Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піражкоў замяніў Бясьсьмертнага на менскіх перамовах па Данбасу


Сяргей Піражкоў

Сяргей Піражкоў

У кантактнай групе па Данбасу — новы прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе. Раней Сяргей Піражкоў займаўся ўрэгуляваньнем у Прыднястроўі.

1 чэрвеня ў Менску праходзіць чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні крызісу на Данбасе. Як паведаміў Леанід Кучма, экспэртам ад Украіны ў палітычнай падгрупе прызначаны віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Піражкоў. Ён вядомы тым, што ўдзельнічаў у вырашэньні канфлікту ў Прыднястроўі, калі быў амбасадарам Украіны ў Малдове.

«Сёньня ў Менск паляціць яшчэ адзін чалавек у якасьці экспэрта, Піражкоў Сяргей Іванавіч», — цытуе інфармацыйнае агенцтва «Українські новини» прадстаўніка Ўкраіны ў Трохбаковай кантактнай групе Леаніда Кучму.

«Піражкоў — віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук, працаваў амбасадарам шмат гадоў, уваходзіў у групу па Прыднястроўі, так што ён у такіх працэсах разьбіраецца».

Кіеў пачаў абнаўленьне сваіх прадстаўнікоў у кантактнай групе па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе ў красавіку. Тады ў якасьці экспэрта для працы ў Менску запрасілі грамадзкую дзяячку, спэцыяліста па пытаньні выбараў Вольгу Айвазоўскую. 28 красавіка прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе Раман Бясьсьмертны заявіў пра сваю адстаўку, спаслаўшыся на тое, што «перамовы па Данбасу зайшлі ў тупік».

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук патлумачыў, што ўвод новага чалавека ў склад кантактнай групы наўрад ці карэнным чынам зьменіць ход перамоваў:

Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

«Спадар Піражкоў ня ёсьць шырока вядомай асобай, але яго добра ведаюць у вузкіх колах спэцыялістаў. Відавочна, што досьвед працы падчас вырашэньня канфлікту ў Прыднястроўі можа дапамагчы яму разрульваць сытуацыю на Данбасе. Зь іншага боку, увод новых, нават уплывовых асобаў у менскія перамовы ня можа кардынальна зьмяніць сытуацыю, таму што Расея ўвесь час намагаецца зьвесьці ўсё да таго, што яна дэкляравала яшчэ на пачатку вайны з Украінай. І ніхто ня можа на гэта паўплываць. Гэта значыць, што Расея хоча, каб Украіна выканала ўсе абавязаньні, пры гэтым сама Расея не бярэ на сябе ніякіх абавязаньняў».

На пасяджэньнях кантактнай групы пастаянна абмяркоўваюцца мясцовыя выбары, якія, на думку Расеі, трэба правесьці ў акупаваных раёнах Данбасу. Віктар Каспрук кажа, што зрухі ў перамовах мінімальныя, таму чакаць выбараў бліжэйшым часам ня трэба:

Відавочна, што Ўкраіна ня можа праводзіць выбары на тэрыторыі, якой яна не кантралюе, а менавіта гэтага патрабуе Расея і менавіта гэта абмяркоўваецца на пасяджэньнях кантактнай групы.

«Відавочна, што Ўкраіна ня можа праводзіць выбары на тэрыторыі, якой яна не кантралюе, а менавіта гэтага патрабуе Расея і менавіта гэта абмяркоўваецца на пасяджэньнях кантактнай групы. Разам з тым, калі б Украіна перарвала дыпляматычныя перамовы — гэта было б найвялікшай памылкай для прасоўваньня мірнага працэсу. Таму новая асоба, якая далучыцца да менскага працэсу, можа прынесьці новыя ідэі і бачаньні, а таксама дапамагчы больш жорстка адстойваць пазыцыі Ўкраіны. Таму агулам гэта плюс. У выніку, хутчэй за ўсё, Украіна прыме закон аб выбарах на Данбасе, будзе падрыхтоўка да іх. Але калі ня будзе дапамогі з боку Захаду і калі Расея ня пойдзе на саступкі, выбары гэтыя ў агляднай будучыні не адбудуцца».

Экспэрт адзначае, што менскі працэс пры ўсіх яго хібах мае вялікае значэньне для Ўкраіны і ўзмацняе яе пазыцыі ў супрацьстаяньні Расеі:

«Менскі перамоўны працэс мае вельмі шмат хібаў. Але сам факт яго існаваньня — вялікі плюс. Калі б не было менскага працэсу, Расея магла б больш жорстка дзейнічаць на ўсходнім фронце. Украіна мела адпачатку мала шансаў выстаяць, але дзякуючы менскаму працэсу ў канцы вайны Ўкраіна можа перамагчы Расею. Зь іншага боку, гэты працэс зусім не зьмяняе пазыцыю Расеі — мы чуем адны і тыя ж патрабаваньні, якія толькі перафармулёўваюцца. Гэта значыць, Расея думае, што Ўкраіна пайшла на вялізныя эканамічныя, вайсковыя, людзкія ахвяры, каб пагадзіцца на тыя пазыцыі, якія былі два гады таму. Тут Расея памыляецца. Але яна спадзяецца, што зможа даціснуць Украіну і прымусіць прыняць усе прыхамаці, найперш датычна выбараў на тэрыторыі, якую Ўкраіна не кантралюе».

XS
SM
MD
LG