Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ў Крупках падумалі і праз 1,5 гадзіны вызвалілі Лябедзьку


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывіст Дзяніс Красачка і фатограф Генадзь Верацінскі, якіх сёньня затрымалі ў Крупках, ужо на свабодзе.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сам Анатоль Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, у Крупках яны з паплечнікамі былі з рабочай паездкай, прычым напярэдадні пра свае пляны нікому не казалі.

«Мы абралі такую тактыку — прыехаць зьнянацку. Вось гэтае „зьнянацку“, відаць, бянтэжыць улады, якія, калі даведваюцца, што тут Лябедзька і яго таварышы, ня ведаюць, што рабіць», — кажа лідэр АГП.

У Крупках Лябедзька ды паплечнікі сустрэліся зь мясцовымі прадпрымальнікамі, раздалі ўлёткі і перадалі ў райвыканкам прапанову правесьці круглы стол аб стварэньні новых працоўных месцаў. А пасьля гэтага іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

«Мы выйшлі ў горад, ідзем, шпацыруем. Тут побач тармозіць міліцэйская машына, выскокваюць тры маёры і нас затрымліваюць. Мы пратэставалі, казалі, што нічога не парушаем. Тым ня менш нас даставілі ў пастарунак. Яны сказалі, што будуць складаць пратаколы за незаконную раздачу ўлётак (што проста выклікае сьмех). Мы, у сваю чаргу, адмовіліся даваць нейкія тлумачэньні. Усё гэта адбывалася ўперамежку з тым, што яны недзе хадзілі, раіліся, сыходзілі, вярталіся. Але ў выніку яны перапісалі нашы дадзеныя і сказалі, што мы вольныя», — кажа палітык.

Лябедзька дадаў, што ня ведае, ці складуць на іх усё ж такі пратаколы. Усяго ў пастарунку Лябедзька, Красачка і Верацінскі прабылі каля 1,5 гадзіны.

XS
SM
MD
LG