Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жоўтыя зоркі Давіда. — Навошта для вязьняў-наркаманаў увялі зялёныя нашыўкі?


Сьледчыя, судзьдзі і турэмшчыкі дружна адрэагавалі на словы Аляксандра Лукашэнкі пра больш жорсткую барацьбу з наркаманамі.

20-гадовы Ўлад з Магілёва адбывае свае 11 год за распаўсюд наркотыкаў у калёніі № 22 «Воўчыя норы», што ў лясах Івацэвіцкага раёну. Улад не пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам і на судзе не прызнаў віны ў распаўсюдзе. Саўдзельнікі Ўлада зрабілі інакш, адзін атрымаў 3,5 года, другі — цяпер увогуле на «хіміі». А Ўлад працягвае абскарджваць прысуд. У калёніі такім, як ён, ня варта чакаць амністыі, датэрміновага вызваленьня ці хаця б зьмены рэжыму на меней жорсткі. А яшчэ ў вязьняў-«наркаманаў» больш жорсткія бытавыя ўмовы ўтрыманьня. Чаму?

Бацька Ўлада Ігар дзеліцца ўражаньнямі ад першага наведваньня сына ў калёніі.

«Супрацоўніца калёніі адразу папярэдзіла: першапачаткова калёнія была разьлічаная на 500 чалавек, цяпер у ёй больш за тысячу. Сын гэта пацьвердзіў. Калі раней у „сэкцыі“ паміж ложкамі былі сталы і тумбачкі, дык цяпер усю лішнюю мэблю павыносілі, каб умясьцілася больш ложкаў. Вязьняў усё болей, і тэрміны амаль ува ўсіх — больш за 10 год. Яны падлічылі: на 30 чалавек прыпадае агулам 370 гадоў зьняволеньня. Ад перанаселенасьці — асноўныя бытавыя праблемы. Але чаму трэба было паўтараць хібы былой савецкай турмы і ўціскаць у адну калёнію столькі вязьняў?» — абураецца Ігар.

Калёнія № 22 "Воўчыя норы"

Калёнія № 22 "Воўчыя норы"

Па ягоных падліках, у Беларусі колькасьць вязьняў-наркаманаў хутка дасягне 10 тысяч. Але прычына ня толькі ў тым, што гэта распаўсюджаны від злачынства і вялікія тэрміны за яго даюць бязьлітасна.

«Суды штампуюць прысуды зь мінімальнай базай доказаў, абы было нечае прызнаньне», — лічыць бацька вязьня.

Расказваючы пра гісторыю свайго сына, Ігар не выключае, што той усё ж ужываў наркотык, але лічыць, што абвінавачаньне ў распаўсюдзе зусім не было даказанае. «Нявысьветленая асоба прадала»... у «нявысьветлены час»... «нявысьветлены памер» наркотыка, — Ігар цытуе вытрымкі з прысуду і згадвае, што ў размове са сьледчай тая прызнала: іншых доказаў, акрамя сьведчаньняў аднаго з наркаманаў, не было, але ёй ды суду і таго хапіла.

«Бо Лукашэнка сказаў: «Жэстачайшэ...»

З 2014 году, калі Аляксандар Лукашэнка загадаў зрабіць больш жорсткім пакараньне за распаўсюд наркотыкаў і ўмовы ўтрыманьня злачынцаў-наркадылераў, у краіне пачалі зьяўляцца калёніі, прызначаныя найперш для, як іх завуць, «наркаманаў». Больш за іншыя ўстановы такіх вязьняў маюць калёнія № 22 пад Івацэвічамі і № 13 у Глыбокім. Але ня толькі. Хапае вязьняў-наркаманаў таксама ў шклоўскай калёніі, або ў магілёўскай № 15. Але цяпер выявілася, што з-за перанаселенасьці ў гэтых установах узьніклі дадатковыя бытавыя праблемы. Як вынік — людзі дасылаюць на волю скаргі, што абстаноўка наблізілася да крытычнай.

Калёнія ў Глыбокім

Калёнія ў Глыбокім

«Тут у атрадах зьмяшчаецца больш за 160 чалавек, для якіх усяго 6 рукамыйніц і 5 санвузлоў на атрад, што, у сваю чаргу, стварае маральна-бытавыя і санітарныя невыгоды», — піша з 15-й магілёўскай калёніі вязень Алег, які абураецца звышжорсткімі прысудамі «наркаманам» і жорсткасьцю абыходжаньня зь імі за кратамі. Алег мяркуе, што да гэтай катэгорыі асуджаных прад’яўляюцца завышаныя патрабаваньні, а супрацоўнікі адміністрацыі ставяцца да іх перадузята.

Пра працу «наркамана» ў калёніі Алег паведамляе:

«Не выконваецца ні тэхнічны, ні санітарны рэглямэнт работ. Эпідэміялягічны і пажарны стан на вытворчай зоне крытычны. У сваю чаргу, начальнік калёніі публічна запэўнівае „наркаманаў“, што пры дадзеных умовах працы душ і спэцвопратка ім не патрэбныя».

Маці іншага вязьня-наркамана Ларыса Жыгар з Горадні ўжо некалькі год вядзе барацьбу за тое, каб сьледчыя, суды і адміністрацыя пэнітэнцыярных устаноў ня ставіліся да асуджаных па «наркатычным» артыкуле перадузята, а бачылі ў іх людзей, якія могуць выправіцца. «Маці 328» — гэтак, паводле нумару «наркатычнага» артыкула, называецца грамадзкая ініцыятыва бацькоў, якую ўзначальвае Ларыса. Паводле Ларысы Жыгар, сытуацыя з правамі вязьняў-наркаманаў у турмах не становіцца лепшай.

Ларыса Жыгар

Ларыса Жыгар

«У красавіку Лукашэнка ж заявіў, што да наркаманаў трэба ставіцца „жэстачайшэ“ — вось сілавікі і стараюцца, ім цяпер усё можна», — мяркуе Ларыса Жыгар.

Чаму наркаманам — ані амністыі, ані УДВ?

У самой Ларысы сын сядзіць у 22-й калёніі, адбыў ужо 4 з 8 год. Спробы абскардзіць прысуд, які сын лічыць несправядлівым, выявіліся марнымі. Ларыса Жыгар спрабуе хоць неяк дапамагчы тым, хто разам з сынам адбывае ў «Воўчых норах» свае велізарныя тэрміны.

«У іх там зашмат бытавых праблем. То не хапае тэлефонных апаратаў званіць дамоў, бо зашмат людзей. То абмежавалі час спатканьняў, бо не хапае на ўсіх пакояў для спатканьняў. Таксама не дазволілі перадаваць у пасылках вітаміны, прыраўняўшы іх да лекаў. Не кажу ўжо пра тое, што амністыі і „датэрміноўкі“ ім ня ўбачыць — бо наркаманы», — кажа Ларыса Жыгар.

На пачатку траўня Ларыса Жыгар разам зь іншымі актывісткамі «Руху маці 328» хадзіла на прыём да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргея Дарошкі і спрабавала дагрукацца са сваімі праблемамі да «спадара начальніка».

Сход руху "Маці 328", жнівень 2015 году

Сход руху "Маці 328", жнівень 2015 году

«Прыкладам, мы пыталіся ў Сяргея Дарошкі, чаму вязьням-наркаманам не даюць замены рэжыму, не вызваляюць умоўна-датэрмінова? Можа, ёсьць адмысловы закон гэтак рабіць? І вось учора мне прыйшоў адказ з Дэпартамэнту, што ў адпаведнасьці з артыкуламі 90 і 91 Крымінальнага кодэксу і 187 Крымінальна-выканаўчага кодэксу гэтыя пытаньні аднесеныя да кампэтэнцыі адміністрацыі папраўчых устаноў, а рашэньні пра амністыю ці УДВ прымае суд. І яшчэ ў адказе з Дэпартамэнту сказана, што ніякіх асаблівасьцяў наконт захадаў адносна злачынцаў-наркаманаў нібыта няма, закон гэтага не прадугледжвае. Але калі не прадугледжвае, дык чаму яны ўсе ўзялі пад казырок пасьля словаў Лукашэнкі і выконваюць гэтак, як ён сказаў — „жэстачайшэ“?»

Зялёныя нашыўкі для наркаманаў

Ці атрымалі актывісты хоць якія абяцаньні, што вязьням-наркаманам палепшаць умовы адбыцьця пакараньня? Паводле Ларысы Жыгар, нешта Сяргей Дарошка сапраўды паабяцаў.

«Прыкладам, усталяваць тэлефонныя апараты там, дзе іх крытычна не хапае, каб усе маглі датэлефанавацца да сваіх родных і блізкіх. Паабяцаў дыстанцыйную адукацыю. Такі экспэрымэнт прайшоў у гомельскай жаночай калёніі, нібыта атрымалася добра, і Дарошка сказаў, што ўвосень пачнуць экспэрымэнт распаўсюджваць. Але толькі адносна гуманітарных дысцыплін — прыкладам, можна будзе навучацца на псыхоляга. Яшчэ паабяцаў стварэньне новых працоўных месцаў, каб вязьні маглі сабраць грошай перад вызваленьнем. Але гэта абяцаньні, а як там будзе... Пакуль практыка такая, што становіцца і горш. Прыкладам, цяпер у некаторых калёніях для вязьняў- наркаманаў увялі абавязковае нашэньне зялёных нашывак — як знака, што асуджаны паводле наркатычнага артыкула. Але хіба гэта законна? Гэта ж як у гета насілі жоўтыя „зоркі Давіда“? Дык цяпер заменім іх на зялёныя?»

Ларыса Жыгар

Ларыса Жыгар

«Рух маці 328», які ўзначальвае Ларыса Жыгар, дагэтуль ня можа зарэгістравацца, і ў такім стаўленьні да іхніх канстытуцыйных правоў актывісткі бачыць дыскрымінацыю. Пасьля таго як і Гарадзенскі суд адмовіў ім у рэгістрацыі, жанчына зьвярнуліся са скаргай у Вярхоўны суд Беларусі. 23 траўня 2016 году ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд скаргі. Рашэньне Ларысе Жыгар яшчэ невядома — папера з суду пакуль не прыйшла. Але актывістка на 90% упэўненая, што зноў адмовяць.

На сайце «Вясны», дзе надрукаваны ліст вязьня магілёўскай калёніі № 15 Алега, пазначана, што сапраўднае імя зьменена. Ігар, бацька вязьня-наркамана з івацэвіцкай калёніі, з гэткіх жа меркаваньняў — «каб не нашкодзіць» — прасіў не называць прозьвішча свайго сына.

Паводле міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, колькасьць наркатычных злачынстваў, якія зробленыя непаўналетнімі, за першыя 4 месяцы 2016 году скарацілася на 42%, а абарот наркатычных сродкаў зьменшыўся на траціну. Праваахоўнікі зьвязваюць гэты посьпех з барацьбой супраць завозу наркотыкаў у Беларусь, а таксама з больш жорсткай практыкай пакараньня за падобныя злачынствы. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзела ў першым чытаньні зьмены ў законы, накіраваныя на ўзмацненьне адказнасьці за наркатычныя злачынствы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» папярэджвае, што «неправавая практыка дыскрымінацыі зьняволеных па прыкмеце зьдзяйсьненьня пэўнай катэгорыі злачынстваў, якая ўкаранілася, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным абавязаньням Беларусі ў галіне правоў чалавека і мае патрэбу ў неадкладным выпраўленьні».

Актывісты «Руху маці 328» прапануюць дзеля супрацьдзеяньня наркатрафіку ўвесьці на расейска-беларускай мяжы памежны кантроль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG