Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьбіраюцца лячыць асуджаных наркаманаў у спэцыялізаваных зонах


Дзьве беларускія папраўчыя ўстановы — № 22 «Воўчыя норы» і № 13 у Глыбокім — ад пачатку году ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім дэкрэтам № 6 аб барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў актыўна перапрафілююцца ў спэцыялізаваныя калёніі па перавыхаваньні нарказалежных асуджаных.

Падчас нядаўняй онлайн-канфэрэнцыі з чытачамі газэты «Беларусь сегодня» кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Сяргей Дарожка запэўніў, што галоўная мэта стварэньня падобных спэцыялізаваных фармаваньняў, якія, дарэчы, ёсьць і ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, — гэта, «акрамя ізаляцыі і выпраўленьня, вылечыць асуджаных», каб яны «і лячыліся, і набывалі рабочыя спэцыяльнасьці, бо турма калісьці заканчваецца, а чалавек павінен жыць далей».

Абедзьве калёніі амаль запоўненыя новым кантынгентам

Супрацоўнікі «Плятформы» ня так даўно наведалі абедзьве ўстановы. Напачатку пра вонкавыя ўражаньні:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Цяпер у „Воўчых норах“ ды ў Глыбокім са старых сядзельцаў засталіся тыя асуджаныя зь іншым артыкулам, якія працуюць на гаспадарчай абслузе, — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Аднак паступова яны будуць замененыя на новых зьняволеных з арт.328. Трэба дадаць, што нарказалежныя насельнікі іншых калёніяў, якія трапілі за краты да дэкрэту № 6, застануцца на старых месцах, але іх перавядуць у створаныя пры іхніх папраўчых калёніях спэцыялізаваныя атрады. Мяркуецца, што ў ПК-22 (для першаходаў) будзе ўтрымлівацца недзе 800 чалавек, у ПК-13 (для асуджаных паўторна) — крыху болей. „Трынаццатка“, якая месьціцца ў кляштары 17 стагодзьдзя і якая ў мінулым была калёніяй асобага рэжыму, па памерах — невялікая ўстанова. Яшчэ тут утрымліваюцца і пажыцьцёвікі. Тут шмат праблемаў, якія мусіць вырашыць адміністрацыя. У першую чаргу ўстанову трэба адаптаваць да жыцьця асуджаных калёніі. Адпачатку тут існавала камэрная сыстэма, тут не было сталоўкі, бо ежу разносілі арыштантам па камэрах. Не было і памяшканьняў сушыць адзеньне. Яго зэкі сушылі і па-ранейшаму сушаць на вяроўках пад стольлю. Добра, што яна высокая. Візуальна ў шмат якіх памяшканьнях, дзе ўтрымліваюцца ЗК, не захоўваецца належны мэтраж. У некаторых нават ёсьць трэці ярус ложкаў, што сьведчыць пра перапоўненасьць гэтай калёніі. Што да ПК-22, то тут зусім іншая сытуацыя. Тут і нармальныя кубрыкі, і сушылкі, і дадатковыя, акрамя сталоўкі, памяшканьні для прыёму ежы, тэрыторыя калёніі дастаткова вялікая».

Паводле маёй суразмоўніцы, сярод асуджаных за наркотыкі дамінуюць дзьве ўзроставыя катэгорыі. Так званыя «старыя» — саракагадовыя, або пакаленьне, якое нарадзілася ў 1970-я. Збольшага гэта гераінавыя наркаманы, якія з пагардай ставяцца да сучасных спайсаў. Другая катэгорыя сядзельцаў — пакаленьне 1990-х, 20-гадовыя, пераважна «спайсавыя» наркаманы. Сёньня іх становіцца ўсё болей і болей. А вось 30-гадовыя ў гэтым турэмным асяродзьдзі сустракаюцца прыкметна радзей.

«Наркаманіі спрыяе дэмаграфічны спад»

Саракагадовыя Андрэй і Ігар сядзелі паводле 328-й неаднойчы. Калі верыць іх словам, то з наркотыкамі, так бы мовіць, «завязалі». Стварэньне спэцыялізаваных калёніяў ды атрадаў успрынялі станоўча. Абодва ўпэўненыя, што такую цяжкую хваробу, як наркаманія, трэба лячыць.

Ігар лічыць, што ў свой час турма ўратавала яму жыцьцё. Хоць магчымасьць набыць наркотыкі была і там.

Андрэй мяркуе, што добрыя спэцыялізаваныя зоны могуць прынесьці грамадзтву большы эфэкт, чым групы ананімных алькаголікаў або наркаманаў.

За чатыры гады за кратамі 31-гадовы палітвязень Ігар Аліневіч пазнаў шмат маладых людзей, асуджаных за наркотыкі. У лістах да маці ён выказвае свае думкі наконт таго, ці мэтазгодна ствараць для гэтых асуджаных спэцыялізаваныя зоны ды атрады. Таксама разважае на тэму, чаму на наркотыкі падсела такая вялікая колькасьць прадстаўнікоў пакаленьня 1990-х.

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

«Цяпер наркаманаў накіроўваюць у спэцыялізаваныя зоны. Выглядае вельмі зухавата. Аднак ня думаю, што гэта неяк паўплывае на сытуацыю з наркотыкамі ў краіне. Паколькі асноўная маса наркаманаў ужо і не разумее, што ім пагражае. Нават ААН прыйшла да высновы, што лепш займацца прафіляктыкай, бо ад барацьбы карысьці няма. Міжнародная наркамафія толькі ўзмацнілася. Я лічу, што нарказалежным трэба даваць, што яны просяць, непасрэдна ў паліклініках. Гэта рэпазыцыянуе вобраз забароненага плоду ў вобраз хворага, што радыкальна зьнізіць прывабнасьць наркажыцьця. Паглядзім, аднак, праз пару гадоў на сытуацыю са статыстыкай...»

Ігар Аліневіч дадае, што «ўласныя назіраньні апошніх гадоў пацьвярджаюць некаторыя відавочнасьці. Напрыклад, характэрны момант для Беларусі: дэмаграфічны спад вядзе да сытуацыі, калі ў сям’і, як правіла, адзінае расьпешчанае дзіця, што, у сваю чаргу, спрыяе наркаманіі і вядзе да сацыяльнай пасіўнасьці на грамадзянскім узроўні».

Палітвязень адзначае, што, вывучаючы пытаньне, наклаў статыстыку беларускай нараджальнасьці на хвалі Мікалая Кандрацьева — вядомага савецкага эканаміста, рэпрэсаванага ў 1937 годзе. Яшчэ ў 1920-я Кандрацьеў апісаў, як зьмяняюцца цыклы ўздымаў і спадаў сучаснай усясьветнай эканомікі на працягу 48–55 гадоў, і адзначыў пры гэтым некалькі эмпірычных заканамернасьцяў у разьвіцьці грамадзтва.

«Атрымалася сумная карціна, — піша Ігар Аліневіч. — Маё пакаленьне бэбі-буму (1983–1989 гг.) дасягнула 25-гадовага піку недзе ў 2010-м. Сымбалічна, што сеў у турму менавіта ў гэтым годзе. Цяпер, у 2015-м, у дарослае жыцьцё прыходзіць так званае дэпрэсіўнае або лічбавае пакаленьне 1990-х, народжанае ў часы дэмаграфічнага спаду. Тыя, каго сёньня ў Беларусі шмат за кратамі. Турма для іх пачынаецца раней за дарослае жыцьцё. У 2018-м чакаецца пачатак 6-й хвалі Кандрацьева, хаця, хутчэй за ўсё, гэты цыкль пачнецца нават на пару гадоў раней, ужо цяпер. Хто будзе яго рухальнай сілай?»

Школьныя заняткі ў СІЗА

Асуджаны на 7 гадоў за «ўжываньне і распаўсюд» Пётар пакуль у СІЗА. Чакае этапу ў «Воўчыя норы». Пятру — 20. Самым першым наркотыкам, які паспытаў яшчэ ў восьмай клясе, быў «вінт». Варылі яго ў хаце. Для гэтага набылі пару блёкаў запалак (такіх, дзе ёсьць чырвоны фосфар), слоічкі сьпірту ды ёду, воцат, сродак прачышчаць каналізацыйныя трубы («Крот» у гранулах), нешта яшчэ ды лекі ад прастуды, якія ўтрымлівалі штосьці кшталту псэўдаэфэдрыну (цяпер такога ў аптэках няма). Шляхам розных маніпуляцыяў зрабілі сумесь, паварылі, а потым дасьведчаны наркаман укалоў гэта прысутным у вену. Эўфарыя ды бадзёрасьць працягвалася некалькі дзён, потым пачалася дэпрэсія. Пётар калоўся недзе тыдзень. Але раптам захварэў на гепатыт, трапіў у шпіталь. Да наркотыкаў не цягнула гады чатыры. Потым усё пачалося зноў. У адной камэры зь Пятром этапу ў калёнію чакаюць яшчэ маладзейшыя наркаманы.

«Сярод тых, хто там чакае этапу на зону, — падлеткі, — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Мы былі ў Віцебскім СІЗА. Там усе, якія з арт. 328, месьцяцца ў асобных камэрах. У камэрах сядзяць школьнікі. Яны працягваюць у СІЗА навучаньне, зь імі праводзяцца заняткі. Усе ня толькі ўжывалі наркату, але і мелі свой бізнэс на гэтым. Хутчэй за ўсё, спайсы. Ад гэтага становіцца проста страшна. На форуме нашага сайту цяпер як ніколі шмат зьявілася бацькоў маладзёнаў, якія атрымалі вялікія, 10-гадовыя тэрміны за наркотыкі. Усё плачуць, абвінавачваюць дзяржаву, школу, каго толькі можна, пытаюцца за што такія тэрміны? А зь іншага боку: што рабіць? Калі б так ня здарылася, нешта б спыніла вашых дзяцей? У любым выпадку, на волі такія гінуць ад сваёй залежнасьці, а турма, як кажуць наркаманы, працягвае жыцьцё...

Вось з намі хлопец працуе. Яго брат — на спайсах. Ён ходзіць пад сябе. Пры гэтым ён у прытомнасьці, усё разумее. Але ходзіць і сьмяецца. Поўная дэградацыя асобы. Бо асоба — гэта і памяць, і крытычнае мысьленьне. А з гэтым у дадзеным выпадку чым далей, тым горш».

«Ды якая там праца?»

Барацьба з наркотыкамі ў беларускіх турмах дагэтуль традыцыйна зводзілася да ізаляцыі нарказалежных людзей ад забароненых рэчываў. Са стварэньнем спэцыялізаваных фармаваньняў ДВП зьвязвае надзеі і на лячэньне, і на псыхалягічную падтрымку, і на працоўную тэрапію ў выглядзе набыцьця патрэбных на волі рабочых прафэсіяў. Якія прафэсіі могуць атрымаць цяпер асуджаныя гэтых дзьвюх калёніяў?

Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што ў Глыбокім вязьні занятыя на мэталаапрацоўцы, кравецтве. Але рэальныя грошы промка атрымлівае ад вытворчасьці эўрападдонаў. Што да «Воўчых нораў», то на момант наведваньня калёніі супрацоўнікамі «Плятформы» былі толькі падрыхтаваныя пляцоўкі будаваць новыя цэхі. Паводле словаў адміністрацыі, гэтыя цэхі мяркуецца пабудаваць цягам году. На сёньняшні дзень рэальнай працы для асуджаных, каб уся калёнія была занятая, — няма.

Былы палітвязень, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч падтрымлівае кантакты з тымі, з кім сядзеў разам у ПК-5 у Івацэвічах. Некаторыя асуджаныя паводле артыкула 328, а іх на той час было да чвэрці насельнікаў, па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў пяцёрцы. Іншыя, хто зусім нядаўна трапіў за краты, цяпер у трынаццатцы. На думку Аўтуховіча, бачыць у турэмнай працы нейкую тэрапію ад наркаманіі прынамсі наіўна.

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

«Ды якая там праца? Наконт лячэньня — дык таксама няма ніякіх умоваў. Там нават простыя хваробы няма як лячыць. А яшчэ й гэта. Не... А адносна працы: прымусовая, калі цябе прымушаюць, як яна вылечыць чалавека? Я размаўляў зь Сяргеем Г. (знаёмы Аўтуховіча, які паўторна трапіў у івацэвіцкую калёнію праз наркотыкі), ён мне тэлефанаваў. І мяне зьдзівіла, што цяпер у калёніі ўжо ўсе ходзяць на працу, амаль усе. Я пытаюся: што вы там робіце ўсе? Я, кажа, на „швейку“ пайшоў. Астатніх заганяюць, яны дрот перабіраюць, медзь. Я чуў, што таксама ў калёніі ў Глыбокім заяжджае самазвал, выгружае цэлую машыну медзі, і зэкі пачынаюць перабіраць. Але хто „блатуе“, яны ня будуць працаваць. Нічога гэтая калёнія не паправіць, не навучыць».

«Мэдыкамэнтознага лячэньня для наркаманаў у калёніях няма»

Як выглядае мэдычная дапамога нарказалежным? Нярэдка ў той жа СІЗА арыштаваныя наркаманы трапляюць у стане «ломкі». .Вядома, што тым жа міліцыянтам здараецца ўжываць фізычную сілу, каб супакоіць чалавека ў неадэкватным стане. Ці здымаецца «ломка» нейкімі мэдычнымі сродкамі?

Паводле кіраўніцы «Плятформы» Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, яны гутарылі на гэтую тэму з супрацоўнікамі Віцебскага СІЗА:.

«Тыя адказалі, што сіламі сваёй часткі дапамагаюць такім арыштантам, калі гэта магчыма. Найчасьцей жа накіроўваюць наркаманаў у „вольныя“ шпіталі — у таксыкалёгію, наркалёгію. Што да мэдыкамэнтознага лячэньня наркаманаў, то яго ў калёніях няма. Хоць асуджаныя паводле 328-й маюць яшчэ дадатковы артыкул 107 (прымусовае лячэньне), аднак усё тое лячэньне зводзіцца да працы з псыхолягам. У той жа ПК-22 ужо абсталяванае памяшканьне для групавых заняткаў. Такое прымусовае лекаваньне, паводле закону, цягнецца ня менш за год. Канчатковы яго тэрмін прызначае лекар, які назірае за асуджаным. Наколькі ўсё гэта эфэктыўна, сказаць цяжка. Асабіста я лічу, што ніякая праца з псыхолягам не дапаможа, калі сам чалавек не захоча вызваліцца ад сваёй залежнасьці».

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч увогуле ня мае адказу на пытаньне, што можа выратаваць наркамана. У любым выпадку — не беларуская турма, хоць на час адседкі яна і пазбаўляе асуджанага ад кантакту з наркотыкамі.

«Ня ведаю, што можа выратаваць іх. Жыцьцё цяпер складанае, можа, ад гэтай безвыходнасьці і ідуць яны па гэтым шляху. У Ваўкавыску шмат людзей, якія сядзяць або сядзелі за гэта. Шмат даводзілася з гэтым сутыкацца. Напрыклад, чалавек, якога ведаў зь дзяцінства, трапіў за краты — наркотыкі. У яго вялікі «стаж» з гэтымі наркотыкамі, і я там у Івацэвічах у яго пытаўся: калі выйдзеш, як будзе далей? Ён адказаў: як прымаў, так і буду прымаць. Хоць ён ужо сядзеў там гады чатыры, нічога не ўжываў і, напэўна, ужо і забыцца мусіў пра атруту...

Я думаю так, што калі цяпер нешта капіруюць з Захаду, то каб гэта дакладна зрабіць, як там, патрэбна шмат грошай. Трэба павучыцца, бо цэлыя інстытуты, мабыць, патрэбна прайсьці, каб усё працавала, як у іх... Памятаю, мяне зьдзівіла, калі я першы раз у Гамбургу быў (дваццаць гадоў таму). Там каля вакзалу парк, і ў ім будынак. У парку было шмат людзей на траве. І мой сябра кажа: тут ім даюць дозы, наркаманам, яны ўколюцца і адпачываюць у парку. Я падумаў: жартуе. Але не, так і было. Яны там усе на ўліку. Патрэбная доза — прыйшлі, атрымалі. Нейкія пігулкі ім выпісваюць. Але хачу сказаць іншае. У нашай дзяржаве робіцца ўсё наадварот».

Швэдзкі пэнітэнцыярый: «Ганаруся тым, што не ўжываў фізычнай сілы супраць асабліва агрэсіўных наркаманаў»

Як і ў Нямеччыне, у Швэцыі наркаманы могуць ужываць наркотыкі, але паводле прызначэньня лекара. Інакш іх чакае крымінальная адказнасьць, магчымае пазбаўленьне волі да трох гадоў. На просьбу «Свабоды ў турмах» пра сваю працу з асуджанымі наркаманамі расказвае супрацоўнік швэдзкай вязьніцы Карлскога Даніэль. Ён адзначае, што ягоны кантынгент, калі падчас суду знаходзіцца не ў СІЗА, а на волі, нярэдка прыбывае ў турму ў стане шалу, прыняўшы перад пасадкай літар гарэлкі або дозу. Нецьвярозага навічка ў такім выпадку наўмысна ізалююць ад іншых зьняволеных, бо ягоны стан можа стварыць вельмі моцную псыхічную нагрузку для тых, хто перажыў падобную сытуацыю, а цяпер у рэмісіі. Даніэль ганарыцца тым, што за ўвесь час сваёй працы яму толькі аднойчы давялося выкарыстаць фізычную сілу. Ён проста заламаў руку чалавеку, які хацеў нешта з сабой зрабіць.

Даніэль: Каб вывесьці гэтага кліента з стану моцнай алькагольнай ці наркатычнай залежнасьці, мы даём яму магчымасьць цягам некаторага часу ўжываць алькаголь ці наркотыкі, каб ён змог паступова выходзіць з гэтага свайго стану. І толькі калі такія людзі «ачысьцяцца» ад атруты, мы прапануем ім 12-крокавую праграму па вызваленьні ад наркотыкаў або праграму «Прайм фор Лайф» па вызваленьні ад алькагалізму.

Мы папярэджваем чалавека пра розныя псыхалягічныя цяжкасьці на гэтым шляху. Нам неабходна, каб чалавек сьвядома пагадзіўся на ўдзел у праграме.

Усё павінна быць добраахвотна, чалавек павінен мець жаданьне ўдзельнічаць у гэтым. Каб працаваць з такімі праграмамі, трэба мець давер адно да аднаго. Ужываньне сілы, гвалту гэтаму не спрыяе. І мы імкнёмся гэтага пазьбягаць«, — кажа супрацоўнік швэдзкай турмы.

З сотняў тысячаў вязьняў турмаў ЗША залежнасьць толькі ад гераіну маюць прыкладна 15%, паведамляецца ў перадачы каналу Discovery «Heroin Withdrawal | First Week In» (Гераінавая абстынэнцыя. Першы тыдзень у турме). На прыкладзе гісторыяў розных арыштантаў-наркаманаў, адзін зь якіх 25-гадовы Крэйг Кнапэр, аўтары паказваюць, наколькі неабходная людзям зь цяжкай залежнасьцю эфэктыўная дэтаксыкацыя або замяняльная тэрапія — тое, што забясьпечваецца далёка не ва ўсіх амэрыканскіх вязьніцах..

Vox populi: «Дапамагчы гэтым людзям немагчыма»

І напрыканцы традыцыйнае апытаньне на магілёўскіх вуліцах: ці могуць турма і жорсткія законы выратаваць наркамана ад наркатычнай залежнасьці?

Бальшыня апытаных наркаманаў не цярпіць. Для многіх наркаманы — гэта людзі, якім амаль немагчыма дапамагчы, а калі такое і магчыма, то павінна быць адпаведнае жаданьне. Некаторыя выказваліся, што павінны быць распрацаваныя рэабілітацыйныя праграмы. Выказваецца думка, што турма не дапамагае наркаману, а толькі абвастрае ягоную залежнасьць. Некаторыя адзначаюць, што ў турме можна стаць наркаманам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG