інсэктыцыдаў. У аграпрамысловасьці перавага аддаецца спрэям-інсэктыцыдам. У выніку біяасяродзьдзе брутальная зьмяняецца. Большасьць відаў насякомых паміраюць, але некаторыя выжываюць і кладуць пачатак больш устойлівым да пэстыцыдаў відам. Патрабуюцца ўсе больш моцныя пэстыцыды, якія трапляюць і у наш арганізм.



Факт 4. Нітраты з гародніны шкодныя для здароўя


Утрыманьне нітратаў у гародніне наўпрост залежыць ад штучных угнаеньняў і недахопу сонечнага сьвятла падчас росту. Таму летняя гародніна ўтрымлівае менш нітратаў, чым зімовая.

Спажываньне саміх нітратаў не зьяўляецца небясьпечным для здароўя, але нітраты могуць быць ператвораныя ў нашым арганізьме ў нітрыты і, пры пэўных умовах, у патэнцыйна канцэрагенныя (якія выклікаюць рак) нітразаміны. Нітраты і нітрыты ўжо даўно лічыцца таксычнымі рэчывамі.

Дасьледаваньні на жывёлах паказваюць, што нітраты могуць быць шкоднымі для здароўя, у тым ліку могуць выклікаць пухліны. На аснове дасьледаваньняў дапушчальная сутачная доза (ДСД) для нітратаў складае 3,7 мг на кіляграм вагі цела. ДСД — гэта максымальная колькасьць рэчыва, якую чалавек можа спажываць без рызыкі для здароўя (кожны дзень на працягу ўсяго свайго жыцьця). ДСД для нітрыту — 0,06 міліграм на кіляграм вагі цела.

Гародніна, багатая на нітраты:

· бурак
· сельдэрэй
· капуста
· кітайская капуста
· кальрабі
· капуста бок-чой
· партулак агародны (ядомы)
· рэпа
· салата (усе гатункі)
· мангольд
· шпінат
· капуста
· фэнхель
· эндзівій (гатунак салаты)
· крэс вадзяны ( гатунак салаты)


Усяго толькі 200 г гародніны, багатай на нітраты, можа ўтрымліваць дозу нітратаў, якая перавысіць ДСД. Таму, напрыклад, у Нідэрляндах Нацыянальны інстытут аховы грамадзкага здароўя і навакольнага асяродзьдзя рэкамэндуе насельніцтву абмежаваць спажываньне багатай на нітраты гародніны да 2 порцый на тыдзень.


Наступныя рэкамэндацыі (для дарослых) дапамогуць трымаць нітрыты на нізкім узроўні:

· Абмяжуйце спажываньне багатай на нітраты гародніны да 2 порцый на тыдзень. Пры гэтым маленькая місачка салаты 4 разы на тыдзень у якасьці гарніру залічваецца да адной порцыі. Адна міска супу з нітратнай гародніны таксама залічваецца за адну порцыю.

· Захоўвайце багатую на нітраты гародніну пасьля куплі ня больш за 2 дні.


· Добра мыйце шпінат і салатнае лісьце для выкарыстаньня ў салатах і выдаляйце тоўстыя жылкі і зьнешняе лісьце. Гэтая простая працэдура дазваляе паменшыць утрыманьне нітратаў да 30%.

· Ня бойцеся чарвівых яблыкаў. Калі ў яблыку ёсьць чарвяк, прадукт можна лічыць экалягічным. Пры магчымасьці выкарыстайце такую садавіну.

· Калі вы маеце свой агарод або дачу — вы пан свайго здароўя. Беларусы ўжо ведаюць, як угнойваць соткі экалягічна і разумна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG