Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — перамовы па Данбасе. Пакуль бяз Саўчанкі


Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Марцін Сайдзік
Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Марцін Сайдзік

У палітычнай падгрупе былога амбасадара Ўкраіны ў Менску Рамана Бясьсьмертнага замяніў былы амбасадар у Малдове акадэмік Сяргей Піражкоў.

Сёньня заплянаванае пасяджэньне чатырох падгруп — па бясьпецы, палітычным, эканамічным і гуманітарных пытаньнях — а таксама самой Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Учора ўжо засядала палітычная падгрупа, яна зноў абмяркоўвала пытаньні мадальнасьці, гэта значыць умоваў правядзеньня мясцовых выбараў у акупаваных раёнах Данбасу і дарожную мапу выкананьня Менскіх пагадненьняў. Перамовы на гэтую тэму ўжо некалькі месяцаў бясплённыя, да абмеркаваньня нейкіх канкрэтных законапраектаў справа так і не дайшла.

Вядома толькі, што на ўчорашнім пасяджэньні падгрупы па палітычных пытаньнях быў прадстаўлены новы прадстаўнік Украіны ў ёй — дыплямат і акадэмік НАН Украіны Сяргей Піражкоў, які да 2014 году быў амбасадарам Украіны ў Малдове. Ён замяніў у падгрупе былога амбасадара ў Менску Рамана Бясьсьмертнага. Прадстаўнікі сэпаратыстаў з так званых ДНР і ЛНР ўжо абвінавацілі Піражкова ў «неканструктыўным падыходзе» і зрыве перамоваў.

Некаторыя журналісты чакаюць сёньня прыезду ў Менск нядаўна вызваленай з расейскай турмы Надзеі Саўчанкі. Гэта зьвязана з выказваньнем на мінулым тыдні часовага паверанага ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерыя Джыгуна, які ня выключыў, што Надзея Саўчанка хутка прыедзе ў Менск на перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе.

Учора журналісты ў Кіеве спрабавалі спытаць пра гэта ў самой Саўчанкі, але яна ўхілілася ад адказу. На цяперашні момант гэта малаверагодна, бо напэўна будзе супраць расейскі бок. Прыезд Саўчанкі мог бы надаць новы імпульс перамовам пра абмен палоннымі, якія на гэты момант зайшлі ў тупік, паколькі сэпаратысты і Расея прывязваюць да гэтай тэмы амністыю для баевікоў і канстытуцыйныя рэформы ва Ўкраіне.

Менавіта дзеля вызваленьня палонных і закладнікаў зьбіраецца сёньня ў Менск прадстаўніца Ўкраіны ў падгрупе па гуманітарных пытаньнях Ірына Герашчанка. Днямі беларускія ўлады адмянілі ёй забарону на наведваньне Беларусі, уведзеную з ініцыятывы Расеі, і зараз яна можа свабодна ехаць у Менск на перамовы.

Сярод іншых важных тэмаў для сёньняшніх перамоваў у Менску — забесьпячэньне рэжыму спыненьня агню, магчымасьць працы ў рэгіёне паліцэйскай місіі АБСЭ, парушэньні рэжыму цішыні на лініі сутыкненьня, праца прапускных пунктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG